Дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі набыў моц

Дэкрэт кіраўніка Беларусі ад 21 снежня 2017 года № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі", накіраваны на далейшае развіццё Парку высокіх тэхналогій, інавацыйнай сферы і пабудову сучаснай лічбавай эканомікі ў краіне, набыў моц 28 сакавіка 2018 года.

Фота eurasianetwork.eu

Фота eurasianetwork.eu

Як адзначае прэс-служба ўрада, гэты нарматыўны прававы акт працягвае тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму Парку высокіх тэхналогій да 1 студзеня 2049 года з улікам цэлага шэрагу навацый.

Так, значна пашыраецца пералік відаў дзейнасці рэзідэнтаў парку — да 36. Прадугледжваецца комплекс нормаў, у тым ліку падатковага характару, накіраваных на развіццё прадуктовай мадэлі ў краіне.

У прававую практыку рэзідэнтаў ПВТ змогуць увайсці інструменты здзяйснення інвестыцыйных здзелак, якія сталі ўжо міжнародным стандартам: напрыклад, дагавор канверсоўнай пазыкі, апцыён, пагадненне аб кампенсацыі страт, а таксама новы для міжнароднай супольнасці спосаб здзяйснення (выканання) здзелак — смарт-кантракт.

Істотна спрашчаюцца працэдуры ажыццяўлення знешнегандлёвай дзейнасці, найму рэзідэнтамі парку замежных спецыялістаў, прадугледжваюцца меры па развіцці ІТ-адукацыі ў ПВТ.

Акрамя таго, у дэкрэце вырашаюцца многія пытанні, абумоўленыя больш чым дзесяцігадовай практыкай прымянення заканадаўства аб Парку высокіх тэхналогій.

"Ужо само прыняцце дэкрэта абумовіла рэкордны рост ахвотных увайсці ў Парк высокіх тэхналогій. Так, усяго толькі за першы квартал бягучага года колькасць кампаній — рэзідэнтаў парку павялічылася на чвэрць. Сфера іх тэхналагічнай кампетэнцыі — гэта, у першую чаргу, штучны інтэлект, машыннае навучанне, інтэрнэт рэчаў, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці", — адзначыла прэс-служба ўрада.

У ліку новаўвядзенняў дэкрэта № 8 таксама "і кардынальна новыя як для нашай краіны, так і для большасці замежных дзяржаў праваадносіны па выкарыстанні перспектыўных тэхналогій блокчэйн і лічбавых знакаў (токенаў)".

З мэтай развіцця дэкрэта № 8 для правядзення банкамі аперацыі з лічбавымі знакамі (токенамі) прынятыя змены ў інструкцыю Нацыянальнага банка аб патрабаваннях да правіл унутранага кантролю банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

Пастановай Міністэрства фінансаў ад 6 сакавіка 2018 года № 16 зацверджаны Нацыянальны стандарт бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці "Лічбавыя знакі (токены)".

Дзейнасць з выкарыстаннем крыптавалют і іншых токенаў павінна ажыццяўляцца на ўмовах выканання рэкамендацый FATF (міжурадавая арганізацыя "Група распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай") у сферы супрацьдзеяння адмыванню злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму.

Як падкрэслівае прэс-служба ўрада, з мэтай выканання заканадаўства пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, якія прадугледжваюць выкарыстанне крыптавалют і іншых токенаў, у бізнес-праектах заяўнікаў павінны быць прадугледжаныя вычарпальныя меры, накіраваныя на рашэнне комплексу пытанняў: забеспячэнне выканання міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў сферы процідзеяння адмыванню злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму, выкананне рэкамендацый FATF (у тым ліку парадак ідэнтыфікацыі кліентаў і да т.п.); дастатковыя гарантыі фінансавай устойлівасці арганізацый — рэзідэнтаў ПВТ, якія ажыццяўляюць адпаведныя віды дзейнасці, меры і парадак фінансавага пакрыцця магчымых рызык, кампенсацыі патэнцыйнай шкоды, іншыя меры па абароне правоў і законных інтарэсаў кліентаў — фізічных і юрыдычных асоб.

Да комплексу пытанняў таксама аднесеныя: меры па забеспячэнні тэхналагічнай бяспекі — абарона ад кібератак, іншага несанкцыянаванага ўздзеяння, аўдыт інфармацыйных сістэм, якія выкарыстоўваюцца, магчымасць падаваць справаздачнасць аб правядзенні аперацый на сістэматычнай аснове і іншае; арганізацыйна-тэхнічныя, кадравыя і прававыя меры з мэтай належнай арганізацыі ўсіх кіраўнічых і бізнес-працэсаў у межах адпаведнага віду дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам і лепшымі прыкладамі міжнароднай практыкі; іншыя аб'ектыўна неабходныя меры з улікам спецыфікі адпаведнага віду дзейнасці.

Як паведаміў журналістам 27 сакавіка пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва, кіраўнік апарата Савета міністраў Аляксандр Турчын, ужо сёлета ў Беларусі можа быць створанае міністэрства лічбавай эканомікі. Паводле яго слоў, Лукашэнка цалкам падтрымаў ідэю стварэння новага міністэрства і даручыў ураду ўнесці канкрэтную прапанову па гэтым пытанні — на базе чаго ствараць новае ведамства і якімі функцыямі яго надзяліць.

"Кіраўнік дзяржавы тэрміны канкрэтныя не акрэсліў, але ўрад не будзе зацягваць з гэтым пытаннем, — заявіў Турчын. — Пэўныя напрацоўкі ў нас ёсць. Створаны савет па лічбавай эканоміцы, які ўзначальвае прэм'ер-міністр, мы ўжо абмяркоўвалі гэтае пытанне на гэтым савеце. Недзе праз два тыдні мы ў пашыраным складзе правядзем пасяджэнне савета, і ключавой тэмай будзе стварэнне міністэрства лічбавай эканомікі".

Гаворачы пра тэрміны стварэння міністэрства, Турчын адзначыў: "Мы ставім сабе задачу — гэты год, прычым не канец, а больш хуткімі тэмпамі да гэтага рухацца".

Марына Носава, БелаПАН