Недаацэненыя беларусы. Нечаканыя вынікі даследавання
Беларусы — вельмі сціплая нацыя. Аж да таго, што яны пра сябе думаюць горш, чым яны ёсць. З аднаго боку, гэтай рысай можна было б і ганарыцца. А з іншага, яна перашкаджае ўсведамленню сваіх магчымасцяў і таму, што называюць «нацыянальным гонарам».
З-за гэтага і ўзнікаюць сітуацыі 2020-га, калі адным з азначэнняў уздыму стала фраза з песні «Спліна»: «Мы не знали друг друга до этого лета». І не ведалі, колькі ў народа назапашана і прыхавана бел-чырвона-белых сцягоў.
Цэнтр новых ідэй і «Народнае апытанне» заінсайдзілі другую частку некаторых лічбаў даследавання беларусаў і беларускай дыяспары, што адносяць сябе да актыўнай часткі беларускага грамадства. І калі першая частка своеасаблівага «тызеру» вынікаў даследавання была прысвечаная выключна беларусам замежжа, то другая — і стаўленню да сітуацыі беларусаў унутры Беларусі.
Занадта сціплыя
Нягледзячы на тое, што 2020-ты пакінуў адбітак у свядомасці беларусаў у тым, што яны — большасць, што «Саша 3%» і што актыўных беларусаў вельмі багата, некаторыя ў гэта дасюль не могуць паверыць. У прыватнасці прадстаўнікі беларусаў замежжа настроены вельмі — і нават занадта — самакрытычна. Напрыклад, пры адказе на пражэктыўнае пытанне аб тым, колькі, на іх думку, беларусаў, якія пакінулі краіну, займаецца хаця б адным з відаў грамадскай або грамадзянскай дзейнасці, былі атрыманыя не самыя аптымістычныя вынікі. 57,6% апытаных палічылі, што тым ці іншым відам грамадскай дзейнасці сёння займаюцца чвэрць ці менш беларусаў замежжа.
А што могуць працягваць удзельнічаць у грамадскім жыцці больш за 75% — такое дапусцілі толькі 4% апытаных.
Насамрэч, як выявіла даследаванне, грамадскай дзейнасцю ў той ці іншай форме займаюцца аж 85% рэспандэнтаў. Пры гэтым, як ужо паказвалася, гэтая дзейнасць абумоўленая не толькі і не столькі «ўкраінскім фактарам», — то-бок, не засяроджваецца на дапамозе Украіне і ўкраінцам у час вайны, але дапамагаюць і суайчыннікам, — і наўпрост, і фінансава. Прычым, дапамагаюць як за межамі Беларусі, так і ўнутры яе.
Безумоўна, наша выбарка мае відавочны і істотны перакос у бок актыўнай часткі беларусаў замежжа, але нават у гэтым выпадку розніца ў ацэнках уражвае.
Дарэчы, апытаныя беларусы, якія засталіся ў краіне, пры адказе на гэтае пытанне не спяшаліся ўказваць долі дыяспары, што ўдзельнічаюць у актыўнасцях, — яны часцей абцяжарваліся з выбарам адказу на гэтае пытанне. Па іншых пытаннях таксама адзначаецца больш лаяльнае стаўленне тых, хто застаўся ў краіне, да беларусаў, які з’ехалі за мяжу. Напрыклад, доля прадстаўнікоў дыяспары, упэўненых у тым, што большасць беларусаў, якія з’ехалі, перасталі падтрымліваць пратэст і сталі займацца выключна сваімі асабістымі справамі, большая за 50% (52,3%), а сярод «застаўшыхся» так лічаць менш за палову (48,6%).
Што могуць рабіць беларусы замежжа?
Але і «выпаленне» прасторы для актывізму ў Беларусі таксама не прайшло без наступстваў. Калі ўнутры Беларусі разгромлены «трэці сектар», а любая нізавая ініцыятыва можа падпасці пад рэпрэсіўную машыну, усё больш беларусаў лічаць, што гэтыя актыўнасці павінны «пераняць» беларусы замежжа. Яны знаходзяцца ў бяспецы, і могуць стаць своеасаблівым «голасам беларусаў» у свеце.
І беларусы замежжа маюць на гэта своеасаблівы «крэдыт даверу». Вызначаецца ён у тым, што і іерархія, і размеркаванне адказаў па асноўных пытаннях сярод дыяспары і беларусаў у Беларусі вельмі падобныя (пытанні аб тым, што могуць і павінны рабіць для агульнай перамогі беларусы і ў краіне, і за мяжой). Гэта сведчыць, што прынцыповых разыходжанняў і супярэчнасцяў у бачанні сітуацыі дзвюма актыўнымі часткамі беларускага грамадства — тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся — няма.
