Улада хоча, каб не было багатых? Медыянны заробак у лістападзе — на чвэрць ніжэйшы за сярэдні
Двойчы ў год Белстат публікуе даныя аб медыяннай заработнай плаце. Медыянны заробак — гэта ўзровень заробку, вышэй і ніжэй за які атрымлівае роўна палова насельніцтва. Такі паказчык лепш адлюстроўвае рэальнае становішча спраў з аплатай працы, чым сярэдняя заработная плата.
У лістападзе 2022 года медыянны заробак у Беларусі склаў 1248 рублёў. Пры гэтым сярэдняя намінальная заработная плата ў той жа перыяд склала 1648 рублёў. Выходзіць, што медыянны заробак цяпер на чвэрць ніжэйшы за сярэдні, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Як можна пераканацца, аналізуючы суадносіны двух паказчыкаў, за апошнія гады медыяна стала расці хутчэй за сярэднюю. Калі ў 2020 годзе медыянны заробак адставаў ад сярэдняга на 27,2%, то ў канцы 2022 года ўжо на 24,3%.
Такая сітуацыя тэхнічна выраўноўвае зарплатныя няроўнасці. Толькі гаворка ідзе не пра тое, што, умоўна кажучы, бедных беларусаў і беларусаў з малым заработкам стала менш, а што наадварот — скарацілася колькасць людзей з высокай зарплатай.
На збліжэнне медыяннага і сярэдняга заробкаў магла аказаць уплыў рэлакацыя кадраў у IT і ў цэлым рост колькасці высокакваліфікаваных і высокааплатных спецыялістаў з розных сфер бізнесу, якія пакідаюць краіну. Такая сітуацыя негатыўна адбіваецца не толькі на мясцовым рынку працы. Даходы заможных катэгорый насельніцтва праз пакупкі тавараў і паслуг у канчатковым выніку перацякалі ва ўсю эканоміку, істотна папаўнялі бюджэт за кошт таго ж падатку на прыбавачную вартасць (ППВ).
А эканоміцы краіны ў цэлым і бюджэту ў прыватнасці цяпер і так нялёгка.
Варта зазначыць, што развал беларускага высокатэхналагічнага цуду ідзе поўным ходам. У лістападзе ІТ-галіна страціла яшчэ больш за тысячу чалавек. І гэта толькі сярод сярэдніх і буйных кампаній. Усяго ж з сакавіка ў гэтай сферы звольнілася на 16 тысяч чалавек больш, чым было прынята на працу.