Генадзь Коршунаў: Беларуская рэвалюцыя была наканавана
«Паколькі наяўныя супярэчнасці маюць сістэмны характар, то цалкам упэўнена можна сказаць, што не спыняцца ні рэпрэсіі супраць іншадумцаў, ні знішчэнне грамадзянскай супольнасці, ні ціск на прыватны бізнес», — піша Коршунаў на сайце «Беларускага штогодніка».
Як бы мы ні аналізавалі сучасную сітуацыю ў Беларусі, якія б трэнды ні вылучалі і прагнозы ні ставілі, час ад часу мае сэнс выходзіць у метапазіцыю і ацэньваць бягучае становішча рэчаў з гістарычнага пункту гледжання. Гаворка ідзе пра тое, каб глядзець на ўсё, што адбываецца, у перспектыве не толькі года, але і шырэй — некалькіх гадоў, а то і дзесяцігоддзяў. З такой гістарычнай перспектывы, як мне здаецца, многія рэчы становяцца больш відавочнымі.
Так, напрыклад, відавочна, што, колькі б ні доўжылася расійска-ўкраінская вайна, Расія ў ёй ужо прайграла, прайграла стратэгічна. І не толькі таму, што свет убачыў надзьмутую бурбалку ваеннай моцы РФ і яе «лопанне» (хоць і гэта вельмі важна). Галоўнае — гэта выключэнне былой прэтэндэнткі на ролю сусветнага лідара з ліку краін цывілізаванага свету. Цяпер нават статус Расіі як краіны-бензакалонкі, на якім можна было працягнуць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, і той пад пытаннем. Еўрапейскі (а з ім і сусветны) энергетычны рынак перабудоўваецца — і робіць гэта нечакана хутка.
У свеце тэхналогій Расія таксама ўжо аказваецца дзесьці бліжэй да ўзбочыны, вайна гэта прадэманстравала вельмі пераканаўча. А санкцыі лакалізуюць расійскае тэхналагічнае адставанне ў раёне індустрыяльнага перыяду — гэта ўжо мінулая эпоха. І ніякім імпартазамяшчэннем або кантрабандай інавацый выключэнне з доследна-тэхналагічнага працэсу не аднавіць. Тую самую выснову можна распаўсюдзіць і на выключэнне расійскіх карпарацый з сусветных вытворчых ланцужкоў: Кітаем іх усіх не заменіш.
Расія прайграла перспектыву пабудовы таго «рускага свету», за які яна цяпер ваюе з Украінай. Перспектыва «рускага свету» раней праблематызавалася проста ходам гісторыі: зніжэннем эканамічных магчымасцей спансіравання прарасійскіх сіл на постсавецкай прасторы, натуральным сыходам пакаленняў, для якіх адсылка да Савецкага Саюза ўсё яшчэ была рэферэнтнай, арыентацыяй моладзі на англізаваны лічбавы свет... Пасля Бучы і Марыупаля перспектывы «рускага свету» скурчваюцца, практычна набліжаючы свой тытул да Бухенвальда і Асвенцыма. Наратыў пра «рускіх як новых фашыстаў» ужо амаль сфарміраваны. Быць рускім — гэта не тое каб непрэстыжна, месцамі гэта ўжо «зашкварна». Не здзіўлюся, калі праз некаторы час руская мова і літаратура знікнуць са школьнай праграмы не толькі Украіны, але і іншых краін па ўсім перыметры Расійскай Федэрацыі.
Які сэнс арыентавацца на культуру беднай краіны, якая прайграла ў вайне? Ужо цяпер гэта пачынае працаваць: дэманстрацыя расійскай вайсковай немачы штурхае нацыянальныя эліты постсавецкіх краін у прастору больш моцных палітычных гульцоў, дзе Расія ў лепшым выпадку стаіць на 3-4 месцы пасля ЗША, Кітая, Турцыі.
Што яшчэ відавочна ўжо цяпер: калі скончыцца расійска-ўкраінская вайна (а яна абавязкова скончыцца і, амаль упэўнены, перамогай Украіны) Украіна будзе прэтэндаваць на месца аднаго з лідараў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне (а то і ў агульнаеўрапейскім маштабе). Так, перад ёю будуць стаяць тытанічныя задачы па аднаўленні разбуранай краіны, але як дзяржава Украіна будзе імкнуцца выкарыстоўваць свой статусны капітал для таго, каб уплываць як мінімум на сваіх краін-суседак. У прынцыпе, праявы падобных інтэнцый можна назіраць нават сёння. Зяленскі ўжо заявіў, што аднаўленне краіны пасля вайны стане «найбуйнейшым эканамічным праектам Еўропы», сама Украіна будзе лідарам у пабудове «зялёнай энергетыкі», а яе вайскова-прамысловы комплекс будзе адным з найбольш прагрэсіўных.