Беларусы, якія застаюцца ў краіне, у параўнанні з дыяспарай лічаць больш важнымі такія напрамкі дзейнасці дыяспары як:
— прасоўванне ідэі пра тое, што «Беларусь — не Лукашэнка»;
— журналісцкую, праваабарончую і экспертную дзейнасць, якую вядуць беларусы замежжа (то-бок тое, чым практычна немажліва займацца ўнутры краіны);
— «...выступаць у якасці публічных лідараў пратэсных груп, каардынацыя дзеянняў».
Калі аб'яднаць гэтыя пазіцыі, то атрымліваецца, што на думку беларусаў у Беларусі прадстаўнікі дыяспары недаацэньваюць такую функцыю, як быць голасам усіх беларусаў — прафесійным, які размаўляе ад імя беларускага грамадства і выступае супраць рэжыму Лукашэнкі.
І гэта — зноў жа, — наступства і хіба той самай «сціпласці» беларусаў. Гэтая «залішняя сціпласць» і перашкаджае супольнасці беларусаў за мяжой слушна ацаніць сваю сілу, сваю моц, і выступаць ад імя ўсёй краіны і ўсіх беларусаў — якія і з’ехалі, і засталіся ў краіне. А тое, што 85% суайчыннікаў за мяжой так ці інакш удзельнічаюць у грамадскім жыцці, дае такое — хаця б маральнае —права.
Чаго чакаюць ад «замежных беларусаў»?
Варта зазначыць, што беларусам замежжа тыя, хто застаўся, выдаюць істотны крэдыт даверу не толькі на ролю «голасу беларусаў», але і на палітычную актыўнасць у цэлым — тое, што ў Беларусі цяпер таксама немажліва.
Амаль дзве траціны — 61,6% «застаўшыхся» актыўных грамадзян упэўненыя, што беларусы за мяжой робяць максімум ад таго, што магчыма для дасягнення мэтаў пратэсту (а ў дыяспары ўпэўненых у гэтым 49,6%). Таксама тыя, хто застаецца ў Беларусі, больш вераць у тое, што ў «з'ехаўшых» не адбываецца крытычнага скажэння ўяўлення аб тым, што адбываецца ў Беларусі (аб наяўнасці такіх скажэнняў сярод «застаўшыхся» кажуць 35,1%, сярод «з'ехаўшых» — 43,5%) і яны могуць адэкватна ацэньваць сітуацыю.
Акрамя таго, тыя, хто застаюцца ў Беларусі, значна больш аптымістычна глядзяць і на перспектывы вяртання беларусаў з-за мяжы, чым самі прадстаўнікі дыяспары. Пра тое, што пасля падзення рэжыму Лукашэнкі ў Беларусь вернецца палова і больш «з'ехаўшых», кажуць 58,9% тых, хто застаецца ў Беларусі, а сярод прадстаўнікоў дыяспары так лічаць толькі 45%.
Што вынікае з гэтых лічбаў і гэтага апытання? Характэрная для беларусаў сціпласць, якую можна назваць рысай нацыянальнага характару, часам (а можа, і часцяком) перашкаджае ім аб'ектыўна ацэньваць сябе. А з-за гэтай недаацэнкі яны не разумеюць, што могуць дзейнічаць больш актыўна. І пры тым, менавіта большай актыўнасці ад «замежных беларусаў» чакаюць тыя, хто застаецца ў краіне.
Тыя, хто застаецца, даюць супольнасці беларусаў за межамі амаль карт-бланш на дзеянні ад іх імя і вераць у тых, хто вымушана пакінуць Беларусь.
І нельга сказаць, што праца замежных беларусаў застаецца па-за заўвагай. Напрыклад, тое, што толькі траціна лічыць, што ва ўяўленні пра Беларусь у «з'ехаўшых» ёсць «скажонае ўяўленне» — гэта наўпроставы вынік працы незалежных СМІ, якія вымушана пакінулі Беларусь. То-бок, большасць грамадзян унутры Беларусі лічыць, што яны працуюць эфектыўна і падаюць аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі ўнутры краіны.
Так што беларускай супольнасці за мяжой трэба адкідаць сваю сціпласць і станавіцца паўнавартаснымі лабістамі дэмакратычнай Беларусі за мяжой. Ведаць, што любая іх актыўнасць паляпшае імідж беларусаў у свеце, і не думаць, што яны не здольныя нешта зрабіць. Прынамсі, 85%-ая грамадская актыўнасць беларусаў менавіта пра гэта кажа.