Ад аўтара «грошай няма, але вы трымайцеся»: Мядзведзеў прапанаваў алігархам заняцца катлетамі і булкамі

Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў бізнесменам, якія аказаліся пад заходнімі санкцыямі, заняцца вытворчасцю катлет і булак. Так ён скончыў допіс у сваім Facebook, прысвечаны зыходу заходніх кампаній з Расіі.

epkkb30w4aafwza.jpg


Са слоў Мядзведзева, тым, хто сышоў, будзе цяжка вярнуцца на расійскі рынак. «Якімі б ні былі прычыны зыходу, замежныя кампаніі павінны разумець, што вярнуцца на наш рынак будзе няпроста. Прыклад — 2014 год, калі намаганнямі Захаду таксама была наладжана паніка на пустым месцы і ўведзеныя санкцыі. Аднак за мінулы час нашай краіне, адказаўшы на гэтыя дзеянні сіметрычнымі абмежаваннямі, удалося забяспечыць харчовую бяспеку, вырашыць цэлы шэраг пытанняў у сферы імпартазамяшчэння. Справімся і цяпер. Бо катлеты і булкі, прычым выдатнай якасці, мы вырабляць і самі ўмеем. Гэтым, дарэчы, маглі б заняцца бізнесмены, якія аказаліся пад санкцыямі. Прывітанне “Макдоналдсу”!» — напісаў былы прэзідэнт і прэм'ер Расійскай Федэрацыі, паведамляе REFORM.by.

У яго допісе таксама ўтрымліваецца пагроза арышту замежных актываў і іх магчымая нацыяналізацыя. Мядзведзеў адзначыў, што, закрываючы бізнес у РФ, кампаніі кідаюць калектывы. Паводле яго слоў, урад РФ ужо займаецца прапрацоўкай мер па банкруцтве і нацыяналізацыі маёмасці такіх кампаній. Плануецца стварыць новыя вытворчасці на аснове «кінутых у паніцы замежнымі інвестарамі».

Як хутка мы ўбачым хот-дог ад «Раскосмасу» або бульбу-фры ад «Сбера»?