Генадзь Коршунаў: Варта чакаць некалькіх хваль вяртання беларусаў

Калі хтосьці не вернецца — узмоцніць дыяспару, лічыць эксперт.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


19 студзеня «Цэнтр новых ідэй» апублікаваў вынікі даследавання беларускай дыяспары адносна планаў па вяртанні ў Беларусь. Вынікі яго пазітыўнымі назваць складана: на пытанне «Ці плануеце вы калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь на пастаяннае пражыванне?» 6% адказалі, што вяртацца дакладна не плануюць; 20% сказалі, што хутчэй за ўсё не вярнуцца; 24% адзначылі, што хутчэй за ўсё вернуцца, і 18% выбралі варыянт «адназначна вярнуся». Самым папулярным аказаўся варыянт «цяжка сказаць» — яго адзначылі траціна апытаных (33%).

Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў прааналізаваў атрыманыя вынікі.

— Хто будзе жыць у Беларусі і аднаўляць яе пасля змены рэжыму? Толькі ў такой фармулёўцы мае сэнс пра нешта разважаць, таму што ўсе хвалі міграцыі з Беларусі за апошнія 20-25 гадоў звязаныя з «фактарам Лукашэнкі» (звязаныя наўпрост — праз рэпрэсіі або апасродкавана — праз адчуванне беспрасветнасці і бесперспектыўнасці жыцця ў Беларусі). І пакуль гэты фактар — «фактар Лукашэнкі» — застаецца ў сіле, усе развагі пра перспектывы вяртання будуць гіпатэтычнымі і хутчэй песімістычнымі.

Таму што як вяртацца, калі па факце вяртання з той жа Польшчы ў Беларусь ужо затрыманы некалькі дзясяткаў чалавек? Паўзці на каленях і каяцца? Ці звяртацца ў Камісію па памілаванні да генеральнага пракурора Шведа? Прымаючы пад увагу ўсё гэта, я не бачу аніякай трагедыі ў атрыманых лічбах, яны адлюстроўваюць дамінуючыя настроі ў сітуацыі нявызначанасці, якая зыходзіць ад рэжыму небяспекі.

Акрамя таго, сапраўды, калі ўсё будзе заставацца як ёсць, з цягам часу сітуацыя з планамі на вяртанне будзе пагаршацца. Тым больш, калі рэжым будзе працягваць ціснуць грамадства рэпрэсіямі. Людзі, якія пакінулі радзіму, будуць вымушаныя прыстасоўвацца да новай для сябе сітуацыі — вучыць мовы, шукаць працу, уладкоўваць дзяцей у садкі і школы, абрастаць новымі сацыяльнымі сувязямі і абавязацельствамі. Будаваць планы на вяртанне стане ўсё цяжэй.


Іншая справа, калі «фактар Лукашэнкі» захістаецца. Калі з'явіцца надзея (а яшчэ лепш, ясная перспектыва на змены), — тады адбудзецца пазітыўны паварот у планах. Наколькі будзе высокім эмацыйны ўздым і які будзе маштаб рэпатрыяцыі, прадказаць немагчыма. Тут ключавую ролю будзе адыгрываць фактар часу: чым больш гадоў пройдзе — тым меншым будзе маштаб вяртання, чым раней рэжым захістаецца і абрынецца — тым больш людзей вернуцца адразу ж.

Так, у перспектыве варта чакаць некалькіх хваль вяртання беларусаў — розных па сваім аб'ёме і расцягнутых у часе.

Першую хвалю складуць самыя матываваныя беларусы — гэта значыць, гатовыя працаваць на змены і будаваць новую Беларусь (а таксама і тыя, хто так і не зможа ўладкавацца ў эміграцыі). Іх колькасць можа быць у раёне тых 42%, якія цяпер кажуць, што плануюць вяртацца ў Беларусь. Можа і больш — калі Лукашэнка знікне пераканаўча і ў хуткім часе.

Затым можна чакаць другую хвалю вяртанняў — тых, хто больш прагматычны, асцярожны, хто не зможа адысці ад траўмы рэпрэсій або лепш наладзіў сваё жыццё ў Польшчы, Літве ці Грузіі. Калі знайшоў добрую працу, адправіў дзяцей у школу або праходзіш курс рэабілітацыі, цяжка хутка і кардынальна змяніць сваё жыццё, як бы гэтага ні хацелася. Тут многае будзе залежаць не толькі ад матывацыі беларусаў замежжа, але і ад той палітыкі рэпатрыяцыі, якую стане праводзіць новае кіраўніцтва Беларусі.

А камусьці і зусім не захочацца вяртацца ў Беларусь. Таму што няма куды асабліва вяртацца — ні дом, ні праца, ні сваякі-сябры-знаёмыя цягнуць у Беларусь не будуць. Хтосьці і ў самой Беларусі — як краіне, так і ідэі, — расчаруецца і ператворыцца ў «грамадзяніна свету» (але такіх будзе няшмат; паводле звестак даследавання — 5-6% ад актыўнай часткі дыяспары).


Аднак большая частка тых, хто з'ехаў і планаў на вяртанне не будуе, яны будуць адчуваць сябе беларусамі, будуць захоўваць сувязі з Беларуссю, будуць дыстанцыйна дапамагаць будаваць новую беларускую дзяржаву — грамадзянскую супольнасць, сістэму адукацыі, культурнае асяроддзе, бізнес-супольнасць. Даследаванне кажа, што менавіта такія настроі пераважаюць сярод тых, хто пакуль не плануе вяртання ў Беларусь.

Падкрэслю яшчэ раз: якой-небудзь катастрофы ў тым, што частка беларусаў пакінулі радзіму і не плануюць вяртацца ў Беларусь, няма. Той, хто не вернецца, стане часткай беларускай дыяспары, якая можа быць вельмі карыснай для будучай Беларусі. Тут нават не трэба ўспамінаць, напрыклад, пра армянскія або яўрэйскія дыяспары. Дастаткова ўспомніць, колькі беларусы замежжа зрабілі для Беларусі ў 2020 годзе — і падчас кавіду, і ў перыяд электаральнай кампаніі, і падчас восені 2020-га.


Дыяспара можа быць вялікай сілай, калі яна аб'яднаная агульнымі мэтамі і верыць у свае сілы. Хочацца верыць, што беларуская дыяспара будзе такой сілай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: