Леў Львоўскі: ПВТ скукожыцца, але не знікне зусім
Леў Львоўскі лічыць, што новы законапраект для IT — мера запозненая і бессэнсоўная, карысці яна не прынясе.
Новы законапраект, разасланы адміністрацыяй Парку высокіх тэхналогій рэзідэнтам, прадугледжвае зніжэнне падаходнага падатку да 9%, дазвол выкарыстоўваць крыпту, мараторый на ўсе праверкі і крымінальныя справы ў ІТ па эканоміцы, піша выданне «Белорусы и Рынок».
А яшчэ: адтэрміноўку ад прызыву і дазвол на дыстанцыйную працу ў іншых краінах.
— Гэта мера запозненая і даволі бескарысная, — лічыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі. — Па-першае, ніхто ўжо не давярае абяцанням дзяржавы, бо пасля крызісу 2020 года быў скасаваны дэкрэт аб ПВТ, у якім былі прапісаныя стабільныя ўмовы і іх нязменнасць на дзесяцігоддзе наперад.
Другая праблема — у тым, што IT цяпер сыходзіць з Беларусі па зусім іншых прычынах. Галоўная — таксічнасць Беларусі з усіх пазіцый.
У некаторых кампаній заказчыкі не хочуць аплачваць паслугі людзей, якія працуюць з Беларусі. Некаторыя кампаніі прыцягваюць замежны капітал, інвестары могуць не хацець інвеставаць у беларускую юрысдыкцыю.
Партнёры кампаній могуць не хацець прадаваць у Беларусь праграмы або абсталяванне альбо гэта можа быць наўпрост забаронена, або трапіць пад санкцыі ў бліжэйшы час.
Гэта адна група прычын — таксічнасць плюс санкцыі.
Другая група прычын — гэта чыста тэхнічнае пытанне, як пераводзіць частку сваёй выручкі ў Беларусь для таго, каб выплачваць зарплаты. З-за фінансавых санкцый вашы працаўнікі могуць застацца без заробку.
Зразумела, што можна прыдумаць, як іх абысці, але прама зараз ёсць рызыкі, што вы не зможаце выплаціць зарплату або зрабіць гэта своечасова, пакуль будзеце шукаць новыя шляхі для пераводу грошай у Беларусь.
Плюс да гэтага — бяспека супрацоўнікаў. З-за вайны ўзмацніліся і цэнзура, і рэпрэсіі.
Цяпер у Беларусі арыштоўваюць людзей за тое, што яны выступаюць супраць вайны. Ключавы супрацоўнік IT-кампаніі таксама можа выказаць такое меркаванне і аказацца ў СІЗА, а не на перамовах з кліентам.
Акрамя таго, многія кампаніі, якія маюць офісы ў Беларусі і ва Украіне, падтрымліваюць Украіну альбо заявамі, альбо грашыма, альбо іншым чынам дапамагаюць. Гэта падвяргае небяспецы супрацоўнікаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, паколькі з пункту гледжання ўладаў кампанія можа лічыцца нядобранадзейнай.
Новыя заявы ад адміністрацыі ПВТ ніяк не адрасуюць усе гэтыя праблемы. Хіба што вырашаюць праблему пераводу грошай праз выкарыстанне крыпты.
Фінансавая сістэма цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане. Айцішнікі — гэта тыя людзі, якія часта карыстаюцца міжнароднымі пераводамі, захоўваюць значныя сумы грошай у доларах. Таму, калі будзе прымусовая канвертацыя ўкладаў, гэта будзе менавіта тая катэгорыя, якая першай патрапіць пад раздачу. У гэтым прычыны цяперашняй масавай рэлакацыі.
Бліжэйшая будучыня ПВТ будзе вельмі моцна залежаць ад палітычных заяў і дзеянняў беларускіх уладаў, лічыць эксперт.
— Афіцыйная пазіцыя Беларусі супраць вайны, выправаджэнне расійскіх вайскоўцаў — гэтая мера дапамагла б у тым ліку і ПВТ. Калі б Беларусь афіцыйна стала нейтральным бокам або падтрымала Украіну.
Калі такое здарыцца, у ПВТ ёсць будучыня. Калі зыходзіць з бягучай сітуацыі, ПВТ будзе скукожвацца, але не знікне зусім.