Колькі грошай трэба «для шчасця» сярэдняму беларусу? Спойлер: не так ужо і шмат

Людзі з невысокімі даходамі могуць досыць канкрэтна распавесці пра парог мараў аб сваім фінансавым дабрабыце, таму што ім даводзіцца апераваць невялікімі сумамі. Урад краіны доўгі час быў упэўнены, што мяжа мараў электарату — $500.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Вакол гэтай магічнай лічбы, бы мухі вакол мармеладу, раяцца думкі прапагандыстаў і чыноўнікаў усіх рангаў да гэтага часу.

Але адкуль узялася гэтая сума? Як атрымалася вылічыць патаемныя жаданні «глыбіннага беларуса»? Хутчэй за ўсё, гэта на ўзроўні адчуванняў. Аднак тэлеграм-канал «Нашы грошы» вырашыў падысці да пытання болей грунтоўна, правёўшы рэальныя разлікі.

Канец мінулага года адзначыўся адразу некалькімі тэндэнцыямі, у якіх цалкам адназначны сукупны эфект. З аднаго боку, закрыццё еўрапейскага рынку, санкцыі, эканамічны крызіс. З іншага — значны рост заробкаў, у тым ліку і ў валютным эквіваленце, да велічынь, якіх раней ніколі дасягнуць не ўдавалася.

Звярнуўшы ўвагу на даныя па зарплаце і ашчадных паводзінах беларусаў, якія публікуе Нацбанк, мы бачым, што, калі трэнд на рост зарплаты стаў прыкметны не толькі прапагандыстам, але і насельніцтву, з'явіўся стабільны попыт на валюту. Дастаткова сказаць, што з верасня па снежань 2022-га насельніцтва на чыстай аснове купіла $472 млн.

Калі паглядзець у гістарычнай рэтраспектыве, то стане зразумела, што валютны рынак Беларусі заўсёды вельмі чуйна рэагаваў на рост зарплатаў. Калі падсумаваць у цэлым усю прададзеную і набытую, напрыклад, з 2010 года валюту, то акажацца, што насельніцтва за апошнія 12 гадоў было чыстым прадаўцом валюты (сукупна прадаўшы на $2 млрд больш, чым купіўшы). Гэта азначае, што назапашваць валюту так і не ўдаецца.

Тым не менш, у перыяды «зарплатнай адлігі» людзі актыўна аднаўлялі «запасы», якія даводзілася марнаваць у перыяды крызісаў.

Асаблівасці такіх паводзінаў закладзеныя ў важнай праблеме беларускай эканомікі — «пастцы сярэдняга даходу». Такая эканоміка з-за невысокага росту вытворчасці, яе слабой дыверсіфікацыі і складанасцяў з доступам на знешнія рынкі не ў стане за кошт уласнага развіцця задавальняць попыт пры росце заробкаў. Таму са з'яўленнем «лішніх» грошай беларусы іх не проста адкладаюць, а ўкладаюць у замежную валюту, якую кладуць пад матрац (гэта значыць, ураду гэта не выгадна).

Мала таго, беларусы пераходзяць у іншую мадэль спажывання: пачынаюць купляць Samsung замест Атланта, Indesit замест Гефеста, Ikea замест Пінскдрэва. Усе гэта прыводзіць да росту імпарту і далейшага даларызацыі эканомікі.

Але дзе ж тая мяжа, пасля якой пачынаецца беларуская «пастка сярэдняга даходу»?

Спрабуючы высветліць дакладную суму, эканамісты прааналізавалі валютны рынак з 2010 па 2022 год, каб паглядзець, як паводзілі сябе беларусы на валютным рынку пры розных узроўнях заробкаў: куплялі валюту ці, наадварот, здавалі яе. Аказалася, што «Рубікон», пры якім насельніцтва хутчэй купляе валюту, чым прадае, у разгляданы перыяд прыпадае на зарплату $375 у месяц.

Груба кажучы, $375 у месяц — гэта тая мяжа, пасля якой ужо хапае на «выжыць», і можна хоць трохі адкладаць.

Характэрна, што за гэты час беларускі вытворца хоць і зрушваецца ў бок больш плацежаздольнага попыту і імкнецца яго задаволіць, але робіць гэта недастаткова актыўна.

Таму ў цэлым атрымліваецца, што мясцовы вытворца хутчэй арыентаваны на больш беднага спажыўца, і дзяржсектару нявыгадныя багатыя беларусы! Бо яны будуць хутчэй збіраць валюту, і пры гэтым зусім не настроеныя падтрымліваць малаканкурэнтнае айчыннае прадпрыемства-зомбі, купляючы яго прадукцыю.

Для таго каб адаптавацца пад вялікія чаканні з боку насельніцтва, патрабуецца адкрыты рынак, свабодная канкурэнцыя і надзейнае заканадаўства...

Адпаведна, высновы пра тое, ці ёсць у цяперашняга ўрада матывацыя імкнуцца да заробку грамадзян «больш, чым па $500», вы можаце зрабіць самі.