З IT-краіны Беларусь ператвараецца ў IT-зону

Беларуская IT-індустрыя сціскаецца ў памерах. Працэс рэлакацыі адмыслоўцаў, распачаты яшчэ пасля падзеяў 2020 года, прыкметна паскорыўся з пачаткам расійска-ўкраінскай вайны. Уцёкі IT-спецыялістаў абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні, кар'ера Усевалада Янчэўскага хіліцца да заканчэння. І ніякія падатковыя льготы ПВТ ужо не выратуюць, піша калумніст Reform.news Ігар Лянкевіч.

_minsk___tuman___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

Доўгі час ПВТ быў візітнай карткай Беларусі. «У апошнія некалькі гадоў за Беларуссю ў Еўропе і свеце трывала замацавалася рэпутацыя вядучай IT-краіны ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Згодна з рэйтынгам Global Services 100, Рэспубліка Беларусь заняла 13 месца сярод 20 краін-лідараў у сферы IT-аўтсорсінгу і высокатэхналагічных паслуг. Акрамя таго, у топ-100 найбуйнейшых сусветных кампаній дадзенай сферы ўваходзяць фірмы з беларускімі каранямі: EPAM Systems, IBA Group і Intetics Co», — так апісваў амбіцыйны праект «ІТ-краіны» сайт president.gov.by. У лютым 2020 года Парк наведваў дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа.
У ПВТ, як і ў любога паспяховага праекта, было шмат "бацькоў". Лічыцца, што ідэю стварэння Парка першымі выказалі Валерый Цапкала і Міхаіл Мясніковіч. Ужо праз год быў падпісаны Дэкрэт № 12 "Аб Парку высокіх тэхналогій", а Цапкала ўзначаліў створаную структуру. Аб лабіраванні ідэі стварэння Парку заяўляў і пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. Чалавекам, які ўсё зразумеў ад самага пачатку, сам сябе называў і Аляксандр Лукашэнка.
З моманту стварэння і да 2017 года ПВТ кіраваў Цапкала. Пры ім у парку з'явілася вядомыя праекты — Viber, MAPS.ME, World of Tanks. Сваю ролю ў развіцці праекта адыграў і Усевалад Янчэўскі, які яшчэ ў 2013 годзе быў прызначаны Лукашэнкам куратарам дзяржаўнай палітыкі ў сферах інфарматызацыі высокіх тэхналогій, у сакавіку 2017 года стаў дырэктарам Адміністрацыі ПВТ. У тым жа годзе экспарт Парка перавысіў 1 мільярд долараў ЗША.
Да прыходу ў ІТ-сферу Янчэўскі займаўся ідэалогіяй: спачатку заснаваў і ўзначаліў Беларускі патрыятычны саюз моладзі (зараз БРСМ), а ў 2008 годзе быў прызначаны начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.
Новы кіраўнік Парка выказваў упэўненасць, што сваімі дасягненнямі ПВТ абавязаны асабіста Лукашэнку. Ну а экс-кіраўнік Парку і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Валерый Цапкала пазбег турмы толькі дзякуючы паблажліваму стаўленню да яго Аляксандра Рыгоравіча і самога Янчэўскага, які прасіў «ад імя IT-супольнасці, вобразна кажучы, перавярнуць старонку».
Прыняты ў Беларусі курс на ІТ-краіну і Дэкрэт нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" прывялі да росту колькасці рэзідэнтаў Парку. Хаця ўжо гучалі папрокі ў адрас Янчэўскага ў тым, што ў ПВТ бяруць усіх запар для таго, каб прадэманстраваць патрэбны "выбухны рост". У красавіку 2020 года ў ПВТ было 818 кампаній, у якіх працавала 61 тысяча чалавек.
Ну а потым былі выбары 2020 года, акцыі пратэсту, у тым ліку і ля ПВТ.
