«Лукашэнку да вайны яны лічылі нармальным чуваком і абсалютна не ведалі, што ў нас адбывалася»
Гісторыя беларуса, які ўцёк ад рэжыму і заспеў у Кіеве пачатак расійскага ўварвання.
Тысячам беларусаў, якія былі вымушаныя бегчы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і знайшлі новы дом ва Украіне, праз вайну давялося стаць бежанцамі ў другі раз. Віталь — прадстаўнік «Краіны для жыцця». Яго актыўнасць пачалася з перадвыбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага.
— Я збіраў подпісы на Камароўскім рынку ў Мінску. 9 жніўня 2020 быў на стэле, 10 жніўня — на Пушкінскай, дзе мяне зачапіла гумовая куля. Бачыў смерць Тарайкоўскага. Пасля жніўня мы арганізоўвалі дваровыя зум-званкі са Святланай Ціханоўскай, спачатку ў Мінску, а потым — па розных гарадах. Выпускалі пратэсную газету «Рэальныя навіны». Арганізоўвалі лекцыі па самакіраванні. Распаўсюджвалі налепкі, мерч, улёткі. Дапамагалі палітвязням.
Восенню 2020 года мяне затрымалі на жаночым маршы. Праўда, тады міліцыя не паспела зразумець, хто я, і да ночы адпусцілі. Раней я працаваў у судовай сістэме, таму ведаў, што, хутчэй за ўсё, мне выпішуць штраф. Так і адбылося, але я яго не аплачваў, хоць фонды прапаноўвалі мне дапамогу.
Віталь распавядае, што знаёмыя папярэдзілі яго пра ўзбуджэнне крымінальнай справы:
— Часу на зборы было менш за суткі. Праз лес праехаў у Расію, затым адносна лёгка прайшоў расійска-ўкраінскую мяжу, таму што злавіў часавы прамежак, калі мяне пачалі шукаць у Беларусі, але яшчэ не зрабілі невыязным. Праз тыдзень пасля майго ад'езду памерла маці. Але я ўжо не мог вярнуцца, каб яе пахаваць…
Мне заўсёды было камфортна ва Украіне, таму вырашыў застацца, ды і візы не было, каб далей ехаць. У 2014 годзе я ўжо жыў у Кіеве больш за паўгода. Ва Украіне я не адчуваў ні маральнага, ні моўнага бар'еру. Лёгка легалізаваўся і пачаў дапамагаць іншым: зарэгістравалі фонд і афармлялі актыўных беларусаў валанцёрамі, што было падставай для атрымання віду на жыхарства.
Віталь успамінае, што жыў у Кіеве ўжо паўгода, калі пачалася вайна.
— З восені 2021 года ва Украіне ва ўсіх гарадах праходзілі ваенныя трэнінгі, арганізаваныя «Азовам». Я бачыў, што многія рыхтуюцца да пачатку вайны. Мы збіраліся ў бары з хлопцамі, якія пасля арганізавалі полк Каліноўскага. Нам чыталі лекцыю, што рабіць, калі пачнецца вайна: якія патрэбныя лекі, якія прадукты купіць у першую чаргу. Але тады ніхто не думаў, што ўсё будзе адбывацца ў такіх маштабах. Да апошняга не верылася, што Кіеў пачнуць бамбіць, хоць за 2-3 дні да пачатку вайны мы грунтоўна закупіліся ўсім неабходным і дамовіліся сабрацца ў нас на кватэры ў выпадку чаго.
Раніцай 24 лютага мяне разбудзіла суседка: «Усё, бамбяць!». Я ўжо і сам чуў: мы жылі ў раёне метро Мінская, якраз на выездзе да Ірпеня і Бучы. Грукатала канкрэтна. Да нас прыехалі яшчэ пару чалавек з розных раёнаў. Адзін знаёмы з Вышгарада расказаў, што разбамбілі вайсковую частку побач з яго домам. Схадзілі ў аптэку. Па дарозе я ўбачыў, як падлеткі капалі акопы. Тады я ўсвядоміў, што Кіеў ніколі не здадуць.
