Буйныя IT-кампаніі перасталі наймаць супрацоўнікаў у беларускі офіс. Што гэта значыць?

Беларусь знікла з раздзелу "вакансіі" на сайце EPAM. Тое ж зрабіў таксама Wargaming.

33687259_1015641582.jpg

Журналісты dev.by спыталі ў EPAM, ці азначае знікненне з раздзелу вакансій Беларусі, што яны перасталі наймаць супрацоўнікаў у беларускі офіс?

EPAM пракаментаваў гэта такім чынам:

У сувязі з тым што большая частка кліентаў накладвае ўсё больш абмежаванняў на працу з Беларуссю, дадатковы наём супрацоўнікаў на гэтым рынку прыпынены. Мы запрашаем спецыялістаў, зацікаўленых у працы з EPAM, далучацца да кампаніі ў іншых нашых офісах з магчымасцю далейшага пераводу ў беларускае падраздзяленне, калі кліенцкія абмежаванні зменяцца.

Беларусь уваходзіла ў топ-5 самых папулярных лакацый у EPAM па колькасці вакансій. У жніўні мінулага года Аркадзь Добкін заявіў, што кампанія не збіраецца сыходзіць з Беларусі. У кастрычніку Добкін паўтарыў, што EPAM працягне працаваць у Беларусі, будзе імкнуцца палепшыць умовы для мясцовых супрацоўнікаў.

Беларусь доўгі час была самай буйной лакацыяй вытворчых спецыялістаў EPAM. Па выніках мінулага года гэты статус перайшоў да Украіны. Праз вайну Украіны цяпер таксама няма ў спісе лакацый EPAM для найму.

Акрамя таго EPAM прыбраў усе вакансіі для жадаючых працаваць у Расіі. Днямі кампанія заявіла, што прыпыняе працу з кліентамі з Расіі і выдзеліць 100 мільёнаў долараў на гуманітарную дапамогу для 14 тысяч сваіх супрацоўнікаў і іх сем'яў ва Украіне.

Кампанія Wargaming на сваім сайце наогул прыбрала вакансіі для ўсіх лакацый, а не толькі для працы ў Беларусі.