Беларусь на шляху апераджальнага развіцця. Падпісаны дэкрэт пра лічбавую эканоміку.

"Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго патрабаваць", — патлумачыў падпісанне дэкрэту кіраўнік дзяржавы

Фота belta.by

Фота belta.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Пра гэта кіраўнік дзяржавы паведаміў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Лукашэнкі, галоўная мэта дакумента — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт.

 "Другая мэта дэкрэта — інвестыцыі ў будучае. Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай з'явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён падтрымаў усе прапановы прадпрымальнікаў, якія складаныя тэмы яны ні закраналі б. "Ёсць у нас прагрэсіўныя людзі, якія падумалі ўжо, як гэтым займацца. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго патрабаваць", — сказаў ён.

Больш таго, заўважыў Лукашэнка, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаны ўмовы для развіцця IT-сферы, але і набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету.

"Гэты дэкрэт разам з пакетам прынятых рашэнняў для бізнесу павінен даць Беларусі магчымасць стаць на шлях апераджальнага развіцця", — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле belta.by