Амаль у два разы больш беларусы адкрылі фірмаў у Польшчы за 2022 год у параўнанні з 2021

Нашы грамадзяне адкрылі ў Польшчы 1745 новых кампаній, гэта ў два разы больш, чым у 2021, піша Оffice Life на падставе звестак польскага Галоўнага цэнтра эканамічнай інфармацыі. Гэта гістарычны рэкорд.
Усяго ж на 10 студзеня 2023 г. у Польшчы дзейнічала 4980 бізнэсаў з беларускім капіталам. За 2022 прырост склаў 35%.

Што гэта за кампаніі? У лідэрах — аўтатранспартны бізнес. У мінулым годзе, на фоне закрыцця еўрапейскіх межаў для перавозчыкаў з Беларусі, у суседняй Польшчы адкрылася амаль у два разы больш такіх кампаній, дзе сярод заснавальнікаў — юрыдычная або фізічная асоба з Беларусі.

У тройцы самых папулярных таксама будаўнічыя кампаніі і IT-бізнэс. У два разы больш стала кампаній, якія займаюцца аздабляльнымі працамі, прабіліся ў топ-10 цырульні і касметычныя салоны.

Геаграфічныя прыярытэты беларусаў — Варшава і Беласток.

Як правіла, новыя заснавальнікі аддаюць перавагу ўкладвацца ва ўжо засвоеных першымі хвалямі інвестараў рэгіёнах.

Для беларусаў у прыярытэце заўсёды былі сталічнае Мазавецкае і два ўсходнія ваяводствы — Падляскае і Люблінскае. На гэтую тройку прыпадае больш за 70% усіх зарэгістраваных у Польшчы бізнэсаў.

Адміністрацыйныя цэнтры Варшава, Беласток і павятовы горад Бяла-Падляска ў Люблінскім ваяводстве займаюць першыя тры месцы і сярод гарадоў, у якіх найчасцей прапісваюцца інвестары з Беларусі. На пачатак 2023 года ў Варшаве дзейнічалі 2362 кампаніі, у Беластоку - 574 і Бяла-Падлясцы - 276.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: