Святлана Ціханоўская: «Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай Eўрапейскай эканомікі»
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на панэльнай дыскусіі па Беларусі на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. З-за рэпрэсій пасля жніўня 2020 года Беларусь мусілі пакінуць больш за 200 тысяч беларусаў. Яны могуць стаць каштоўнымі партнёрамі і добрымі падаткаплацельшчыкамі для дэмакратычных краін. Ціханоўская заклікала ўлады іншых краін прыняць беларускіх бізнесоўцаў.
19 студзеня кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская прэзентавала ў Давосе сваё бачанне развіцця беларускай эканомікі і бізнесу.
Прапануем галоўнае з яе выступлення.
Беларусь – гэта частка Еўропы
Гэта тычыцца не толькі геаграфіі. Мы падзяляем еўрапейскія каштоўнасці. Мы частка еўрапейскай гісторыі і частка еўрапейскага бачання. Я кажу і пра геапалітычнае, і пра эканамічнае бачанне…
Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай еўрапейскай эканомікі. Калі ў маёй краіне адбудуцца дэмакратычныя змены, краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны будуць нашымі галоўнымі партнёрамі ў гандлі і інвестыцыях.
Пра эканамічныя рэформы
Мая эканамічная каманда працуе над вельмі неабходнымі эканамічнымі рэформамі для будучай Беларусі. Эканоміка Беларусі будзе будавацца на моцным інавацыйным прыватным сектары. Бізнесах, якія будуць ствараць працоўныя месцы, плаціць падаткі і спрыяць фарміраванню моцнага сярэдняга класа.
Мы пабудуем эканоміку заўтрашняга дня, дзе і беларускім, і замежным інвестарам будзе нашмат прасцей запускаць і весці бізнес. Мы абавязкова прымем пад увагу найлепшыя прыклады эканамічных рэформаў, каб зрабіць у Беларусі адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у Еўропе і свеце.
Мы не баімся эканамічных выклікаў, з якімі сутыкнецца новая Беларусь. Мы ўжо ведаем, што рабіць, каб іх пераадолець:
• па-першае, нам трэба будзе шмат папрацаваць, каб зняць санкцыі з Беларусі;
• па-другое, мы пачнём глыбокія рэформы па лібералізацыі для стымулявання развіцця прыватнага сектара і нізкавугляроднай зялёнай эканомікі, прыцягнення замежных інвестараў;
• па-трэцяе, мы будзем імкнуцца да лібералізацыі знешняга гандлю шляхам падпісання пагадненняў аб зоне свабоднага гандлю з нашымі ключавымі гандлёвымі партнёрамі, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам;
• па-чацвёртае, дзяржаўныя прадпрыемствы будуць ацэнены, і большасць з іх будуць прыватызаваны, у той час як на некаторых адбудуцца сур'ёзныя змены ў кіраўніцтве;
• нарэшце, з самага першага дня пераходу мы пачнём глыбокія інстытуцыянальныя рэформы, уключаючы рэформу судовай сістэмы, рэформу адукацыі і рэформу дзяржаўнага кіравання.
Еўрапейскі саюз гатовы выдаць пакет эканамічнай падтрымкі для запуску гэтых рэформаў. Еўракамісія ўжо гарантавала будучай дэмакратычнай Беларусі 3 мільярды еўра падтрымкі. Іншыя дэмакратычныя краіны, такія, як ЗША, Канада і Вялікабрытанія, а таксама міжнародныя арганізацыі таксама акажуць сваю фінансавую падтрымку, каб гарантаваць, што рэформы будуць глыбокімі і ўсёабдымнымі.
Многія таленавітыя беларусы вернуцца на радзіму ў якасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыватных інвестараў і бізнесоўцаў. У новай Беларусі кожны бізнес будзе належным чынам улічвацца і паважацца дзяржавай. І гэтыя бізнесы не толькі прынясуць дабрабыт краіне, але і абароняць нас ад дыктатуры. Але гэта ў будучыні. Будучыні, за якую сёння змагаюцца беларусы.
Пра тэрор у Беларусі і дапамогу бізнесу ў выгнанні
Сёння ж узровень тэрору ў Беларусі ўвесь час павышаецца. Толькі за мінулы год было заведзена каля 5000 палітычна матываваных крымінальных спраў. У Беларусі няма такіх людзей, якія б маглі адчуваць сябе ў бяспецы. А тыя, хто яшчэ кіруе сваім бізнесам, кожны дзень сутыкаюцца з рызыкай быць затрыманымі па абсурдных абвінавачаннях і страціць яго. Узяць у закладнікі бізнесоўцаў і топ-менеджараў толькі дзеля таго, каб яны заплацілі дзяржаве выкуп — звычайная практыка для рэжыму.
З-за рэпрэсій пасля жніўня 2020 года краіну мусілі пакінуць больш за дзвесце тысяч беларусаў. Для большасці гэта быў не іх выбар, а неабходнасць, каб не трапіць у турму. Яны могуць стаць каштоўнымі партнёрамі і добрымі падаткаплацельшчыкамі для дэмакратычных краін. Яны могуць прынесці не толькі фінансавыя дывідэнды, не толькі стварыць новыя працоўныя месцы, але і падзяліцца вопытам у бізнес-супольнасцях. Менавіта з імі важна будаваць партнёрскія адносіны. Не з рэжымам.
Пра санкцыі супраць рэжыму і спрыянне сумленным беларусам
Лукашэнку пакуль што ўдаецца абыходзіць санкцыі. Некаторыя прадпрыемствы па-ранейшаму супрацоўнічаюць і гандлююць з лаяльнымі да Лукашэнкі бізнесамі. Гэта толькі адкладае мэту беларусаў пабудаваць свабодную, паспяховую, дэмакратычную дзяржаву. І я хачу сказаць: дэмакратыя ў Беларусі выгадная не толькі беларусам, яна выгадная ўсім нашым суседзям, усяму дэмакратычнаму свету.
Таму я заклікаю вас спыніць любыя сувязі з бізнесамі і людзьмі, блізкімі да Лукашэнкі, і наладжваць сувязі з сумленным бізнесам дэмакратычнай Беларусі. Калі мы не дапаможам ім, мы страцім столькі таленавітых прадпрымальнікаў. Беларускія бізнесоўцы не звыклі звяртацца па дапамогу. Яны развівалі свой бізнес у неспрыяльных умовах.
Мы маглі б змяніць гэтыя ўмовы для іх тут, у эміграцыі, калі б стварылі сістэму падтрымкі і з боку мясцовых улад, і праз спецыяльныя праграмы дапамогі.
Я заклікаю ўлады іншых краін прыняць беларускіх бізнесоўцаў. Я заклікаю міжнародныя кампаніі браць на працу беларусаў і беларусак. Я заклікаю міжнародныя арганізацыі і палітычных дзеячаў дапамагчы нам у вырашэнні ключавых праблем беларускага бізнесу.
Тры асноўныя праблемы на сёння: 1) рост попыту на візы для пераезду працадаўцаў, супрацоўнікаў і іх сем'яў; 2) складанасці пры адкрыцці і вядзенні банкаўскіх рахункаў; 3) абмежаваны доступ да фінансавання і інвестыцый з-за адсутнасці крэдытнай гісторыі.
Ліквідацыя гэтых праблем дазволіць нашым сумленным прадпрымальнікам застацца ў бізнесе і быць гатовымі працягваць працу ў новай дэмакратычнай Беларусі.
Я ганаруся беларускім бізнесам. І я зраблю ўсё магчымае, каб і беларускія бізнесы па ўсім свеце маглі ганарыцца сабой і сваёй краінай.