Выдаткі на вайну: расійская эканоміка мае шанец паўтарыць лёс савецкай

Прынята лічыць, што ў вайне з Украінай Расія захоўвае матэрыяльную перавагу, абапіраючыся на сілу сваёй эканомікі і здольнасць пуцінскага рэжыму да мабілізацыйных намаганняў. Але сёння гэта зусім не так.

1778147146_0_0_2732_2048_1280x0_80_0_0_329d29ed1fa3677a899472eff2dc3636.jpg


Перавага РФ была відавочнай напярэдадні ўварвання, піша аглядальнік тэлеграм-канала «Можам патлумачыць»Сяргей Шэлін у выданні «Палігон». Бягучыя ваенныя выдаткі Расіі і назапашаныя ёю рэсурсы казалі пра ўяўную матэрыяльную перавагу не толькі над Украінай, але і над усімі краінамі, якія суседнічалі з РФ або Украінай і ў вачах Пуціна былі яго сапернікамі і (або) будучымі сатэлітамі.

Восем памежных краін NATO, а таксама Фінляндыя і Малдова ў сваіх сумарных вайсковых выдатках прыкметна саступалі Расіі ($56 млрд супраць $66 млрд), а перавага РФ перад Украінай была ўвогуле значнай.

rashody_1400x788.png

Прыведзеныя тут ацэнкі Стакгольмскага інстытута вывучэння праблем міру (SIPRI) лічацца найбольш поўнымі, бо методыка SIPRI ўключае ў ваенныя разлікі не толькі бюджэты абаронных ведамстваў, але і іншыя профільныя выдаткі.

Расія ўпэўнена лідзіравала ў гэтай групе краін не толькі па суме ваенных трат, але і па іх долі ў ВУП (4,1%). На другім месцы была Украіна (3,2%), якая да таго ж у дзевяць разоў саступала РФ па велічыні эканомікі ($0,2 трлн супраць $1,8 трлн).

Хоць ваенныя дзеянні развіваліся і не па плане Пуціна, але на першых фазах матэрыяльная перавага Расіі сапраўды была велізарнай. Вялізнымі былі і яе страты. Пасля першых дзевяці месяцаў вайны ацэнку гэтых страт ($82 млрд) апублікавала ўкраінскае выданне часопіса «Forbes».

Вылічэнне непасрэдных выдаткаў РФ на вядзенне ваенных дзеянняў абапіралася на дакладныя або рэалістычныя звесткі аб заробках кантрактнікаў і спадарожных выдатках на іх ($6 тыс у месяц), кампенсацыях за загінулых ($110 тыс), сярэднім кошце выпушчаных ракет і снарадаў ($3 млн і $1 тыс), сярэднім кошце страчаных самалётаў, верталётаў, танкаў і БМП ($18 млн, $10 млн, $1,6 млн і $0,6 млн).

Але, паколькі ў разлікі закладваліся лічбы расійскіх страт, якія паведамляюцца ўкраінскім ваенным ведамствам і не пацвярджаюцца ў незалежных крыніцах, агульная сума выдаткаў РФ, мабыць, перабольшаная.

Аднак уяўленне аб маштабах расійскіх ваенна-матэрыяльных праблем яна дае. І стыкуецца, калі прыкінуць, з велічынёй агульных страт расійскай эканомікі за першы год вайны (з-за санкцый, змены структуры выдаткаў, эміграцыі, мабілізацыі). Паводле ацэнкі фінансавага эксперта Аляксандра Пракапенкі, гэтыя страты склалі (у цэнах 2021 года) прыкладна 9 трлн руб, альбо больш за $120 млрд.

Што ж да ўкраінскіх ваенных трат 2022 года, то іх памер некалькі разоў пераглядаўся ў бок павелічэння і ў выніку дасягнуў, мабыць, $15-20 млрд.

Пры відавочнай розніцы ў выдатках на ваенныя дзеянні і Украіна, і Расія ўвайшлі ў 2023 год з вычарпанымі старымі арсеналамі і неабходнасцю абапірацца на тое, што выраблена або дастаўлена ўжо падчас вайны.


