«Важная не столькі колькасць тых, хто з'ехаў, колькі іх якасць»
Час ад часу ў беларускай інфармацыйнай прасторы ўзнікаюць лічбы, якія апісваюць колькасць беларусаў, што пакінулі Беларусь пасля 2020 года. Лічбы прыводзяцца розныя (ад дзясяткаў тысяч да соцень) і яны апісваюць розныя сферы і працэсы, адзначае сацыялагічны тэлеграм-канал «Што думаюць беларусы».
Абмяркоўваецца ўзровень міграцыі ў цэлым і маштабы рэлакацыі асобных прафесійных груп у прыватнасці (часцей за ўсё кажуць пра «айцішнікаў»), аб'ёмы выезду наогул і прыбыцця беларусаў у нейкую асобную краіну (часцей за ўсё кажуць пра Польшчу, Літву ці Грузію).
Аднак канкрэтную колькасць беларусаў па любой пазіцыі — што агульнай, што прыватнай — назваць складана. Дый практычна гэта мала магчыма, таму што:
А. Колькасць віз, выдадзеных за пэўны перыяд што якой-небудзь канкрэтнай краінай, што ўсім Еўрасаюзам, малаінфарматыўная. Па-першае, людзі выязджалі і па раней выдадзеных візах, па-другое, не кожная выдадзеная пасля 2020 года віза «рэалізоўвалася» (напрыклад, па праграме IT-рэлакацыі Poland Business Harbour у Польшчу ўехала ў чатыры разы менш людзей, чым яе атрымалі).
Б. Эміграцыя ці ўцёкі з Беларусі ідзе не толькі і ў краіны, куды беларусам трэба адкрываць візы. Ёсць дастаткова краін, з якімі ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым — дастаткова ўспомніць тую ж Грузію, дзе беларуская дыяспара аформілася ўжо ў 2020 годзе, або Узбекістан, які ў ліку іншых зрабіў стаўку на беларускіх айцішнікаў у 2020 годзе.
А побач яшчэ і Расія, куды не толькі рэлакуюцца «на ўсялякі выпадак», але і сапраўды бягуць ад пераследаў лукашэнкаўскага рэжыму (на жаль, часам з сумным вынікам). І расійскія «паказчыкі» як па палітычнай міграцыі, так і па паездках на заробкі могуць падвойваць дадзеныя па ўсіх іншых напрамках.
В. Беларуская міграцыя дынамічная — і з пункту гледжання зыходу (толькі пасля 2020 года ўжо было дзве вялікія хвалі), і з пункту гледжання змены наступных краін знаходжання. Для атрымання паўнавартасных статыстычных дадзеных па колькасці беларускіх мігрантаў трэба ўзгадненне працы памежных і міграцыйных службаў занадта вялікай колькасці краін. А гэтым ніхто займацца не будзе — няма сэнсу.
А што мы ведаем?
1. Мы ведаем, што Беларусь імкліва губляе работнікаў — у 2022 годзе колькасць занятых у беларускай эканоміцы некалькі разоў абнавіла гістарычныя мінімумы (красавік — 4234 тысяч чалавек, ліпень — 4197 тысяч, верасень — 4194 тысяч, лістапад — 4193 тысячы). Усяго за 2022 год эканоміка страціла больш за 68 тысяч занятых. Зразумела, што тут адбіваецца і смяротнасць (у тым ліку і кавідная), і выхад на пенсію, але і міграцыя таксама.
2. Мы ведаем, што Беларусь пакідаюць у асноўным высокакваліфікаваныя спецыялісты, прычым як інтэлектуальнага профілю, так і рабочых спецыяльнасцяў — і гэта не толькі ўмоўныя «праграмісты» (паводле ацэнак dev.by, з восені 2020 года Беларусь маглі пакінуць больш за 20 тысяч айцішнікаў), але і медыкі (на 8 снежня ў краіне мелася больш за 8 тысяч вакансій медыцынскага профілю), і будаўнікі (за студзень-лістапад 2022 года будаўніцтва страціла больш за 11 тысяч работнікаў), і прадстаўнікі іншых прафесій.
3. Мы ведаем, што Беларусь пакідаюць не толькі людзі, але цэлыя арганізацыі і структуры. Тут маюцца на ўвазе не толькі і не столькі замежныя інвестары і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый (хоць і гэта важна), але менавіта беларускія незалежныя структуры — медыя, даследчыя цэнтры, НДА. Іх знішчаюць і выціскаюць з Беларусі, але яны працягваюць сваю працу ў замежжы.
Я гэта ўсё да таго, што тут важная не столькі колькасць «тых, хто з'ехаў», колькі якасць і ўзровень страт Беларусі ў выглядзе пазбаўлення чалавечага, сацыяльнага і арганізацыйнага капіталу, прычым як актуальнага, так і перспектыўнага. У параўнанні са стратамі сацыяльна-дэмаграфічнага характару (а іх, я думаю, можна ацаніць прыкладна ў 5% працаздольнага насельніцтва, што таксама вельмі нямала), гэтая ўцечка маладых мазгоў і талентаў значна больш драматычная і страшная.
Аналізуючы беларускую дыяспару, я б рабіў акцэнт на гэтым — не на фармальнай колькасці тых, хто з'ехаў, якіх усё роўна не злічыць, а на капітале, які можа быць карысны Беларусі. На носьбітах гэтага капіталу, для якіх Беларусь была і застаецца каштоўнасцю, якую варта берагчы і дзеля якой варта працаваць і змагацца.
Увагу трэба надаваць не ўсім беларусам замежжа, а беларускай дыяспары. Беларуская дыяспара — гэта не пашпарт і не час выезду, а праактыўная пазіцыя, згуртаванасць з аднадумцамі і Беларусь у сэрцы.