Працяг зачысткі музеяў. Звольнены дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно
З пасады дырэктара (загадчыка) Музея гісторыі беларускага кіно звольнены кінакрытык Ігар Аўдзееў.
Ігар Аўдзееў — вядомая асоба ў свеце беларускага кіно. Ён сын кінааператара Алега Аўдзеева і кінакрытыка Ефрасінні Бондаравай. Нарадзіўся ў 1959 годзе. Вядомы як аўтарытэтны кіназнаўца і кінакрытык. Аўтар навуковай канцэпцыі стварэння і развіцця Музея гісторыі беларускага кіно.
Гэта ўстанова была заснавана ў 1976 годзе як ведамасны музей пры кінастудыі «Беларусьфільм». Некаторы час размяшчалася ў Чырвоным касцёле, дзе тады знаходзіўся Дом кіно. Тады ўстанова выконвала ў асноўным архіўную функцыю. Для рэгулярнага наведвання музей адкрыўся ў пачатку 2002 года ў спецыяльна рэканструяваным трохпавярховым будынку — помніку архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя (вул. Свярдлова, 4). З'яўляўся філіялам Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, зараз Нацыянальнага гістарычнага музея.
Аўдзееў узначальваў музей з 2003 года. Крытык сышоў са сваёй пасады ў снежні 2022-га, крыху не дапрацаваўшы да свайго 20-годдзя на ёй.
Нагадаем, нядаўна ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыліся масавыя звальненні, адтуль былі звольнены 18 чалавек.
Рашэнне аб звальненні гэтых людзей было прынята ў адзін дзень — 23 снежня 2022 года. За тыдзень да гэтага, 17 снежня, у адным з прапагандысцкіх рэсурсаў з'явіліся абразлівыя нататкі пра намесніка дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Святлану Анейка і кіраўніка аддзела беларускага мастацтва ХХ — ХХI стагоддзяў Кацярыну Ізафатаву.
У выніку абедзве супрацоўніцы былі звольнены. Таксама пазбавіўся сваёй пасады намеснік дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. У выніку ў гендырэктара Уладзіміра Пракапцова, які падпісаў загады аб звальненні, не засталося ніводнага намесніка.