Эксперты ААН: Беларусь павінна пакласці канец практыцы жорсткасці і беспакаранасці праваахоўных органаў
Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі Беларусь пакласці канец практыцы празмернага прымянення сілы, арыштаў, адвольных затрыманняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і ажыццяўлення рэпрэсій, накіраваных супраць журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі.
Як паведамляецца, падчас мірных пратэстаў, прымеркаваных да Дня Волі 25 сакавіка 2021 года, былі затрыманыя 176 чалавек, а праз два дні — 247 чалавек, у ліку якіх аказалася сямёра журналістаў.
Напярэдадні Дня Волі Следчы камітэт Беларусі, дзяржаўны наглядны орган, папярэдзіў тых, хто планаваў удзельнічаць у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» пра пагрозу крымінальнай адказнасці.
«Мы ўстрывожаныя шматлікімі, магчыма, адвольнымі арыштамі і затрыманнямі, якія мелі месца на мінулым тыдні і сведчаць аб практыцы жорсткасці праваахоўных органаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных акцый. Мы занепакоеныя тым, што сілавыя службы ўсё яшчэ не прыцягнутыя да адказнасці за празмернае прымяненне сілы як у перадвыбарчы перыяд, так і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 г.
Мы надзвычай занепакоеныя тым, што, замест таго, каб прыцягнуць вінаватых у злачынствах да адказнасці, улады спрабуюць здушыць усе формы нязгоды, выкарыстоўваючы неапраўданую жорсткасць, запалохванне і ўсё часцей высоўваючы крымінальныя абвінавачанні супраць тых, хто рэалізуе свае асноўныя правы або абараняе ахвяр парушэнняў правоў чалавека!» — сказалі эксперты.
Паводле паведамленняў, у 2020 г. многія журналісты і праваабаронцы падвяргаліся пераследам і затрыманням пры ажыццяўленні імі назірання за ходам мірных сходаў, на падставе нібыта «ўдзелу ў арганізацыі або фінансаванні несанкцыянаваных мерапрыемстваў», проста за ажыццяўленне імі законных службовых абавязкаў. Падобная крыміналізацыя — трывожная тэндэнцыя, якая павінна неадкладна спыніцца.
Эксперты падкрэслілі, што «забарона катаванняў і іншых жорсткіх бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання не абмяжоўваецца дзеяннямі, накіраванымі супраць асоб, пазбаўленых волі, але адносіцца таксама да выпадкаў празмернага гвалту з боку органаў аховы правапарадку, напрыклад, падчас правядзення затрыманняў або аховы мірных сходаў».
У справаздачах указваецца, што Следчы камітэт вызначыў прымяненне гвалту і абсталявання для разгону дэманстрацый супрацоўнікамі праваахоўных органаў як апраўданае і суразмернае і супраць сілавых структур у судах не было ўзбуджана аніводнай крымінальнай справы ў сувязі з паведамленнямі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, учыненых у мінулым годзе.
«Забеспячэнне інстытуцыйнай і асабістай адказнасці за парушэнні правоў чалавека з'яўляецца абавязкам дзяржавы ў рамках міжнароднага права. Невыкананне гэтага абавязацельства не толькі спрыяе захаванню пануючай атмасферы беспакаранасці, але параўнальнае з саўдзелам у сур'ёзных злачынствах.
Мы выказалі сваю заклапочанасць наўпрост ураду і падкрэслілі неабходнасць правядзення аператыўнага, эфектыўнага, дакладнага і непрадузятага расследавання з мэтай прыцягнення да адказнасці вінаватых у выпадках адвольных затрыманняў, катаванняў і жорсткага абыходжання», — заявілі эксперты.
Эксперты ААН:
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Нільс Мельцэр;
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн;
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднага выказвання Ірэн Хан;
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Клеман Вуль;
Незалежны эксперт па пытанні аб абароне ад гвалту і дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці Віктар Мадрыгал-Борлас;
Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях: Лейх Тумі, Эліна Штайнэрт, Мірыям Экстрада-Касцільа, Мумба Маліла, Сёнг-Філ Хонг.