Вялікае тэставанне «Новай Беларусі» пачынаецца

Платформа «Лічбавая Беларусь» або «Новая Беларусь» пачынае практычна паўнавартасную працу. Па задумцы яе творцаў, пасля яна стане беларускай віртуальнай прасторай, якая ў перспектыве павінна выйсці ў рэальныя жыццё і палітыку.

novaja_belarus_screen.jpg


Адзін са стваральнікаў праекта «Голас» Павел Лібер ужо даўно анансаваў такі мегапраект, у якім былі б сабраны ўсе (ці, зменшага, большасць) праектаў беларусаў, якія яны рэалізуюць унутры краіны і за яе межамі. Па сутнасці, гэтая платформа ў чымсьці павінна замясціць або замяніць сегменты дзейнасці дзяржавы.

Праект уяўляе сабой дадатак на тэлефоне, у якім сабраны самыя розныя ініцыятывы і падзеі, якія адбываюцца ў беларускім асяроддзі. Ён ужо прайшоў альфа-тэставанне, у якім прыняло ўдзел больш за 700 чалавек, было атрымана больш за 200 адказаў і заўваг, выпраўлена 86 багаў і памылак. Як кажа Павел Лібер, «Лічбавая Беларусь» заклікана вяртаць тыя гарызантальныя сувязі паміж людзьмі, якія былі перапыненыя з-за вымушанай эміграцыі ці рэпрэсій, што цяпер фактычна закрылі для развіцця прастору ўнутры Беларусі.

Па сутнасці, дадатак дзеліцца на некалькі аб'ёмных частак. Першая частка — сацыякультурная, дзе будуць сабраныя, як спадзяюцца стваральнікі прыкладання, большасць тых падзей і ініцыятыў, якія праводзяць беларусы ў розных канцах зямнога шара. Гэта могуць быць канцэрты, івэнты, выставы, — самыя розныя беларускія мерапрыемствы, якія дапамагаюць беларусам заставацца беларусамі. Па ідэі, гэтая ж частка дазволіць заставацца беларусам у беларускай супольнасці, і аб'ядноўвацца афлайн.

Прычым, падзеі туды можна будзе дадаваць самім. Калі вы праводзіце нейкі беларускі канцэрт, умоўна кажучы, у Мюнхене, пра яго могуць даведацца. Умоўна, у Нідэрландах. І прыляцець адтуль, калі падзея будзе вельмі-вельмі цікавай.

Гэта, на думку стваральнікаў, і ёсць тое, што будзе яднаць беларусаў у «гарызантальныя сувязі».

Другая частка прыкладання — эканамічная. У ёй будуць (і ўжо) сабраныя праекты, якія аказваюць вялікі ўплыў на жыццё беларусаў за мяжой. Гэта і Bymapka — карта, на якой сабраныя беларускія бізнесы па ўсім свеце, каб беларусы маглі звяртацца да іх і падтрымліваць сваіх. Гэта і платформа «е-здароўе», якая аб'ядноўвае лекараў, што з'ехалі з Беларусі, і іх пацыентаў, і дзе кожны беларус можа атрымаць медычную кансультацыю. І праект LegalHub, які аб'ядноўвае юрыстаў і адвакатаў, якіх беларуская ўлада пазбавіла ліцэнзій — там таксама можна атрымаць кансультацыю па любым юрыдычным пытанні.

Цяпер ідуць размовы аб супрацоўніцтве беларусаў замежжа з такімі структурамі, з якімі раней супрацоўнічала толькі дзяржава — Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця і Сусветным банкам. Калі перамовы скончацца добра, беларускі бізнес зможа атрымаць доступ да іх крэдытаў, праграм падтрымкі і фінансавых інструментаў.

У перспектыве будзе адукацыйная платформа, і нават, можа быць, незалежная банкаўская сістэма.

Але ўсё гэта робіцца не проста так. У планах распрацоўшчыкаў ініцыятывы — сапраўды стварыць «лічбавую дзяржаву», у якой бы беларусы самаарганізоўваліся і дзейнічалі дакладна так жа, як і ў нармальным, афлайнавай дзяржаве.

Яшчэ адзін распрацоўшчык і ўдзельнік гэтага праекта, Яраслаў Ліхачэўскі прывёў прыклад такіх дзеянняў. Паводле яго, цяпер у Беларусі ў Акадэміі навук фактычна знішчаецца тое, што было звязана менавіта з беларускасцю — рэпрэсіі наганяюць гісторыкаў, этнографаў, мовазнаўцаў. «Мы можам стварыць Беларускі Інстытут культуры і спадчыны за мяжой. Ці, напрыклад, дамаўляцца з сусветнымі інстытутамі аб стыпендыяльных праграмах для нашай моладзі. Беларусі ў любым выпадку спатрэбяцца маладыя адукаваныя людзі», — зазначыў ён.

Самы просты крок для рэалізацыі — гэта «скінуцца» на такія праекты інстытута альбо стыпендыяльныя праграмы ўсім беларусам. Але гэтае пытанне ўжо патрабуе крокаў, якія ў нармальным грамадстве назавуць «палітычнымі» — гэта значыць, сабрацца досыць вялікай колькасцю людзей, прагаласаваць за патрэбнае рашэнне і несці адказнасць за свой голас. У дадзеным выпадку — фінансава, заданаціць інстытут альбо стыпендыяльную праграму.

Пасля ж на платформе будзе і «палітычная» пляцоўка, дзе беларусы змогуць выпрацаваць тую палітычную сістэму, якую яны палічаць годнай. І ўжо зусім-зусім потым гэтую сістэму можна будзе паспрабаваць імпліментаваць на ўсю краіну.

«Вядома, мы мяркуем, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца хутчэй раней, чым пазней. Але нам трэба рыхтавацца, нарошчваць уласныя рэсурсы, каб потым павярнуць сітуацыю да лепшага», — адзначае Ліхачэўскі.

І асобнае пытанне — гэта бяспека ўдзельнікаў платформы. Як сказаў Павел Лібер, распрацоўшчыкі не збіраюць, не захоўваюць, і не выкарыстоўваюць персанальныя звесткі беларусаў, якія будуць карыстацца платформай. Калі ж раптам пасля такія даныя для чагосьці спатрэбяцца, то ў распрацоўшчыкаў ёсць дамовы з некалькімі іншымі кампаніямі, якія будуць забяспечваць «дэцэнтралізаванае захоўванне» такіх звестак.

«Гэта значыць, не будзе нейкі базы даных, якую можна зліць або скрасці», — тлумачыць Лібер.

Праўда, цяпер у Беларусі сілавікі правяраюць тэлефоны, спрабуючы знайсці падпіскі на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы. Калі дадатак «Лічбавай Беларусі» раптам трапіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то для ўнутрыбеларускіх карыстальнікаў ужо ёсць рашэнне — звычайны сайт, які можна будзе наведваць праз VPN, як робіцца цяпер з усімі заблакаванымі рэсурсамі.

Цяпер прыкладанне ўжо дасяжнае для спампоўвання ў Google Play і AppStore. Хутка з'явіцца версія і для тых кітайскіх тэлефонаў, якія «не сябруюць» з Google. Так што вялікае тэставанне «Новай Беларусі» пачалося.