Эканаміст: Рост зарплаты працягнецца, можа быць, два-тры месяцы, але не больш

Напрыканцы мінулага года многія беларусы змаглі, нарэшце, парадавацца павелічэнню даходаў. Але старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра «BEROC» эканаміст Дзмітрый Крук у інтэрв'ю «Філіну» тлумачыць, чаму гэтая радасць не працягнецца доўга.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


У снежні 2022 года рэальны заробак, паводле Белстата, быў большым на 0,6%, чым годам раней, у снежні 2021-га. Яшчэ больш дзівосную лічбу можна ўбачыць, калі параўнаць сярэдні заробак па краіне за снежань і лістапад 2022-га. Рост складае 16,2%. Эксперты сыходзяцца ў меркаванні: на такі істотны рост паўплывала традыцыйная сезоннасць, то-бок разнастайныя прэміяльныя і бонусныя выплаты ў канцы года.

— Для снежня гэта сапраўды абсалютна тыповая карціна, — пацвярджае Дзмітрый Крук. — Штогод у сувязі з гадавымі выплатамі, прэміяльнымі,«13-м заробкам» і іншымі бонусамі сярэдняя заработная плата ў снежні адносна лістапада ўзрастае на 13-17%.

Таму значная частка ў розніцы паміж снежнем і лістападам і ёсць той самы сезонны складнік. Аднак, нават з ліквідацыяй гэтага сезоннага фактару, у снежні 2022 года ўсё роўна назіралася значнае павышэнне заробкаў.

Па маіх падліках, пры ліквідацыі сезоннага фактару рост рэальнай зарплаты ў снежні ў параўнанні з лістападам склаў прыкладна 3,2%. Гэтая лічба значна больш сціплая за агучаную Белстатам, але, тым не менш, рост значны.

У любым выпадку, пасля працяглага этапу падзення заробкаў на працягу амаль усяго 2022 года з улікам гэтага трохпрацэнтнага росту выйсці на даваенныя паказчыкі ўсё роўна не ўдалося.

А гістарычны максімум па заробках у нас быў у канцы 2021 — пачатку 2022 года, апошні месяц — люты, калі санкцыі яшчэ не паспелі падзейнічаць.

Таму, з аднаго боку, нібы адбыўся надлом трэнду на працягу папярэдніх 7-8 месяцаў, калі рэальная зарплата спачатку падала, а затым стагніравала.

Я б не спяшаўся называць гэты снежаньскі ўсплёск нейкім неверагодным.

— У ЕАБР гэты, як вы кажаце, «надлом трэнду» звязваюць з запаволеннем інфляцыі ў выніку дзеяння адміністрацыйных мер, якія ўрад актыўна прымаў у апошнім квартале 2022 года.

— Тэхнічна і гэта таксама паўплывала. Рэальная зарплата — гэта намінальная зарплата, падзеленая на індэкс цэн. Паколькі інфляцыя цяпер запавольваецца, а два месяцы нават была дэфляцыя, вядома, гэта адбілася на рэальным заробку.

Але ключавым фактарам стаў рост намінальнага заробку ў снежні, больш значны, чым традыцыйныя сезонныя ваганні.

За кошт чаго яе ўдалося нарасціць? На маю думку, было задзейнічана некалькі механізмаў.

Невідавочна, але ўсё больш важную ролю грае адток кваліфікаваных кадраў. Асабліва гэтая праблема адчуваецца ў прыватным бізнесе. Нягледзячы на тое, што эканоміка знаходзіцца ў прыгнечаным стане, многія бізнесы гатовы канкурыраваць за зарплату, паколькі адсутнасць людзей можа наогул паставіць пад пытанне іх жыццяздольнасць.

Дарэчы, гэты адкладзены ўплыў вялікіх аб'ёмаў міграцыі яшчэ паўтара года таму спрагназавала мая калега Кацярына Барнукова. У доўгатэрміновай перспектыве гэта разбурае чалавечы капітал, што, адпаведна, аслабляе магчымасці росту эканомікі, але на кароткім часавым прамежку гэта можа падштурхоўваць да росту заработнай платы.

Тыя, хто хочуць захаваць свой бізнес, да пэўнай рысы будуць спрабаваць падцягваць каштоўным супрацоўнікам зарплаты нават насуперак пагаршэнню свайго фінансавага стану.

Таксама ў снежаньскую дынаміку ўнесла свой уклад павышэнне зарплаты бюджэтнікам. З тых бедных звестак, якія можна ўбачыць на Белстаце, у бюджэтных арганізацыях адбыўся досыць істотны скачок намінальнай заработнай платы. Мяркую, гэта было мэтанакіраванае, як і ў папярэднія перыяды, стымуляванне з боку дзяржавы.

Адным з матываў, мне падаецца, з'яўляецца імкненне неяк падштурхнуць эканоміку праз спажывецкі попыт, і гэта адзін з нешматлікіх пакінутых у іх распараджэнні механізмаў.