Пазней Лукашэнка так апісваў гэтыя падзеі: «гэты Парк высокіх тэхналогій стварае прадукт, з'яўляючыся філіялам буйных прадпрыемстваў Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых прадпрыемстваў. Там гэтыя "гуглы", "майкрасофты" і іншае, а тут іх філіялы. І зразумела, што спецслужбы давалі ўказанні — гэта ўжо ўстаноўлена: там матчыны кампаніі, яны давалі каманду сюды, фінансавалі, цалкам легальна, і давалі ім каманду: на вуліцу, змагацца, зрываць, ламаць і крышыць».
Пасля разгонаў акцыяў пратэсту пачалася рэлакацыя. Дакладную колькасць работнікаў IT-індустрыі, якія з'ехалі, назваць складана. Але ў сакавіку Польская пагранслужба апублікавала даныя па колькасці беларусаў, якія ўехалі са жніўня 2020 года. І па візе з пазнакай Poland Business Harbour — а гэта найбольш просты спосаб рэлакацыі для IT-спецыялістаў — у гэтую краіну пераехалі 7,9 тысяч чалавек. Акрамя Польшчы, з'яжджалі ў Літву, у Латвію, у Грузію. Нямала беларускіх IT-спецыялістаў пасля падзеяў 2020 года перабраліся ва Украіну.
Пачаўся зыход вядомых IT-кампаній. Але Янчэўскі сцвярджаў, што ПВТ працягвае дэманстраваць рост.
Толькі вось любоў улады да IT-галіны, падобна, стала знікаць. У чэрвені 2021 года Лукашэнка негатыўна выказаўся аб наступствах развіцця Парку: многія айцішнікі і прадпрымальнікі, пра якіх так клапацілася ўлада, у выніку аказаліся яе супернікамі. А ў жніўні ён абвінаваціў ПВТ у працы за паўкошту на ЗША. З 2021 года стаўка падаходнага падатку, нібыта з-за каронавіруса, для рэзідэнтаў Парка была павялічана з 9% да 13%.
Расійска-ўкраінская вайна і санкцыі, якія рушылі за ёй, у адрас Расіі і Беларусі толькі падштурхнулі працэс ад'езду IT-спецыялістаў. Адмова заходніх кампаній ад працы з беларускімі рэзідэнтамі, складанасці з разлікамі - усё гэта прывяло да таго, што аб'ёмы рэлакацыі павялічыліся.
Беларускі партал Dev.by у сакавіку апублікаваў вынікі апытання, праведзенага сярод айчынных ІТ-спецыялістаў. Больш за палову апытаных — 56% — заявілі аб тым, што кампаніі перавозяць супрацоўнікаў. А больш за 38% — што наём новых работнікаў у Беларусі замарожаны.
У Парку не маглі далей не заўважаць праблему. Адміністрацыя падрыхтавала праект мер падтрымкі ІТ-кампаній ва ўмовах санкцый. Сярод прапаноў — вяртанне падатковай ільготы па падаходным падатку, адтэрміноўкі ад прызыву для супрацоўнікаў, мараторыі на праверкі і змены ў заканадаўстве аб статусе ПВТ. Адміністрацыя хацела, каб дзяржава прыняла меры па спрашчэнні знешнегандлёвых плацяжоў: ад выкарыстання альтэрнатыўных валют і плацежных сістэм да крыптавалют і дазволу ўносіць наяўную валюту на рахункі без пацверджання паходжання. Акрамя таго, прапаноўвалася дазволіць дыстанцыйную працу і наём у іншых краінах.
Але і спроба пралабіраваць новыя льготы для ПВТ, здаецца, не ўвянчалася поспехам. "Трэба ўсё ж разабрацца з IT-тэхналогіямі, IT-паркамі і з гэтымі айцішнікамі, каб у нас былі роўныя ўмовы для ўсіх", — сказаў Лукашэнка 4 красавіка на нарадзе па праекце ўказа аб органе дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавага развіцця і пытаннях інфарматызацыі.
