Больш за паўгода два беларусы хаваюцца на тэрыторыі пасольства Швецыі. Што далей?
Бацька і сын Кузнечыкі, якія хаваюцца на тэрыторыі пасольства Швецыі, паведамілі «Народнай Волі», што ў іх «усё ў парадку».
Яшчэ ў верасні мінулага года, у разгар пратэстаў, 29-гадовы жыхар Віцебска Уладзіслаў Кузнечык разам з 47-гадовым бацькам Віталём выйшаў на мірную акцыю пратэсту, якая праходзіла ў горадзе. Яе ў той дзень разагнаў АМАП, пад дубінкі трапіў Кузнечык-старэйшы, але затым бацьку і сыну ўдалося ўцячы ад сілавікоў.
Потым Уладзіслаў і Віталь некалькі дзён хаваліся ў знаёмых; ім сказалі, што за іх сям’ёй вядзецца назіранне. У выніку віцябляне прынялі рашэнне паехаць у Мінск у пасольства Швецыі, каб папрасіць там прытулку, паколькі «Швецыя — гуманная краіна».
У пасольства іх не пусцілі, аднак мужчыны пераскочылі праз плот і схаваліся ад АМАПа на тэрыторыі пасольства.
У той дзень яны прасядзелі ў двары больш за 10 гадзін. Супрацоўнікі пасольства прынеслі ім ваду і ежу, а таксама дапамаглі звязацца з прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, дзе мужчынам патлумачылі, што на тэрыторыі краіны аніводнае пасольства не можа даць ім палітычны прытулак.
Тым не менш шведскія дыпламаты вырашылі не выганяць Кузнечыкаў, і вось ужо больш за паўгода яны жывуць на тэрыторыі пасольства Швецыі ў Мінску.
«Жывём нармальна, усё неабходнае ёсць, — распавядалі яны журналістам. — Маюцца спальныя месцы, душ, прыбіральня. З тэхнікі — пральная машынка, мікрахвалёвая печка, электрычны чайнік. Ежу нам прыносяць гатовую — застаецца толькі разагрэць. Таксама даюць садавіну і гародніну.
Расклад дня прыкладна наступны. Прачнуліся — зарадка. Пасля — сняданак. Затым чытаем, глядзім незалежныя СМІ, бо ёсць выхад у інтэрнэт. Пасля можам які-небудзь серыял паглядзець. Затым абед. У 17.00 трэніроўка са штангай, турнік, гіры, адцісканні. У 19.00 вячэраем».
У Віцебску ў Кузнечыкаў быў свой
бізнес — некалькі гандлёвых кропак з жаночым адзеннем. Там жа ў
Кузнечыка-малодшага засталася сям’я — жонка і двое маленькіх дзяцей.
«Мы вельмі перажываем за нашых блізкіх», — у адзін голас кажуць бацька і сын.
Цяпер яны адмаўляюцца даваць інтэрв’ю журналістам, але «Народнай Волі» Віталь Кузнечык коратка патлумачыў: «Гаварыць няма пра што, сітуацыя застаецца ранейшай.
Як ужо казалі, усе неабходныя ўмовы для жыцця ёсць, у бытавым плане — ніякіх праблем. З блізкімі пастаянна падтрымліваем кантакт. Напрыклад, Новы год сустракалі з сям’ёй па відэасувязі. У нашым пакоі прысутнічала невялікая елачка і быў звычайны святочны стол.
А зараз ніякіх навін па нашай справе пакуль не маем…»
Што чакае сына і бацьку Кузнечыкаў? Як вядома, у кастрычніку мінулага года Камітэт супраць катаванняў ААН звярнуўся да Швецыі з просьбай забяспечыць недатыкальнасць Кузнечыкаў. Іх адвакат Вадзім Драздоў заявіў TUT.BY, што фактычна гэта азначае забарону на перадачу бацькі і сына ўладам Беларусі, але не абавязвае Швецыю прадастаўляць ім якой-небудзь афіцыйны статус (у тым ліку статус бежанцаў).
Паводле слоў Драздова, далейшы лёс Кузнечыкаў будуць вырашаць шведскія ўлады. Напрыклад, можна дамовіцца з уладамі Беларусі і атрымаць дыпламатычныя гарантыі, каб беларусы мелі магчымасць бесперашкодна пакінуць краіну.
«Мы дзейнічаем так, як таго патрабуе сітуацыя, — пракаментавала гэтую гісторыю міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ. — Беларусы праніклі на тэрыторыю пасольства нелегальна і да гэтага часу знаходзяцца там. Зараз мы вядзём перамовы, каб вырашыць сітуацыю».
«Кузнечыкам не могуць даць у пасольстве прытулак не таму, што не жадаюць стварыць прэцэдэнт, а таму, што не маюць такога права, — распавяла Onliner экспертка ў сферы міжнароднага права Кацярына Дэйкала. — Для гэтага мужчынам трэба выехаць у Швецыю ці любую іншую краіну Еўрасаюза.
Пры гэтым Швецыя як удзельніца Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека не можа выдаць людзей краіне, у якой ім пагражаюць катаванні ці жорсткае абыходжанне. Для таго, каб забяспечыць ім абарону, адвакат Кузнечыкаў звярнуўся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Суд адмовіў, зараз пададзена скарга ў Камітэт супраць катаванняў ААН. Гэта вельмі доўгі працэс, але Камітэт сказаў Швецыі на гэты час забяспечыць бяспеку людзей, бо разумее, што адбываецца ў Беларусі ў цэлым.
…Яны могуць знаходзіцца на тэрыторыі пасольства колькі заўгодна. Пакуль адзіны варыянт для мужчын пакінуць Беларусь — гэта вываз на дыпламатычным транспарце Швецыі з краіны з абавязковай згоды МЗС Беларусі. Але не думаю, што такую згоду яны атрымаюць.
Акрамя таго, усе памятаюць гісторыю пасла Украіны, аўтамабіль якога спынілі на беларускай мяжы, заяўляючы, што праводзяць не "дагляд", а "агляд". Ніякіх гарантый няма».