Дзеці таксама атрымліваюць траўму ад эміграцыі. Разбіраем з псіхолагам бацькоўскае «пачуццё віны»

Што рабіць з пачуццём віны перад дзецьмі за вымушаныя пераезды і няўстойлівы свет? Як дапамагчы малым адаптавацца ў новай краіне і справіцца з траўмай? Пагаварылі пра гэта з псіхатэрапеўткай Яўгінняй Тачыцкай, якая сама нядаўна з'ехала з Беларусі з дзецьмі.

_belarus_czalavek_halodnaja_vjasna_sum_czakanne__belarus_pryroda_zjablik_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__logo.jpg


З 2020 года праз рэпрэсіі многія беларусы вымушана вандруюць па ўсім свеце, шмат зʼехалі з дзецьмі і змянілі ўжо не адну краіну. Таму нярэдка ў эмігранцкім асяроддзі можна пачуць словы накшталт: «Я не ўпэўнены/а, што вярнуся ў свабодную Беларусь, бо наўрад ці яшчэ раз змагу вырваць дзіця з абжытага месца, адарваць ад сяброў».

Ці сапраўды дзеці траўміруюцца праз пераезды?

— Дзеці атрымліваюць такую ж траўму ад эміграцыі, як і дарослыя, — гаворыць Яўгіння Тачыцкая. — Эміграцыя — гэта заўжды траўма ідэнтычнасці. У дарослых ідэнтычнасць сфармавана, а ў дзяцей не — ім цяжэй зразумець: «хто я?» у новых абставінах.

Дзеці адчуваюць настальгію, няёмкасць у новым грамадстве, тугу па тых, хто застаўся, і нават віну перад імі, бо разумеюць, што іх бабулям-дзядулям, сябрам дрэнна без іх. У падлеткаў траўма можа праяўляцца больш актыўна, бо на крызісны ўзрост накладаецца невядомасць, як і з кім сябраваць, фліртаваць, як усталяваць свой статус. Трэба разумець, што калі ў Беларусі дзеці адчувалі небяспеку, страх, то і ў новай краіне гэтыя пачуцці могуць працягвацца і не адразу яны выйдуць з свайго кокана.

Як дапамагчы дзецям перапрацаваць траўму?

Яўгіння Тачыцкая падкрэслівае, што, каб дапамагчы дзецям, бацькам, у першую чаргу, трэба паклапаціцца пра сябе:

— Дзецям трэба абапірацца на дарослых. Але ў саміх дарослых у эміграцыі хапае стрэсаў, праз што ім часам цяжка быць надзейнай апорай. Калі вы нервова шукаеце кватэру, працу, пакутуеце ад незнаёмай мовы, дык піць разам какаву і есці зефіркі разам не вельмі атрымліваецца. У гэтых абставінах дарослым важна клапаціцца перш пра сябе, каб быць больш стабільнымі і мець сілы дбаць не толькі пра матэрыяльную, але і пра эмацыйную частку сям’і. Важна як мага часцей словамі і дзеяннямі падкрэсліваць, што вы разам, што на вас можна абаперціся, прагаворваць: «Мне таксама сумна і страшна і я магу гэта перажыць, і таму разумею вашы перажыванні — мы справімся ўсе разам». Калі стан дарослага палепшыцца, вельмі верагодна, што стан дзіцяці палепшыцца аўтаматычна.

Псіхатэрапеўтка прапануе наступны чэк-ліст, які дапаможа дзецям адаптавацца ў эміграцыі:

1. Абмяркоўвайце з дзецьмі пераезд да самога пераезду: чаму і куды пераязджаеце.

2. Падкрэслівайце, што тое не на ўсё жыццё, гэта не фатальна, як смерць, з цягам часу нешта можна будзе змяніць.

3. Дазвольце ўзяць дзецям іх улюбёныя рэчы: настолкі, кніжкі, коўдру, нават брудную палку, калі яна мае значэнне для іх.