Можна смела прагназаваць, што з такімі амбіцыямі ўкраінскія інтарэсы непазбежна «сутыкнуцца» як мінімум з польскімі і, магчыма, агульнабалтыйскімі (краіны Балтыі цяпер трэніруюцца выступаць адзіным фронтам). Тут узнікае пучок сцэнарыяў, у тым ліку патэнцыйна канфліктных, але адным з найбольш верагодных бачыцца варыянт салідарызацыі ўсходнееўрапейскіх сіл і з'яўленне ўтварэння, якое ў тым ці іншым выглядзе ўвасобіць ідэю Міжмор'я або Балта-Чарнаморскага саюза. Інстытуалізуецца гэтая ідэя пасляваеннага аб'яднання Усходняй Еўропы або возьмуць верх цэнтрабежныя сілы, пакуль няясна, але тое, што Украіна будзе ўплываць на такія працэсы ў пасляваенны перыяд — гэта факт.
Калі з метапазіцыі гаварыць пра Беларусь, то тут я б пачаў з вызначэння таго, у якім стане цяпер знаходзіцца Беларусь. І гэты стан я б пазначыў як рэвалюцыйны працэс у фазе контррэвалюцыі.
Так, рэвалюцыя — гэта не проста звяржэнне аднаго рэжыму і замена яго на іншы. Тая рэвалюцыя, пра якую варта думаць і гаварыць — гэта гістарычна наканаваная змена аднаго грамадскага ладу (сацыяльных, эканамічных, палітычных адносін) на іншы ў сілу назапашаных змен у навукова-тэхнічнай, сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах. У беларускім кейсе папярэдняя палітызацыя 2019 года, кавідны крызіс і нелімітаваны гвалт улад пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе — толькі падставы, якія супалі і ўзмацнілі адна адну, вывелі на паверхню даўно наспелыя супярэчнасці паміж дзяржавай і грамадствам. Выток гэтай гістарычнай супярэчнасці ляжыць у рознанакіраваных вектарах развіцця рэжыму Лукашэнкі і большай часткі беларускага грамадства.
Першы вектар быў арыентаваны на кансервацыю савецкага, архаічнага раннеіндустрыяльнага вопыту перш за ўсё ў сферы дзяржаўнага кіравання, другі вектар базіруецца на дасягнутых выніках індустрыяльнага развіцця, шырокім і імклівым засваеннем лічбавага, постіндустрыяльным вопыце з яго ўкараненнем у сацыяльныя, эканамічныя, грамадзянскія і іншыя практыкі. Гэта значыць беларуская рэвалюцыя хоць і не была нікім прадказанай, але цалкам наканаванай.
Што карыснага дае нам такое — «рэвалюцыйнае» — вызначэнне бягучага моманту ў Беларусі?
Па-першае, яно дае разуменне асаблівасцей траекторыі развіцця працэсу і яго гістарычных перспектыў. У адным выпадку мы атрымліваем магчымасць гаварыць пра хвалепадобнае развіццё рэвалюцыйнага працэсу, калі за ўздымам ідзе выкліканы контррэвалюцыяй спад, а за ім з непазбежнасцю ідзе новы ўздым. І да гэтага ўздыму трэба рыхтавацца. У іншым выпадку з'яўляецца абгрунтаванае разуменне таго, што ў гістарычнай перспектыве выйграе тое, што абавязана прайграць.
Па-другое, праясненне сутнасці пануючага ў Беларусі рэжыму дазваляе зразумець, што гвалт і маштабныя рэпрэсіі супраць незадаволеных — гэта не выпадковая аберацыя або эксцэсы выканаўцаў, а галоўны інструмент вырашэння любых супярэчнасцей. І пакуль супярэчнасці не будуць вырашаны, гвалт і рэпрэсіі будуць працягвацца. А паколькі наяўныя супярэчнасці маюць сістэмны характар, то цалкам упэўнена можна сказаць, што не спыняцца ні рэпрэсіі супраць іншадумцаў, ні знішчэнне грамадзянскай супольнасці, ні ціск на прыватны бізнес. Рэжым будзе дэградаваць і прымітывізаваць, скочваючыся да ўзроўню практык нават даіндустрыяльнага грамадства.
Па-трэцяе, разуменне перспектыў гістарычнага працэсу дазваляе вылучыць тыя пазіцыі, стаўка на якія павінна забяспечыць калі не тактычную перамогу над рэжымам, то стратэгічную перавагу Беларусі пасля сыходу Лукашэнкі. І тут гаворка павінна ісці перш за ўсё пра лічбавыя рашэнні агульнанацыянальнага ўзроўню і гарызантальныя сістэмы салідарызацыі. Мы павінны ісці ў лічбавы свет, развіваць яго і рабіць бліжэйшым да Беларусі, усяляк спрыяючы таму, каб беларускае грамадства ўсё далей сыходзіла ў лічбу.
Прапанаваны «погляд з метапазіцыі» — не аксіёма, а спроба ўбачыць за дрэвамі той лес, у якім трэба вызначыцца з рэсурсамі і аптымальным кірункам руху.