ІТ-сфера ў Беларусі: Уверх па лесвіцы, якая вядзе ўніз

У Гданьску ёсць раён «Алівія», а ў тым раёне ёсць велічэзны бізнес-цэнтр: некалькі шкляных шматпавярховых офісных будынкаў. І на двух з гэтых будынкаў вісіць знаёмая беларусам шыльда з чатырох літар — «ЕРАМ». Раней такія былі на офісных будынках у Мінску, але цяпер іх там няма.

20210223162809_1715.jpg

Беларускія праграмісты надзейна ўладкаваліся ў Польшчы, а Лукашэнка надоечы ўсё ж радаваўся, што ў нас ёсць Парк высокіх тэхналогій. Ён нават пахваліў яго за паказчыкі. Але падаецца, што ён хваліў ПВТ прыкладна так, як у свой час хваліў «Гомсельмаш». Калі ў 2020-м ён казаў «Гомсельмашу» «малайцы» за зніжэнне складскіх запасаў і павелічэнне экспарту, чыстыя страты прадпрыемства па выніках таго года склалі больш за 400 млн рублёў, павялічыўшыся ў 10 разоў у параўнанні з 2019-м.

Гэта шмат ці мала?

Вось і цяпер, на нарадзе па пытаннях працы ПВТ, Лукашэнка заявіў: «За тры кварталы — 9 месяцаў гэтага года — экспарт парку наблізіўся да $2 млрд. Я гэтага не чакаў. Я думаў, вы там ужо разбегліся па закутках планеты. Трохі гэта менш, чым у мінулым годзе. Але, тым не менш, гэта высокі ўзровень. Але гэта тры кварталы. Год — чатыры кварталы. Паглядзім, як вы спрацуеце…».

Усе каментатары ў асноўным ухапіліся за лічбу $2 млрд. А мы адзначым, што экспарт парку не «дасягнуў» гэтай сумы, а, са слоў Лукашэнкі, усяго толькі «наблізіўся» да яе. І ў сувязі з гэтым, вядома, паўстае пытанне, наколькі іменна ён «наблізіўся». Але факт у тым, што да $2 млрд ён не дацягвае.

І гэта стандартная сітуацыя, якую можна ахарактарызаваць назвай рамана Бэл Каўфман «Уверх па лесвіцы, якая вядзе ўніз» або модным сёння выразам «адмоўны рост». Справа ў тым, што ў папярэднія гады ІТ-сфера была адным з драйвераў беларускай эканомікі. Агульны даход ад вытворчасці і продажаў IT-сектара ў 2018 годзе склаў $3,1 млрд. На долю IT у тым годзе прыпадала 5,7% ВУП краіны, што было супастаўна з будаўніцтвам (5,4%) альбо транспартам (5,8%).

У 2019 годзе Беларусь заняла 55 месца са 100 краін у рэйтынгу стартап-экасістэм StartupBlink. Тут нарадзіліся такія брэнды, як Maps.me, Viber, MSQRD, Flo, PandaDoc, Kino-mo. Экспарт камп'ютарных і інфармацыйных паслуг склаў тыя ж $2 млрд. У 2019-м IT-сектар забяспечыў амаль палову прыросту ВУП.

У 2020 годзе экспарт беларускіх IT-кампаній склаў ужо $2,7 млрд — больш за 20% ад усяго экспарту паслуг Беларусі, лепшы паказчык сярод краін СНД.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў многія кампаніі, патрапіўшы пад рэпрэсіі, задумаліся аб рэлакацыі супрацоўнікаў і бізнесаў. Але гэты адток не быў настолькі масавым, як цяпер. Паводле розных звестак, тады краіну пакінула ад 10 да 20 тысяч спецыялістаў. І такі «нязначны» адток дазволіў ІТ-сектару зарабіць за 2021 год $3,2 млрд, забяспечыўшы 7,5% ВУП краіны.

У свой час міністр эканомікі Дзмітрый Круты марыў, што да 2022 года доля інфармацыйных тэхналогій у ВУП павялічыцца да 10%, экспарт дасягне $3,5 млрд, а чыстае сальда — $3 млрд.

Такім чынам, «наблізіўшыся да $2 млрд за 9 месяцаў», ІТ-сектар не вырас, а ўпаў. Прычым упаў даволі істотна.

«Не разбегліся па закутках планеты»

Хваля рэлакацыі беларускіх ІТ-спецыялістаў пасля выбараў і наступных за імі рэпрэсій не засталася незаўважанай нашымі суседзямі. Практычна ўсе краіны вырашылі «падмітусіцца» і стварыць умовы для працы беларускіх праграмістаў. Палегчылі пытанні працаўладкавання Літва і Украіна, свае ПВТ стварылі Казахстан і нават Узбекістан, а далей за ўсіх пайшла Польшча, адкрыўшы спецыяльную візавую праграму — «Poland Business Harbour».