Ад'язджаць спачатку мы не планавалі. Больш за ўсё палохалі паведамленні, што Кіеў акружаны. Мы не ведалі рэальнай сітуацыі. Чулі толькі, што дзесьці штосьці выбухае. Прарвалася дыверсійная група, якую расстралялі каля нашага дома. Гукі стрэлаў вакол — гэта даволі непрыемнае адчуванне, калі мякка выказвацца.
На другі ці трэці дзень з Telegram-каналаў мы даведаліся, што ў Кіеве раздаюць зброю. Два разы, пакуль мы дабягалі да патрэбных кропак, яно ўжо заканчвалася. На трэці раз мы былі ў чарзе аднымі з першых, але на нас выклікалі паліцыю праз беларускія пашпарты. Пасля гутаркі адпусцілі, але зброю так і не выдалі.
Праз тыдзень і наша кампанія вырашыла паспрабаваць з'ехаць. Машыны ў нас не было, але цягнікі хадзілі. Метро не працавала, таму мы пайшлі на вакзал пешшу. Па дарозе натыкнуліся на перастрэлку: схавацца было няма дзе, давялося проста бегчы далей.
Віталь разумеў, што немагчыма знайсці кватэру ў буйных гарадах Заходняй Украіны: плынь бежанцаў была занадта вялікай.
— Калі пад'язджалі да Хмяльніцкага, убачылі станцыю Жмерынка, і я прапанаваў выйсці. Даведаліся, што ў горадзе ёсць пункт прыёму бежанцаў, і пайшлі туды. Праз 10 хвілін па нас прыехалі супрацоўнікі СБУ. Усіх рассадзілі па асобных пакоях, пачалі дапытваць. Пасля таго, калі даведаліся, хто мы, нават папрасілі прабачэння. На наступны дзень мы пайшлі ў мясцовую адміністрацыю, сказалі, што хочам дапамагаць. У выніку плялі маскіровачныя сеткі, рабілі кактэйлі Молатава, дапамагалі тэрабароне.
З мясцовымі у нас былі добрыя адносіны. Адзінае, Лукашэнку да вайны яны лічылі нармальным чуваком і абсалютна не ведалі пра сітуацыю, якая ў нас адбывалася: ні пра масавасць пратэсту, ні пра катаванні ў турмах. Калі я расказваў, што ў нас садзяць за адзенне пэўнага колеру, людзі не маглі паверыць.
Да сярэдзіны красавіка Віталь жыў у Жмерынцы. Калі зразумеў, што толку ва Украіне ад яго ўжо няма, вырашыў выехаць у Польшчу.
— Палякі адвялі на гутарку, праверылі тэлефон: паглядзелі фота, запісы. Але асаблівых праблем не было: раніцай я ўжо быў у Варшаве. Прабыўшы тыдзень у Польшчы, захацеў вярнуцца ва Украіну. Купіў квіток, але мяне знялі з аўтобуса. Я вырашыў, што гэта знак лёсу і трэба пакуль заставацца ў Варшаве.
Віталь прызнаецца, што не адчувае сябе камфортна ў Польшчы.
— Мая адаптацыя тут праходзіла цяжка: іншая мова і лад грамадства, польскі побыт своеасаблівы. Няўтульна сябе адчуваю тут: вывучэннем польскай так і не заняўся, не хачу жыць у Польшчы заўсёды, хоць знайшоў добрую працу паліграфолагам ва ўкраінскай кампаніі.
Віталь выразна ўсведамляе, што яго планы на будучыню залежаць ад развіцця сітуацыі.
— Пры першай магчымасці хачу вярнуцца ў Беларусь. І буду рабіць усё, каб паскорыць гэты працэс. Вельмі спадзяюся на 2023 год. У другой яго палове планую вярнуцца хаця б у Кіеў.
Упэўнены, у вайне пераможа Украіна. Пытанне, наколькі гэта зацягнецца і якой цаной будзе дасягнута. А без падтрымкі Расіі, думаю, Лукашэнка доўга не працягне: ні ў эканамічным, ні ў вайсковым плане.
Матэрыял падрыхтаваны Таццянай Свірэпа для праекта "Voice of Belarus".