Ад абароны Леаніда Судаленкі адмовілася адвакатка
Следства па справе супраць Леаніда Судаленкі працягнулі да 18 траўня, пра што праваабаронца паведаміў у адным з лістоў на волю. А яго першая адвакатка адмовілася ад працы з ім, не патлумачыўшы прычын, паведамляе «Свабода».

Следства ў крымінальнай справе кіраўніка гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Леаніда Судаленкі падоўжылі да 18 траўня, паведаміла «Вясна» са спасылкай на ліст палітвязня.
Яго вінавацяць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці».
Судаленка застаецца пад вартай у гомельскім СІЗА № 3. Ён двойчы абскарджваў меру стрымання, аднак яму адмовілі — на падставе таго, што праваабаронца нібыта можа ўцячы ці перашкодзіць следству.
Таксама ў Судаленкі змяніўся абаронца: першая адвакатка адмовілася далей займацца яго справай без тлумачэння прычын.
У лісце праваабаронца павіншаваў беларусаў з Днём Волі. Ён напісаў, што атрымлівае шмат лістоў і ўсё гэта для яго «мае асаблівы сэнс і значэнне».
Судаленку затрымалі 18 студзеня па дарозе ў офіс. Яго адвезлі на допыт у Следчы камітэт, куды яго адвакат змог трапіць толькі бліжэй да вечара.
За два тыдні да затрымання ў Грамадска-палітычным цэнтры на Палескай, 52, дзе месціцца і офіс «Гомельскай вясны», прайшоў ператрус, падчас якога забралі дакументы, што тычацца дзейнасці праваабаронцы: пастановы судоў, абскарджванні і іншае.
Справу Судаленкі перадалі з абласнога Следчага камітэта ў Цэнтральны апарат СК у Мінску.