Але больш за ўсё сітуацыю ў ІТ падкасілі не рэпрэсіі, а тое, што Лукашэнка падаў Расіі тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну, стаўшы такім чынам саўдзельнікам вайны. Адпаведна, Беларусь зазнала санкцыі, якія моцна ўдарылі па ІТ-сектары.

ІТ-сектар Беларусі разлічаны на экспарт паслуг — і гэта не проста так. Беларускі рынак занадта малы для развіцця сектара, таму большасць маладых праектаў першапачаткова былі нацэлены канкурыраваць на міжнароднай арэне. А вайна і санкцыі, якія рушылі за ёй, у прыватнасці, адключэнне Беларусі ад многіх плацежных сістэм, зрабілі немагчымымі прадастаўленне паслуг замежным партнёрам, атрыманне прыбытку, выплату заробку і гэтак далей.

Стала прасцей з’ехаць, чым шукаць «абходныя шляхі» атрымання грошай. У выніку з Беларусі сышлі і тыя, хто сыходзіць не збіраўся нават пасля хвалі рэпрэсій.

fotolia_140897157_subscription_monthly_mjpg.jpg

З'ехаў першы стартап з беларускімі каранямі, ацэнены ў мільярд долараў — «PandaDoc», у мінскім офісе якога працавала больш за 200 чалавек. «Wargaming» заявіў аб сыходзе з беларускага рынку і перадаў кіраванне расійскай «Lesta Studio» (у 2020 годзе ў кампаніі ў Беларусі працавала 2,4 тысячы супрацоўнікаў).

Кампанія «Flo», якая стварыла папулярны мабільны дадатак пра жаночае здароўе, з'ехала ў Літву (у мінскім офісе «Flo» працавала больш за 200 чалавек, у 2021 годзе стартап ацанілі ў 800 мільёнаў долараў).

«OneSoil», якая дапамагала фермерам па ўсім свеце аптымізаваць працу, рэлакавала супрацоўнікаў у іншыя краіны і пачала ліквідацыю юрыдычнай асобы ў Беларусі. Распрацоўшчык мабільных гульняў «Playtika» стаў перавозіць людзей у Варшаву яшчэ ў канцы 2020 — пачатку 2021-га. З Беларусі з’ехала і частка супрацоўнікаў «EPAM», а нядаўна стала вядома, што «EPAM» прадае расійскі бізнес.

Варта адзначыць, што ўсё гэта — буйныя кампаніі, некаторыя з якіх маюць статус «аднарога» (капіталізацыя звыш мільярда долараў).

Па даных devby.іо, за 2019-2021 гады з ПВТ выключылі больш за 80 ІТ-кампаній. З іх 42 (больш за палову) сышлі з парку толькі за студзень–ліпень 2021 года. Шэраг кампаній, у тым ліку «Fibery», «Rocketbody», «DeepDee», пераехалі і змянілі юрысдыкцыю. Частка сышла, бо «не пайшоў бізнес». А некаторыя выключэнні, як T*T.BY, былі абумоўлены чыстай палітыкай.

І ўцёкі з беларускага ІТ працягваюцца. Роўна ў той момант, калі Лукашэнка праводзіў нараду па ПВТ, стала вядома, што ПВТ пакідае «СмартСатуЛаб» — адзіны рэзідэнт Парку з казахстанскім капіталам. «Smart Satu» — адзін з самых буйных і паспяховых стартапаў Казахстана, яго ацэнка — $40 млн.

Чалавечы патэнцыял

«Вельмі многія вярнуліся назад. Паспрабавалі замежжа на зуб і зразумелі, што ў краіне, дзе нарадзіўся, там ты павінен і спатрэбіцца. Гэта добрыя тэндэнцыі», — сказаў Лукашэнка на нарадзе.

І зноў — альбо Лукашэнку хтосьці падмануў, альбо ён выдае жаданае за сапраўднае. Статыстыка сведчыць пра адваротнае.

Паводле звестак тэлеграм-канала «Нашы грошы», за 9 месяцаў гэтага года беларускі ІТ незваротна пакінулі больш за 13 тысяч чалавек. Зразумела, яны пераехалі ў іншыя краіны. Паводле інфармацыі бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, Польшча ў рамках вышэйзгаданай праграмы «РВН» выдала 53 тысячы віз, больш за 10 тысяч з якіх былі выдадзены за апошнія тры месяцы.


Гэта не значыць, што 10 тысяч айцішнікаў з'ехалі ў Польшчу за тры месяцы менавіта з Беларусі, паколькі тыя візы актыўна атрымліваюць людзі ў іншых краінах — Грузіі, Украіне, Казахстане. Але статыстыка ўсё роўна ўражвае.

