Перапіс: Польскае грамадзянства маюць амаль 55 тысяч беларусаў
Грамадзян Польшчы беларускай нацыянальнасці істотна пабольшала. Пра вынікі перапісу насельніцтва ў суседняй краіне распавядае «Р*дыё Рацыя».
У Польшчы агучылі папярэднія вынікі агульнанацыянальнага перапісу насельніцтва за 2021 год па нацыянальна-этнічнай структуры і мове камунікацыі.
1 мільён 339,6 тысяч чалавек пазначылі падчас перапісу іншую, чым польская, нацыянальнасць. Гэта 3,5 працэнты. Беларускую нацыянальнасць як першую пазначылі 41 тысяча 900 чалавек, як другую — 12 тысяч 400. Агулам беларусамі запісаліся 54 тысячы 300 чалавек. І гэта больш, чым падчас папярэдняга перапісу насельніцтва ў 2011 годзе, калі гэта лічба складала каля 47 тысяч.
Што тычыцца мовы, на якой размаўляюць дома, то рэспандэнты маглі ўказаць больш, чым адну мову. Беларускую пазначылі як мову хатніх зносін 16 тысяч 900 чалавек агулам, а як адзіную мову — 1600 чалавек.
У перапісе 2021 года — як і ў 2011-м — прыналежнасць асоб да адпаведнай нацыянальнай або этнічнай супольнасці вызначалася шляхам свабоднага дэкларавання нацыянальнасці. Рашэнне, якое дазваляе людзям выражаць складаную нацыянальную ідэнтычнасць, задаючы два пытанні (двайное пытанне) пра нацыянальнасць, таксама было захавана.
У новым даследаванні прадстаўлены самыя шматлікія нацыянальныя, этнічныя і моўныя дэкларацыі. Прадстаўленыя даныя грунтуюцца на вызначэнні нацыянальнага складніка насельніцтва.
Папярэднія вынікі перапісу 2021 года сведчаць, што насельніцтва з польскай нацыянальнай прыналежнасцю складае 37 149,5 тыс. чалавек — 97,7% усяго насельніцтва Польшчы, а з іншымі, акрамя польскай — 1339,6 тыс. чалавек, гэта значыць 3,5%. Гэтыя звесткі сведчаць аб устойлівым пачуцці этнічнай ідэнтычнасці рэгіянальных супольнасцей у Польшчы.
Да самых шматлікіх нацыянальных і этнічных ідэнтыфікацый, акрамя польскай, адносяцца сілезская і кашубская дэкларацыі. Агулам у якасці адказу на першае ці другое нацыянальнае пытанне іх было зафіксавана 585,7 тысяч.
Доля сілезскіх дэкларацый адносна іншых ідэнтыфікацый, акрамя польскіх, складае 43,7%: 231,8 тыс. агульнай колькасці першых пазнак і 353,9 тыс. пазнак у якасці другой ідэнтыфікацыі. Колькасць асоб кашубскай прыналежнасці скаладае 176,9 тысяч чалавек (13,2% ад усіх асоб, якія дэкларуюць іншую ідэнтыфікацыю, акрамя польскай). Гэтая група часцей заяўляла кашубскую ідэнтыфікацыю як другую (162,2 тыс.).
Што ж да беларусаў, то важна адзначыць: у перапісе ўдзельнічалі толькі грамадзяне Польшчы. Пры гэтым рэальна ў краіне пражывае ў некалькі разоў болей нашых суайчыннікаў. З'ехаўшы з лукашэнкаўскай Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў, яны маюць у Польшчы часовы альбо сталы від на жыхарства, альбо іншыя легалізацыйныя дакументы.