Не абышлося і без сацыяльнага фактару. Заробкі павышаюцца ў сувязі з апаскай сацыяльных трэнняў, незадаволенасці. Падобна, гэтую інтэрвенцыю дазволіла правесці тое, што стан бюджэту аказаўся некалькі лепшым, чым чакалася.

Але пры ўсім гэтым вельмі сумняваюся, што ў снежні мы ўбачылі фарміраванне нейкага новага трэнду.


— Гэта значыць, вы не прагназуеце стабільнага росту заробкаў, хай і не на ўзроўні 16%, а нават значна меншым?

— Я не лічу, што гэта быў злом трэнду, свядома назваўшы тое, што адбылося, надломам. Сумняваюся, што тэндэнцыя росту заработнай платы застанецца ўстойлівай хоць бы на працягу двух-трох кварталаў. Два-тры месяцы, можа быць, але не больш. Чаму? Прычыны досыць відавочныя. І першая і самая галоўная — вельмі сумныя перспектывы для росту эканомікі, нягледзячы на аптымістычныя заявы ўрада.

Акрамя гэтага, зноў стала павялічвацца доля выдаткаў на заработную плату на прадпрыемствах, асабліва з улікам снежаньскага павышэння. Працягваць нарошчваць яе вельмі складана без скарачэння, напрыклад, матэрыяльных ці іншых выдаткаў. А ў іх структуры і так усё, што можна было пераразмеркаваць на карысць заработнай платы, у папярэднія гады ўжо было пераразмеркавана.

Заработная плата можа расці натуральным чынам толькі пры ўпэўненым росце эканомікі. Але паколькі яго не намячаецца, тое, што мы назіралі ў снежні, стане, хутчэй за ўсё, не ўстойлівай тэндэнцыяй, а кароткатэрміновым усплескам.

Гэта значыць казаць, што заробкі зноў перайшлі да ўпэўненага росту, як мінімум, заўчасна, і я з вялікай доляй упэўненасці мяркую, што гэтага не здарыцца ў агляднай будучыні.

— Тым не менш ёсць цэлыя галіны, якія цяпер могуць быць рэальна задаволеныя сваімі заробкамі. З-за міграцыі айцішнікаў драйверамі па ўзроўні заробкаў упершыню за некалькі гадоў сталі прадстаўнікі іншых сфер. Нароўні з пасажырскім паветраным транспартам, гэта турызм, паслугі па браніраванні, паштовыя паслугі, кур'ерская служба і некаторыя іншыя.

— З высокай доляй верагоднасці магу выказаць здагадку, што адбылася некаторая адаптацыя да новых умоў. Паветраны транспарт — гэта, у першую чаргу, «Белавія». З 2021 года на фоне санкцый яны сутыкнуліся з вялікай колькасцю абмежаванняў, што прывяло да зніжэння заробкаў. Але паступова яны павялічылі колькасць рэйсаў у розныя рэгіёны Расіі, магчыма, скарацілі частку супрацоўнікаў, у сувязі з гэтым сярэдняя зарплата стала аднаўляцца.

Гэта значыць, рост заробкаў у гэтай галіне, у першую чаргу, аднаўленчы, звязаны з некаторай адаптацыяй да новага асяроддзя.

Падобным чынам ідуць справы і ў іншых галінах, дзе мы можам бачыць у апошнія перыяды бурны рост заробкаў. Ён, як правіла, звязаны альбо з нейкімі спецыфічнымі схемамі адаптацыі да санкцый, альбо з магчымасцю заняць нейкія нішы на расійскім рынку, якія ім адкрыліся.

Але ўсё гэта гісторыі вельмі ненадзейныя і наўрад ці працяглыя. І мы не можам казаць, што з'явіліся нейкія ўстойлівыя лідары па ўзроўні заробкаў, як, напрыклад, раней казалі пра спецыялістаў IT.

— Яшчэ адзін гістарычны максімум, які ўтварыўся з прычыны гэтага сезоннага фактару — сярэдняя зарплата ў Мінску, яна за снежань склала 2728 рублёў, што перавысіла казачныя тысячу долараў.

— Звычка мераць нашы заробкі ў доларавым эквіваленце часам спараджае памылкі ўспрымання. Доларавы паказчык не з'яўляецца поўным сінонімам пакупніцкай здольнасці. Рублёвая зарплата з карэкціроўкай на індэкс цэн — так будзе больш дакладна.

Так, у доларавым эквіваленце сёння заробак адчувальна вырас. Але проста параўнайце пакупніцкую здольнасць пры наяўнасці славутых 500 долараў сёння і некалькі гадоў таму. Яна вельмі моцна адрозніваецца, прычым не ў лепшы бок.

З-за гэтай «доларавай ілюзіі» беларусам, хто ўбачыў новыя лічбы пры пераліку заробку ў долары, падаецца, што яны разбагацелі.

Але сёння рэкордныя лічбы зарплаты ў доларавым эквіваленце ў большай меры звязаны не з ростам пакупніцкай здольнасці, а з доларавай інфляцыяй і спецыфікай абменнага курсу.