Пудзіла палічылі падобным да беларускага кіраўніка і пакаралі яго «аўтараў»

Суд прызначыў менавіта такое пакаранне, якое і прасіла дзяржабвінавачанне.

klyshpach_1.jpg

Суд Маскоўскага раёна Брэста 1 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе за вывешванне у абласным цэнтры пудзіла (ч. 2 арт. 339 КК — «Хуліганства, здзейсненае групай асоб»).

Абвінавачваліся жыхары Брэста Андрэй Колас і палітычна зняволеныя Вольга Завадская ды Юлія Бодак.

Вольгу Завадскую затрымалі 17 студзеня, а Юлію Бодак — 18 лютага. Ад моманту затрымання да суда ўсе трое знаходзіліся пад хатнім арыштам.

Справу разглядала суддзя Іна Клышпач.

Паводле версіі следства, 23 кастрычніка мінулага года вырабілі са смеццевых пакетаў, пластыкавых бутэлек і рэштак сухой расліннасці пудзіла і прывезлі да месца «імправізаванага пакарання» на Варшаўскай шашы дзве дамы — 35-гадовая Юлія і 32-гадовая Вольга. А падняццем яго на «лобнае месца» займаўся 37-гадовы Андрэй, разам з «неўстаноўленай асобай», з якой той пазнаёміўся ў адным з чатаў.

«У мэтах рэалізацыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, выказваючы незадаволенасць дзеяннямі праваахоўных органаў, груба парушаючы грамадскі парадак, выказваючы сваю непавагу да грамадства, з хуліганскіх меркаванняў ... учынілі дзеянні, якія адрозніваюцца выключным цынізмам», — гаворыцца ў афіцыйным абвінавачанні, якое зачытала пракурор.

За пудзіла беларускага кіраўніка пракурор запрасіў абмежаванне волі для траіх брэстаўчан

На судовым працэсе пракурор запрасіў для Вольгі Завадскай і Юліі Бодак тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу — «хатняя хімія», а для Андрэя Коласа — тры гады пазбаўлення волі з накіраваннем.

Суддзя Іна Клышпач сёння абвясціла прысуд па справе.

Усе трое абвінавачаных прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 339 КК РБ «Злоснае хуліганства».

Вользе Завадскай і Юліі Бодак прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову). Трэцяму абвінавачанаму, Андрэю Коласу, суддзя прызначыла тры гады «хіміі» (абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову закрытага тыпу).

Менавіта такое пакаранне і запытвала дзяржабвінавачанне.

spring96.org