Пуцін хоча ўвайсці ў гісторыю як заваёўнік. Але гэта ўжо даўно ні ў кога не атрымлівалася. І вось чаму

Развязаная Пуціным ва Украіне вайна — жахлівы анахранізм. Гэта вайна далёкага мінулага, тлумачыць часопіс Economist.

putin___jolkin.jpg

За апошнія 50 гадоў колькасць войнаў, якія пачыналіся з мэтай заваёвы чужой тэрыторыі, рэзка скарацілася. І нават тыя нешматлікія спробы захопу, якія былі, амаль усе не дасягнулі поспеху.

Журналісты Economist прааналізавалі гістарычныя даныя, з якіх вынікае, што захопніцкая вайна Уладзіміра Пуціна ва Украіне асуджаная на правал.

Існуе меркаванне, што ўварванне Уладзіміра Пуціна ва Украіну было непазбежным. Пасля незаконнай анексіі Крыма ў 2014 годзе з'явілася занадта шмат прыкмет таго, што амбіцыі расійскага прэзідэнта не абмяжоўваюцца Чарнаморскім паўвостравам. Але гістарычныя даныя паказваюць, што захопніцкая вайна Пуціна ідзе насуперак агульнасусветным тэндэнцыям. З 1975 года ніводнай дзяржаве не ўдалося цалкам заваяваць і ўтрымаць іншую дзяржаву.

Баявыя дзеянні па ўсім свеце працягваюцца, узяць хоць бы ўварванне ў Ірак, вайну ў Афганістане і мноства грамадзянскіх войнаў у Афрыцы і іншых рэгіёнах. Але па сваіх маштабах і мэтах пуцінская вайна вельмі моцна ад іх адрозніваецца: уварванне Расіі ва Украіну — гэта архаічная з'ява з крывавага мінулага чалавецтва.

Колькасць і маштабы заваявальных войнаў скарачаюцца ўжо даўно. Палітолаг Дэн Олтман з Джарджтаўнскага ўніверсітэта сабраў звесткі аб усіх спробах захопу чужой тэрыторыі з пачатку Першай сусветнай вайны. У гэтай задачы былі свае складанасці, таму што мэты камбатантаў далёка не заўсёды можна было дакладна вызначыць. Зусім невялікія лакальныя сутычкі маглі не пакінуць дакументальных слядоў, а пры буйных канфліктах, у якіх дзяржавы захоплівалі або адваёўвалі назад тэрыторыі, бывае цяжка ўсачыць за лёсамі асобных тэрыторый.

Пры гэтым мы выключылі з аналізу сутыкненні, у якіх не было баявых страт, а таксама выпадкі, калі краінам удавалася ў ходзе канфлікту адносна хутка вярнуць кантроль над часова захопленымі тэрыторыямі. Даныя атрымаліся вельмі красамоўныя. 

4a81a23ed6384ea4e32cec5086220f27.webp

За апошнія 50 гадоў колькасць спробаў захопу чужых тэрыторый рэзка скарацілася, а мэты захопнікаў зведалі істотныя змены. Уладзімір Пуцін спрабуе захапіць тэрыторыю іншай дзяржавы — Украіны, і апошні раз нешта блізкае па маштабах рабіў Садам Хусэйн, які ўварваўся ў Кувейт у 1990 годзе. У яго нічога не атрымалася.

У 1975 годзе Інданезія заваявала Усходні Тымор, які толькі-толькі вызваліўся ад каланіяльных уладаў Партугаліі. Але ў 2002 годзе Усходні Тымор здабыў незалежнасць.

 

f5967b4165e345a4f08500a5968c4ff7.webp

Калі зазірнуць яшчэ далей у гісторыю, то падобныя па маштабах спробы захопу чужых тэрыторый былі пры няўдалым аб'яднанні Карэі ў 1950 годзе і ўдалым аб'яднанні В'етнама ў 1974-м. І нягледзячы на тое, што з 1946 года было прадпрынята па меншай меры адзінаццаць спроб заваяваць і ўтрымліваць буйны горад або вобласць даўжэй за дзесяць гадоў, толькі тры скончыліся паспяхова: Турцыя захапіла частку Кіпра ў 1974 годзе, Ізраіль — Сінай і Сектар Газа ў 1967-м, а Індыя — Гоа ў 1961-м.

Магчыма, Пуціну ўдасца зламаць гэты трэнд. Але вайна ва Украіне пакуль складваецца для яго вельмі дрэнна.

З самага пачатку яму давялося адмовіцца ад плана па захопу Кіева, а ўвосень ён спачатку пазбавіўся тэрыторый у Харкаўскай вобласці, а затым і Херсона. Не вельмі падобна на тое, каб расійскі прэзідэнт застаўся ў гісторыі як заваёўнік. Хутчэй, яго будуць памятаць як чалавека, які прынёс у ахвяру дзясяткі тысяч жыццяў расіян і ўкраінцаў, каб задаволіць свае амбіцыі.

Паводле zona.media