Адсядзеў за супраціў? Экскурсаводам быць больш нельга

У Беларусі пачаў дзейнічаць новы закон «Аб турызме». Ён уводзіць шэраг абмежаванняў і наўпроставых забаронаў у дзейнасці гідаў і экскурсаводаў. Таксама прыняты шэраг іншых дакументаў, якія рэгулююць турыстычную галіну.

_polack_safijski_sabor_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__13__logo.jpg

Атэстацыя гідаў і аўдыягідаў
Увялі атэстацыю мабільнай праграмы як аўдыягіда для экскурсій па ўнутраных турыстычных маршрутах Беларусі. Праходзіць працэдуру трэба не радзей за адзін раз на паўгода. Ацэньваць будуць як змест тэксту, так і тэхнічнае забеспячэнне.
Усталявана забарона на ажыццяўленне экскурсійнага абслугоўвання без праходжання фізічнымі асобамі прафесійнай атэстацыі, якая пацвярджае кваліфікацыю экскурсавода, гіда-перакладчыка.
Паводле новых правілаў, уведзеных пастановай ураду № 839 ад 7 снежня, не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці), арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 367 КК (паклёп у дачыненні Лукашэнкі), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і іншых артыкулаў.
Таксама пад забарону трапілі экскурсаводы, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), арт. 24.22 КаАП (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць Лукашэнкі).
У 2022 годзе сілавікі арыштавалі некалькіх гідаў, крымінальны пераслед зазналі Ігар Хмара, Валерыя Чарнаморцава і Аксана Манкевіч.
Хмару асудзілі ў лістападзе паводле арт. 342 КК на 2,5 года «хатняй хіміі». Яго затрымалі, калі ён праводзіў экскурсію па Мінску. Манкевіч атрымала 3 гады «хатняй хіміі». Чарнаморцава чакае суда ў СІЗА, артыкул той самы.
Што змяняецца ў турыстычнай галіне, распавёў БелТА галоўны юрысконсульт Дэпартамента турызму Міністэрства спорту і турызму Аляксандр Крэчатаў. Сярод новаўвядзенняў: пры аказанні паслуг у сферы міжнароднага выязнога турызму тураператары павінны выбраць адзін з трох спосабаў:
першы — дамова страхавання адказнасці тураператара; другі — банкаўская гарантыя на падставе дамовы паміж тураператарам і банкам; трэці — удзел у фондзе адказнасці тураператараў.
Турыстычныя інфармацыйныя цэнтры цяпер могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, у тым ліку турыстычнай.