Пераклічка на могілках. Чаго вартыя нашы дыскусіі ў фэйсбуку?

Фантастычная якасць беларусаў: не заўважаць свет вакол сябе. Магчыма, у гэтым і ёсць наш беларускі ўнёсак у скарбонку чалавецтва — уменне збіраць грыбы ў палаючым лесе пад метэарытным дажджом перад прышэсцем антыхрыста. Неяк так і напішуць на надмагіллі беларускай нацыі. Дарэчы, а мы ўжо нацыя ці яшчэ не? Давайце падыскутуем! — прапануе Алесь Кіркевіч на budzma.org.

Ян Стэн. Сварка гульцоў у карты

Ян Стэн. Сварка гульцоў у карты

Возьмем смерць міністра, прозвішча якога не называюць. Інфаркт ці забойства? Абаронца беларушчыны ці «лакей»? А што б ён зрабіў, калі б... Найбольш лагічны адказ на ўсе пытанні: а што гэта змяняе? Вось сёння, зараз. Той ці іншы адказ на пытанне вырашае хоць адну з Вашых праблем?

Чалавек — гэта істота, схільная да рэфлексіі, дыскусіі. Аналізуючы свет, мы можам прымаць больш узважаныя рашэнні, якія робяць дзеянні больш паспяховымі. Набліжаюць перамогу на адным з кірункаў.

Але падобна, што дыскусія занадта часта стае самамэтай. Пагаварыць — зняць стрэс. Гаворыш — значыць яшчэ жывы. Слухаеш — таксама. Калі адбываецца дыскусія, значыць, не ўсе і не ўсё вакол яшчэ мёртвае. Пераклічка на могілках.

Аб'ектыўна ж безліч момантаў, пра якія мы размаўлялі доўгімі гадамі, проста перасталі быць актуальнымі. Пытанне мовы. Пытанне ідэальнага прэзідэнта і яго якасцяў. Пытанне «левы»/«правы». Пытанне сексуальнай арыентацыі (тут адхапіць можна яшчэ больш, чым за неакуратную рэпліку пра мёртвага міністра).

Моўнае пытанне з трыгерным «какая разница на каком языке?» прайшло па спіралі і схлопнулася само сабой. Зараз для зацятых беларускамоўных няма ніякай розніцы, на якой мове размаўляе чалавек, які данаціць на палітвязняў ці ЗСУ. Для зацятых расійскамоўных, якія паспелі ацаніць геапалітычную сітуацыю, беларуская — ужо не страшылка, а частка нармальнасці, да якой яны пакуль не гатовыя на 100%.

Пытанне з ідэальным прэзідэнтам — тое самае. Раней мы рабілі выгляд, што выбіраем хаця б з хімерных варыянтаў. Малявалі прагнозы пальцам на запацелым шкле. Былы чыноўнік ці «змагар»? З эканамічнай адукацыяй ці без? Мужчына ці жанчына? Зараз гэта не мае сэнсу. Прэзідэнтам прызнаюць таго, хто адновіць законнасць. Без аглядкі на погляды, пол, узрост і досвед.

Пытанні пра фашыстаў і анархістаў, гетэрасексуалаў і геяў, тарашкевіцу і наркамаўку... — зараз тамсама, дзе і папярэднія. Не, не на сметніку гісторыі, на жаль. У фэйсбуку. Там, дзе яшчэ цепліцца падабенства інтэлектуальнага жыцця. Гавораць? Значыць, дыхаюць. І святло ёсць.

Але большасць вузлавых момантаў размоваў — рэха ўчорашняга дня. Дыскусія — гэта нешта для складанага свету. Пасля 2020-га свет неймаверна спрасціўся і працягвае спрашчацца. Не толькі для беларусаў, але і для большасці насельнікаў нашага кантыненту. Жыццё патаннела. Час паскорыўся. Грошы перасталі быць меркай усяго, бо яшчэ няясна, якія будуць курсы валют пасля ядзернага апакаліпсісу.

А ў беларусаў нібы ўсё па-ранейшаму. Ці добра, што Мікіта Мелказёраў перайшоў на беларускую? Ці правільна Зянон зрабіў, калі з’ехаў у 96-м? А ці маральна беларускаму пісьменніку пісаць па-расійску? А друкаваць беларускага пісьменніка па-расійску — гэта правільна для беларускага выдавецтва ці «здрада»? Глыбоцкая ці рагачоўская згушчонка?

Гэта ж фантастычная якасць: не заўважаць свет вакол сябе. Магчыма, у гэтым і ёсць наш беларускі ўнёсак у скарбонку чалавецтва — уменне збіраць грыбы ў палаючым лесе пад метэарытным дажджом перад прышэсцем антыхрыста. Неяк так і напішуць на надмагіллі беларускай нацыі. Дарэчы, а мы ўжо нацыя ці яшчэ не? Давайце падыскутуем!..

Мяне, праўда, бянтэжыць уменне процьмы інтэлектуалаў і разумных людзей, якія могуць размаўляць і пісаць, не будучы абмежаванымі турэмнай цэнзурай ці магільнай плітой, пазбягаць глабальных пытанняў:

Якое месца беларусаў на сённяшнім геапалітычным разломе?

Калі і як мы вернемся дадому?

Што нам рабіць з усім і ўсімі пасля 2020-га і 2022-га?

Як мае выглядаць тое, што будзе ў Беларусі, каб мінулыя і будучыя ахвяры за гэта не былі дарэмнымі?

Даруйце, але я не бачу ў публічным дыскурсе ўцямных і зразумелых адказаў. Магчыма, яны ёсць, але ўвосень згубіліся паміж фоткамі грыбоў, а зараз патанулі сярод здымкаў першага снегу, вяндлінаў ці кніжных кірмашоў. Калі гэтых адказаў усё ж няма, то доля Беларусі, вангую, і надалей будзе незайздроснай. Гэта доля тэрыторыі без сэнсу. Прынамсі — для яе насельнікаў.

Алесь Кіркевіч, budzma.org