Бягучыя выдаткі

У 2022-ім выдаткі РФ па артыкуле «Нацыянальная абарона» выраслі на траціну ў параўнанні з параметрамі бюджэту, які быў зацверджаны перад вайной, а на 2023-ці запланаваны іх рост яшчэ на 6%. У мінулым і новым годзе яны складаюць адпаведна 4,7 трлн руб ($68,3 млрд) і 5,0 трлн руб ($72,7 млрд).

Супастаўленне выдаткаў па гэтым артыкуле ў папярэднія гады з разлікамі, апублікаванымі SIPRI, паказвае, што поўныя ваенныя траты РФ у 1,5–1,6 разы вышэйшыя за афіцыйныя выдаткі на «нацыянальную абарону». Гэта значыць, што ў 2023-ім поўныя выдаткі РФ на вайсковыя мэты складуць прыблізна $110 млрд і адпаведна дасягнуць 6% ВУП.

Далёка не ўсе гэтыя сродкі будуць выдаткаваны на вайну з Украінай — гэта і руцінныя вайсковыя расходы, не звязаныя з вайной. Акрамя таго, расійскаму кіраўніцтву давядзецца прыстасоўвацца да радыкальнай змены становішча па ўсёй лініі паўночна-заходніх, заходніх і паўднёва-заходніх меж РФ. Амаль усе краіны рэгіёна адказалі на расійскі напад на Украіну спешнымі ваеннымі падрыхтоўкамі.

Фінляндыя, якая вырашыла ўступіць у NATO, павялічыла бюджэт ваеннага ведамства ўдвая (да рэкордных $7 млрд) у параўнанні з выдаткамі двухгадовай даўнасці. А яе поўныя абаронныя выдаткі, па разліках SIPRI, яшчэ прыкметна вышэйшыя. РФ збіраецца адказаць на гэта стварэннем дзвюх новых вайсковых акруг — Ленінградскай і Маскоўскай — і камплектаваннем дадатковай вайсковай групоўкі, каб перакрыць тысячакіламетровую мяжу, якая перастала быць нейтральнай.

Турцыя ў 2023-ім павялічвае ваенны бюджэт на 27% (да $28,3 млрд). Яе першакласная армія і раней была мацнейшай за расійскую ў Сірыі і на Каўказе. Паколькі РФ не адмаўляецца ад сваіх імперскіх праектаў ні там, ні там, спаборніцтва з ваяўнічым турэцкім рэжымам будзе адцягваць яе сілы з галоўнага фронту.

Яшчэ больш рэзка рэгіянальныя расклады мяняе Польшча: у 2023-ім яе вайсковыя выдаткі вырастаюць на 68% (да $21,9 млрд). І справа не столькі ў тым, што маскоўскія праекты ўварвання ў Польшчу павінны цяпер быць адкінуты як хімерычныя, колькі ў рэальным узмацненні супрацьстаяння ўздоўж усяго заходняга фланга расійскай вайсковай сістэме, уключаючы ў яе і Беларусь. Для РФ гэта азначае вялікія дадатковыя выдаткі.

Меркаваныя вокамгненныя ўдары па балтыйскіх краінах таксама становяцца маларэальнымі. Ва ўсім шырокім рэгіёне крайнюю слабасць выказвае толькі Малдова, якая фактычна не мае арміі. Але яе цяпер прыкрывае Украіна.

Сумы, якія Украіна намерваецца выдзеліць на ваенныя выдаткі ў 2023-ім, самыя вялікія ў яе гісторыі. Зацверджаныя выдаткі на вайсковае ведамства перавышаюць $20 млрд (13,5% разліковага ВУП). А фактычна яны большыя яшчэ на некалькі мільярдаў, бо частка расходаў на іншыя сілавыя ведамствы таксама наўпрост пойдзе на абарону.

Каб забяспечыць выдаткі такога размаху, украінскі бюджэт на 2023-ты зведзены з дэфіцытам у $38 млрд, таксама нябачаным у гісторыі гэтай краіны. Гэты дэфіцыт будзе пакрыты крэдытамі саюзнікаў Украіны. Фактычна менавіта яны ўзялі на сябе фінансаванне большай часткі ўкраінскіх вайсковых выдаткаў.