4. Лепш пачаць вывучаць мову краіны пераезду да эміграцыі.

5. Раскажыце пра краіну перад пераездам, знайдзіце цікавасці, каб у дзяцей з’явілася мара і ім захацелася б там пабываць і здзейсніць яе. Напрыклад, «Тут можна лепшы ноўтбук купіць, бо танней», ці «Там ёсць мора!»

6. Падумайце, ці есць, акрамя вас, нейкі дарослы, які знаходзіцца па-за межамі сітуацыі і можа падтрымаць вашых дзяцей.

7. Нагадвайце дзецям пра магчымасць сустрэч з родзічамі, сябрамі па відэасувязі, дапамагайце арганізоўваць тыя сустрэчы.

8. Інтэгруйце дзяцей у гурткі ці школы, дзе ёсць дзеці эмігрантаў-беларусаў, але і паступова стымулюйце іх інтэграцыю з мясцовымі равеснікамі.

9. Стварайце новую сямейную гісторыю ў новым месцы, каб праз год вы маглі сказаць: тут мы заўжды пілі каву, тут каталіся з горкі, тут кармілі ламу ў заапарку…

10. Усталюйце рытм жыцця на новым месцы. Сталы расклад — добрая апора.

Як прапрацаваць сваё пачуццё віны перад дзецьмі?

Задача бацькоў — забяспечыць дзецям бяспеку і лепшае жыццё. Мы пераязджаем з Беларусі зараз як раз, каб тое забяспечыць, і гэты пераезд вымушаны. Якая тут віна? Тут трэба ганарыцца — вы добра выконваеце свае бацькоўскія абавязкі, — лічыць спецыялістка. Але ж калі такое пачуццё віны прысутнічае, яна раіць чатыры парады.

— Па-першае, трэба разбірацца, адкуль тая віна. Праз траўму дзіцяці, ці праз асабістую траўму саміх бацькоў? Дзеці на самой справе так пакутуюць, ці гэта  адчуванні дарослага, такія як стома, бяссілле, якія складана перажываць самому, і мы несвядома прыпісваем іх дзецям?  Калі цяжка самім разабрацца з гэтым, і пачуццё віны не дае спакою, трэба звярнуцца да псіхолага.

Па-другое, я б не раіла загадваць наперад. Дзеці падрастуць і могуць, напрыклад, сказаць: бацькі, вяртайцеся на радзіму, а мы тут застанемся, ніякіх праблем, — ці, наадварот, з радасцю вернуцца самі. А можа здарыцца цуд, і мы ўсе вернемся ў краіну праз паўгады.

Па-трэцяе, няварта вінаваціць сябе за тое, на што не можаце ўплываць. Мы не павінны (і не можам) кантраляваць усе. «Вось зрынуў бы я рэжым, дзеці засталіся б на радзіме». Але гэта немагчыма, гэта звышкантроль, пыха. Вельмі цяжка змірыцца са сваім бяссіллем, і тады віна становіцца больш лёгкай заменай гэтага невыноснага пачуцця.

Ну і акрамя ўсяго, трэба дазваляць сабе і дзіцяці перажываць смутак эміграцыі, смутак — гэта адзіны клей, які склейвае разбітую ідэнтычнасць. Натуральна сумаваць па родных мясцінах, дзе ўсё знаёмае, людзях, былому ладу жыцця. Смутак можа цягнуцца год-паўтары і болей, гэта нармальна. Ненармальна, калі акрамя смутку нічога больш няма — тады гэта ўжо дэпрэсія.

Як прыклад, дарэчы, можна сказаць, што ўсе мы эмігранты з дзяцінства і часам сумуем па ім — гэта адно з таго, што робіць нас людзьмі. Важна дазваляць сабе і дзецям смутак па страце чагосьці каштоўнага, не трэба натужна зваць увесь час быць у аптымістычным настроі.