Пракурор просіць 3 гады калоніі для брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава
Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава абвінавачваюць у грубым парушэнні парадку і абразе прадстаўніка ўлады, а Пятрухіна, да таго ж, — у абразе суддзі.
У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва дзяржабвінаваўца просіць 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для блогераў з Брэста Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Пра гэта «Медиазоне» паведаміла адвакат Пятрухіна Ірына Точкар.
Абодвух брэстаўчан абвінавачваюць у грубым парушэнні парадку (арт. 342 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), а Пятрухіна таксама — у абразе суддзі (арт. 391 КК).
Паводле версіі следства, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін атрымлівалі грошы ад Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся ў змове з ім. У абвінавачанні ўказана, што абвінавачаныя «стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджвання інфармацыі, якая ўтрымлівала ілжывую ацэнку нелегітымнасці прадстаўнікоў улады».
Паводле версіі абвінавачвання, брэстаўчане стварылі ютуб- і тэлеграм-каналы, у тым ліку каналы «Краіна для жыцця» і «Народны рэпарцёр». У іх блогеры публікавалі матэрыялы, якія змяшчаюць заклікі груба парушаць грамадскі парадак.
Акрамя гэтага, блогерам інкрымінуюць абразу супрацоўніка магілёўскага АМАПа Віталя Аўтушэнкі «з мэтай прыніжэння гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Паводле версіі следства, з 6 да 8 траўня Пятрухін і Кабанаў апублікавалі на старонцы Youtube-канала «Народны рэпарцёр» фота Аўтушэнкі, дадаўшы да яго тэкст, «які змяшчае публічную абразу ў непрыстойнай, грубай, вульгарнай, зняважлівай форме».
Трэці эпізод, па якім абвінавачваюць толькі Сяргея Пятрухіна, звязаны з падзеямі 2018 года. Як сцвярджае абвінавачванне, у адзін з дзён з 13 па 19 чэрвеня таго года блогер апублікаваў на старонцы «ВКонтакте» відэа «Судны дзень, або "бенефіс" Лешчанкі». У каментары да запісу ўтрымлівалася абраза суддзі.
Суд над блогерамі пачаўся ў Магілёве 11 лютага. Тады іх выдалілі з працэсу, справа разглядаецца без іх прысутнасці. 11 сакавіка стала вядома, што Сяргея Пятрухіна змясцілі ў карцар пасля таго, як ён парэзаў сабе вены.