Рэкордны штраф у 180 базавых і ноч на Акрэсціна. Ва ўсім вінаваты коцік!

Камеры нібыта не працавалі, таму не маглі зафіксаваць, як Вера не падпарадкоўвалася сілавікам. «Каб аплаціць штраф на больш чым 5000 рублёў пры маім заробку, мне трэба працаваць больш за паўгода, пра што я паведаміла суддзі. Яе гэта не спыніла. У мяне быў шок!» — распавядае жанчына «Белсату».

Жыхарка «Лебядзінага» Вера разам з дачкой Васілінкай. Фота: «Белсат»

Жыхарка «Лебядзінага» Вера разам з дачкой Васілінкай. Фота: «Белсат»

Мікрараён «Лебядзіны» вядомы тым, што яго жыхары ледзь не штодня дэманструюць сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне. Таму візіт сілавікоў 10 сакавіка больш нагадваў карную аперацыю.

Жыхарка «Лебядзінага» Вера была сярод затрыманых увечары 10 сакавіка. І хаця новы Адміністрацыйны кодэкс забараняе трымаць жанчын, якія выхоўваюць непаўналетніх дзетак, больш за тры гадзіны, ноч Вера правяла на Акрэсціна, адкуль выйшла з рэкордным штрафам: 180 базавых велічынь, што складае больш за 5200 беларускіх рублёў.

Вера ішла набываць корм для коціка. Без сцягоў і сімволікі. Проста прагульвалася па сваіх справах.

«Калі праходзіла праз плошчу, насупраць "Віталюра", да мяне падышлі і паведамілі, што я затрыманая. Гэта былі асобы ў цывільным, яны адмовіліся назвацца. Нас запакавалі ў бус, завезлі ў Цэнтральны РУУС. Нам прыпісвалі крыкі "Жыве Беларусь!", сцягі… Але гэтага не было! Мяне прызналі вінаватай і ў супраціве! Напісалі пратакол на 6 старонак!»

Супрацоўнікі спраўджвалі ўзрост дзіцяці. Вера сказала, што яе дачцэ 3,5 гады. Паводле новых правілаў Адміністратыўнага кодэкса, яе не мелі права затрымліваць больш як на 3 гадзіны, але ўсё адно адправілі на Акрэсціна. Для маленькай дачкі Васілінкі раптоўная адсутнасць мамы сталася такім стрэсам, што ў дзіцяці здарылася істэрыка. 

Жыхарка «Лебядзінага» Вера. Фота: «Белсат»

Жыхарка «Лебядзінага» Вера. Фота: «Белсат»

«Да самай смерці буду памятаць, як каля камеры нас прымусілі разуцца — і далі скураныя дубовыя тапкі. У мяне шалёна мерзлі ногі — і ўначы дзяўчынка, сукамерніца, нацягвала мне сваю шапку на ногі, каб я крышку сагрэлася…» — успамінае Вера.

На Веру склалі два пратаколы. Адзін з іх — за несанкцыянаванае мерапрыемства, а другі — за непадпарадкаванне каля РУУСа, дзе аказалася выпадкова. Камеры нібыта не працавалі, таму не маглі зафіксаваць, як Вера не падпарадкоўвалася.

«Каб аплаціць штраф на больш чым 5000 рублёў пры маім заробку, мне трэба працаваць больш за паўгода, пра што я паведаміла суддзі. Яе гэта не спыніла. У мяне быў шок!» — кажа гераіня. 

Жыхарка «Лебядзінага» Вера разам з катом Барсікам. Фота: «Белсат»

Жыхарка «Лебядзінага» Вера разам з катом Барсікам. Фота: «Белсат»

Гераіня лічыць, што гэта была акцыя помсты і запалохвання тых, хто актыўнічае. Вера разважае над сітуацыяй, у якой аказалася: «Апошнім часам аніякіх жаданняў у мяне няма. Не ўяўляю, як можна есці святочны аліўе, калі Лосік галадае. Калі ўжо скончыцца гэты страшны сон… Парадаксальна, але пасля затрымання, суда, Акрэсціна, пасля такога вялізнага штрафу чамусьці няма страху, а з’явілася адчуванне, нібыта цябе яшчэ больш раззлавалі! Яны думалі, застрашаць, а атрымліваецца наадварот. Ужо надакучыла баяцца!»