«Захоўвайце грошы ў ашчаднай касе!» У Беларусі гэты лозунг не працуе
Як беларусы могуць зарабіць на сваіх ашчаджэннях? Рынак акцый неразвіты. Аблігацыі, толькі пачаўшы ўкараняцца ў мясцовай фінансавай сістэме, пасля 2020 года становяцца ўсё больш рызыкоўным актывам. Застаецца класічны банкаўскі дэпазіт.
Але і тут не ўсё так гладка. Шматлікія валютныя крызісы, што раз за разам прыводзілі да істотнага абясцэньвання беларускага рубля, прымушаюць суайчыннікаў насцярожана ставіцца да такой формы зберажэнняў. Валютны дэпазіт больш звыклы насельніцтву, а вось для дзяржавы даларызацыя, наадварот, зніжае ўстойлівасць фінансавай сістэмы. Таму ўлады заўсёды прапагандавалі патрыятычныя ўклады ў «вавёрках», піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
У мінулым годзе сярэднія працэнтныя стаўкі па новых банкаўскіх укладах (дэпазітах) у беларускіх рублях былі вельмі зменлівыя. Параўнальна плаўная карціна зніжэння ставак 2021 года засталася ў мінулым. Спярша, у адказ на валютную паніку і адток дэпазітаў, банкі рэзка павысілі стаўкі па ўкладах. Прычым для юрыдычных асоб павышэнне было больш істотнае, чым для фізічных асоб. Затым, у перыяд з траўня па кастрычнік, пачаўся перыяд зніжэння прапанаванай даходнасці.
У выніку да канца 2022 года стаўкі па дэпазітах у беларускіх рублях як для юрыдычных, так і для фізічных асоб аказаліся істотна ніжэй за канец 2021 года. Па дэпазітах фізічных асоб банкі прапаноўвалі ў снежні 2022 года ў сярэднім 9,8% гадавых (14,8% у снежні 2021 года), а па дэпазітах юрыдычных асоб у сярэднім 1,62% гадавых (5,1% у снежні 2021 года).
Выходзіць, што зарабляць на нашых грашах у банках стала менш прывабна.
Асабліва ў тыя часы, калі інфляцыя ў Беларусі склала 13% за год. Атрымліваецца, што працэнты па дэпазітах фізічных асоб проста не пакрываюць узровень абясцэньвання грошай. Такім чынам, трымаючы грошы на дэпазіце, беларусы ўсё роўна іх губляюць.