Паводле сакавіцкага апытання Devby.іо, аб пераездзе або намеры рэлакавацца паведамілі 55% ІТ-спецыялістаў: 27% сказалі, што ўжо з'ехалі, а 28% — плануюць. Столькі ж не вызначыліся, і толькі 15% не збіраліся нікуды пераязджаць.

І зразумела, чаму для Лукашэнкі гэтыя лічбы вельмі трывожныя, чаму ён хоча ўлагодзіць айцішнікаў і вярнуць іх назад, ці хаця б стварыць бачнасць такога вяртання. Даследаванне Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту (ІПМ) у 2019 годзе паказала, што адзін работнік з IT-сферы плаціць падаткаў у 5 разоў больш, чым «сярэдні» беларус.

І гэта было яшчэ тады, калі не былі скасаваны льготы для айцішнікаў і яны плацілі 9% падаткаў замест 13%, як цяпер.

Чым заняцца ІТ-шніку ў Беларусі?

«Трэба ўсё ж такі гэты парк паварочваць, каб ён працаваў перш за ўсё на краіну, і працаваў эфектыўна», — заявіў Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер на кожным прадпрыемстве ёсць свой парк высокіх тэхналогій. «Пачынаючы ад Акадэміі навук і заканчваючы МАЗам, БелАЗам і іншымі прадпрыемствамі. Я спачатку таксама не паверыў, што на кожным прадпрыемстве ў нас ёсць вельмі моцныя айцішнікі, якія не проста на заакіянскага дзядзьку працуюць, а ствараюць канчатковы прадукт. І мы праверылі, да прыкладу, БелАЗ — а там цэлы корпус чатырох- або пяціпавярховы, сядзяць хлопцы, якія працуюць на БелАЗ, праграмнае забеспячэнне ствараюць і гатовы прадукт», — сказаў ён.

scale_1200_66.webp

Я, вядома, не ў курсе, што ствараюць хлопцы на БелАЗе ў пяціпавярховым корпусе. Але, як ужо было сказана, рынак ІТ унутры Беларусі вельмі невялікі: менавіта таму нашы кампаніі і стартапы ад пачатку былі павернуты ў «экспартны» бок і арыентаваны на высокую канкурэнцыю.

Да таго ж рынак ІТ — высока глабалізаваны. Наўрад ці ён можа існаваць на лакальным узроўні 9-мільённай краіны. Гэта кітайцам добра з іх мільярдам насельніцтва. А ўвесь астатні свет працуе якраз на «інтэрнацыяналізацыі» ІТ.

У сувязі з гэтым можна ўспомніць спробу стварэння «айчыннага» мабільнага тэлефона. У дзяржавы з гэтым нічога не атрымалася — затое ў энтузіястаў атрымалася стварыць зусім нядрэнны смартфон пад маркай «FlyCat». Сядзелі людзі, пісалі прашыўкі пад смартфоны, а потым камусьці ў галаву прыйшла ідэя рабіць не прашыўкі для смартфонаў, а смартфоны пад прашыўку. Нанялі інжынераў і атрымалі нядрэнны мабільнік.

Вось толькі зборка прылад і кантроль якасці ўсё роўна праходзілі ў Кітаі.

Акрамя «вузкага рынку» для развароту ІТ ёсць яшчэ адна, вельмі звыклая праблема: ІТ-сфера — рэч нятанная, інакш праграмісты не зараблялі б столькі, колькі яны зарабляюць. І наўрад ці беларускае дзяржаўнае прадпрыемства можа плаціць ІТ-спецыялісту столькі ж, колькі замежныя заказчыкі. Проста і банальна — няма грошай. А сядзець на «вышэй за сярэднюю» зарплату ў 1600 рублёў у той час, калі можна зарабляць 1600 долараў… Няма дурных, праўда?

«Павярнуць ПВТ у бок Беларусі» — ідэя выдатная. Але наўрад ці выканальная, бо ў нас няма ані рынку адпаведнага аб'ёму, ані адпаведных сродкаў. Таму ІТ проста асуджана быць упісанай у сусветную сістэму эканомікі.

Але праблема ў тым, што Лукашэнка адтуль «выпісаў» усю краіну. І таму развіццё ІТ-сектара ў Беларусі — пад вялікім пытаннем.

Пакуль, на інерцыі, сектар ІТ усё яшчэ прырастае на 1,4% па выніках 10 месяцаў гэтага года. Але ў будучым годзе інерцыйны рост скончыцца. І з драйвера беларускай эканомікі ІТ ператворыцца ў такі ж шараговы сегмент эканомікі, як прамысловасць і сельская гаспадарка. А шкада.