Паводле яго слоў, трэба паглядзець на ад'езд праграмістаў з пункту гледжання бяспекі. Лукашэнка заявіў аб планах правесці нараду і прыняць шэраг рашэнняў аб лёсе ПВТ і беларускай IT-галіны. Адразу загучалі размовы пра магчымыя забароны на выезд для ІТ-спецыялістаў.
Да таго ж улада, як звычайна, будзе спрабаваць прымусіць астатніх падзяліцца даходамі. Контуры падобнага плана Лукашэнка ўжо апісваў у студзені падчас звароту да народа і парламента. Кампаніі могуць абавязаць "плаціць" дзяржаве за спецыялістаў.
«Паступім па-амерыканску: хочаце ўзяць спецыяліста — заплаціце. Няхай гэты "Майкрасофт", "Гугл" заплаціць добрую цану старшыні Акадэміі навук, да прыкладу, каб мы маглі далей генераваць нашых навукоўцаў», — сказаў ён тады. А ПВТ было прапанавана дамовіцца аб унясенні больш важкага ўкладу ў дабрабыт краіны.
Праўда, патэнцыйных плацельшчыкаў Акадэміі навук становіцца ўсё менш. Буйныя кампаніі працягваюць сыходзіць. Вось і Wargaming аб'явіла аб рашэнні пакінуць Беларусь. У заяве кампаніі гаворыцца, што студыя ў Мінску будзе закрытая, супрацоўнікам, якіх закрануць змены, акажуць падтрымку і выплацяць выхадную дапамогу. Разлік на тое, што ўсе напэўна не з'едуць?
Аб бягучых задачах IT таксама было сказана падчас таго ж звароту да народа.
«Ды не хвалюйцеся, што вы носіцеся з гэтым Паркам высокіх тэхналогій. Ды ў нас у вытворчасці… Гэта я нядаўна ўбачыў, у нас распрацоўшчыкі БелАЗа прадэманстравалі беспілотны БелАЗ і пагрузчык да яго», — сказаў Лукашэнка.
Усё астатняе — заходнія тэхналогіі, чужыя славянскаму менталітэту ідэі, якія згубныя для духоўнага развіцця. Якія там SayGames, World of Tanks.
Падобна, эпоха ПВТ у тым выглядзе, у якім мы яго ведалі, набліжаецца да канца. Роўна як і эпоха Янчэўскага, які не тое, што не ўзначаліў IT-міністэрства, але і ўжо выбыў са складу камісіі па бяспецы ў эканамічнай сферы пры Савеце Бяспекі. Наступным этапам можа быць адстаўка з пасады дырэктара ПВТ.
Што тычыцца самога Парку, то незалежна ад таго, ці будуць прыняты прапанаваныя меры падтрымкі IT-кампаній ва ўмовах санкцый, ці ён будзе расфармаваны з перадачай яго функцый Акадэміі навук — выратаваць IT-краіну ўжо не атрымаецца. Ва ўмовах дэглабалізацыі і страты заходніх рынкаў ніякім новым-старым афшорам галіны не дапамагчы.
А тым, хто застаўся, давядзецца займацца імпартазамяшчэннем. Што да непазбежных кадравых праблем, то нават забарона на выезд і прывязванне праграміста да крэсла (фірмы, інстытута, ваенкамата) справе не дапаможа. Таму што даўно ўстаноўлена — рабская праца не эфектыўная.
З месцам у рэйтынгу Global Services 100 давядзецца развітацца. З лідарствам у сферы высокатэхналагічных паслуг таксама. На заваёву пазіцый сышлі гады, на іх страту — месяцы. Застанецца праца на ўнутраны і расійскі рынкі. З ІТ-краіны Беларусь ператвараецца ў ІТ-зону. І хуткасць гэтага працэсу будзе толькі павялічвацца незалежна ад прынятых уладамі рашэнняў.