У Пінскім каледжы паспрабавалі апраўдацца за прапанаваныя выпускнікам жабрацкія заробкі
Дырэктар Пінскага каледжа тэхнікі і тэхналогій Генадзь Палікоўскі кажа, што прапанаваны выпускнікам заробак у 250 рублёў паказаны без надбавак і прэмій. А галоўны прывілей для маладых спецыялістаў — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў, піша «М*дыя-Палессе».

Днямі ў рэдакцыю выдання звярнулася пінчанка з просьбай апублікаваць варыянты
прапанаваных вакансій выпускнікам каледжа. У двух з іх памер аплаты працы быў
крыху больш за 250 рублёў.
Дырэктар каледжа
Генадзь Палікоўскі пракаментаваў, што арганізацыі — заказчыкі
кадраў у пісьмовых запытах паказваюць толькі службовы аклад — без уліку
надбавак і прэмій. Калі ідзе налічэнне поўнага заробку, тады выходзяць, нібыта,
зусім іншыя сумы.
Аднак з нагоды
прэмій і надбавак да зарплаты бацькам і выпускнікам нічога не патлумачылі.
Са слоў Генадзя
Палікоўскага, выпускнікі працуюць не толькі на пінскіх прадпрыемствах, але і ў
Мінску. Напрыклад, на «Мілавіцы» былыя выпускнікі атрымліваюць зарплату
каля 1.700 рублёў у месяц, жывуць у інтэрнаце, за які плацяць 48 рублёў у
месяц, і цалкам задаволеныя ўмовамі працы і сацпакетам.
Праўда, у спісе
вакансій «Мілавіцы» сёлета няма.
Як сцвярджае
дырэктар каледжа, за два-пяць гадоў можна стаць канкурэнтаздольным спецыялістам
на рынку працы і атрымаць важныя прафесійныя кампетэнцыі. Але галоўны прывілей,
паводле яго слоў, — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў і тое, што
маладому спецыялісту не могуць усталяваць выпрабавальны тэрмін і яго не могуць
звольніць на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займаемай пасадзе або
выконваемай працы з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
«Дзякуючы
механізму размеркавання ўзровень беспрацоўя сярод моладзі ў нас нашмат менш,
чым у еўрапейскіх краінах», — сказаў на заканчэнне Палікоўскі.

Улады ўжо шмат
гадоў хваляцца, што дзякуючы абавязковаму размеркаванню маладыя спецыялісты
пасля атрымання адукацыі гарантавана атрымліваюць першае рабочае месца. На
практыцы ж іх часта закідваюць на нізкааплатныя пазіцыі недзе ў глыбінцы, дзе
ніхто працаваць не хоча. «Шчасце» размеркавання ў такім выпадку аказваецца
прыгоннай кабалой на два гады, з якой нельга звольніцца. Таму ўсё часцей
студэнты-бюджэтнікі імкнуцца неяк адкасіць ад размеркавання.
Нагадаем, што ў
адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 8 снежня 2022 года з 1 студзеня
2023 года месячная мінімальная заработная плата ўстаноўлена ў памеры 554
рублёў. Як бачым, выпускнікам пінскага каледжа прапануюць удвая менш. Ці можна
пражыць на 256 рублёў у месяц? Адказ відавочны. Цягам адпрацоўкі малады
спецыяліст, па сутнасці, працягне жыць за кошт бацькоўскай дапамогі. А потым
адразу звольніцца і будзе шукаць іншае месца працы, дзе плацяць болей.