Калона БМП «М2 Брэдлі», прызначаных для Узброеных сіл Украіны, рыхтуецца да пагрузкі ў порце Чарлстана (Паўднёвая Караліна, ЗША). Фота «Reuters» / Scanpix / LENTA

Калона БМП «М2 Брэдлі», прызначаных для Узброеных сіл Украіны, рыхтуецца да пагрузкі ў порце Чарлстана (Паўднёвая Караліна, ЗША). Фота «Reuters» / Scanpix / LENTA


Захад дапаможа

Але і гэтых трат Украіне відавочна не хопіць, каб забяспечыць матэрыяльную роўнасць УСУ з УС РФ. Перавагу Украіне могуць забяспечыць і, мабыць, рэальна забяспечаць у 2023-ім ваенныя пастаўкі яе саюзнікаў. Па падліках Інстытута сусветнай эканомікі ў Кілі (IfW), ужо да пачатку снежня 2022-га сумарныя ваенныя пастаўкі Украіне дасягнулі (у пераліку на еўра) 40 млрд, у тым ліку з ЗША (23 млрд), Вялікабрытаніі (4,1 млрд), Германіі (2,3 млрд), Польшчы (1,8 млрд) і ад інстытуцый ЕС (3,1 млрд).

У апошнія месяцы наменклатура ўзбраенняў для паставак бесперапынна пашыраецца, а вартасныя аб'ёмы паставак, мабыць, растуць.

Агульныя ж выдаткі захаду на дапамогу Украіне склалі 100 млрд еўра (прыкладна пароўну ад ЗША і Еўропы), і частка «грамадзянскіх» субсідый таксама наўпрост падтрымлівае ваенныя намаганні Украіны.

З улікам адцягнення часткі вайсковых рэсурсаў РФ з Украінскага фронту на іншыя, пералічаныя вышэй напрамкі, да канца 2022-га — пачатку 2023-га на гэтай вайне склаўся матэрыяльны баланс на карысць Украіны. Зламаць гэты баланс можа толькі рэзкае скарачэнне дапамогі ад украінскіх саюзнікаў або радыкальная мабілізацыя людскіх сіл і гаспадаркі ў РФ.

Палітычных і эканамічных рэсурсаў для правядзення такой мабілізацыі ў Пуціна не вельмі шмат. Прызыў у армію мільёнаў рэкрутаў выключаны. Тое, што мабілізаваным даводзіцца плаціць ушасцёра больш за медыянны заробак і пры гэтым звяртацца да самых нізкадаходных і крымінальных груп, кажа пра малалюднасць людскіх рэзерваў. Мабілізаваць яшчэ некалькі сотняў тысяч чалавек і падвоіць войска ўварвання — гэта, мабыць, столь магчымасцей.

Падвоіць ваенныя расходы і давесці іх да $200 млрд з лішнім — гэта таксама столь. Адзінага меркавання аб узроўні ваенных выдаткаў СССР у 1970-80 гадах няма. Ацэнкі вагаюцца ў інтэрвале ад 6% да 15% ВУП. Цяперашні аб'ём такіх расходаў у РФ супадае з ніжняй лічбай з гэтага інтэрвалу, а павялічаны ўдвая — падыдзе да верхняй. Гэта сённяшні ўзровень вайсковых выдаткаў Украіны. Але яны фінансуюцца звонку. Нейкі час расійская эканоміка будзе трымацца, а потым паўторыць лёс савецкай.

Альянсу, які падтрымлівае Украіну, будзе няцяжка адказаць на любыя выклікі такога маштабу. Толькі ў 2023-ім ваенныя выдаткі першай дзясяткі краін NATO вырастуць на 18% (на $180 млрд) і складуць $1175 млрд. Адзін толькі гэты гадавы прырост значна большы за ўсе мабілізацыйныя рэсурсы эканомікі РФ.

«Мы чуем, што нас хочуць перамагчы на полі бою. Ну, што тут сказаць, хай паспрабуюць. Усе павінны ведаць, што мы, па вялікім рахунку, сур'ёзна яшчэ нічога не пачыналі» — сказаныя сем месяцаў таму словы Пуціна спраўджваюцца ў нечаканым для яго варыянце. За яго і на самай справе пачынаюць брацца ўсур'ёз.