Падавалася б, пры чым тут «Новы Час»?

На тыдні нашую рэдакцыю напаткалі дзве навіны, якія ў прынцыпе, нечаканымі не сталі. Па-першае, нашага калегу Дзяніса Івашына адправілі адбываць пакаранне ў магілёўскую калонію №15. Па-другое, тэлеграм-канал «Новага Часу» прызнаны «экстрэмісцкім».

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2__logo.jpg


З нагоды апошняй навіны трэба даць пэўныя тлумачэнні.

А: «Экстрэмісцкім» прызнаны толькі тэлеграм-канал «Новага Часу». Наш сайт і ўсе астатнія сацсеткі такімі не з’яўляюцца.

Б: Чытаць «НЧ» у Тэлеграме і падпісвацца на канал па-ранейшаму можна без праблем. Проста нельга рабіць з яго рэпосты. Бо менавіта рэпосты з «экстрэмісцкага» каналу з’яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем, — артыкул 19.11 КаАП.

Праверана рэдактаркай «Новага Часу» Аксанай Колб. У яе некалькі разоў за мінулы год даглядалі тэлефоны, дзе была падпіска на «экстрэмісцкія» каналы. Але ў адсутнасці рэпостаў сілавікі проста скрыгаталі зубамі, але нічога зрабіць не маглі.

Так што чытаць нас па-ранейшаму можна. Але рэдакцыя на ўсялякі выпадак ужо рыхтуе сюрпрыз. Які — не скажу, бо сюрпрыз жа.

Не ведаю, ці тое ў некага добрыя варажбіты і астролагі, ці тое сапраўды так зоркі склаліся, але астатнія навіны больш непрыемныя не для нас, а зусім наадварот.

Напрыклад, ЗША 17 студзеня ўвялі санкцыі супраць 25 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Як звычайна, спіс асоб, у дачыненні да якіх уводзяцца санкцыі, апублікаваны не быў — гэта стандартная практыка. Адзінае, што вядома, — у яго трапяць члены парламента Беларусі «за іх ролю ў прыняцці закона, які дазваляе смяротнае пакаранне асоб, асуджаных за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму», «ануляванне грамадзянства асоб за межамі краіны, абвінавачаных у «экстрэмізме», і аб «канфіскацыі маёмасці за здзяйсненне «недружалюбных дзеянняў у дачыненні да Беларусі», паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

МЗС Беларусі выдала, як заўсёды, «наш магутны адказ Штатам». Прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь будзе «вымушаная адрэагаваць» на гэтыя меры. «Расцэньваем прынятае рашэнне як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, як спробу аказаць ціск на судовую сістэму нашай краіны», — заявіў ён.

Ці тое Глаз паліць нешта заборыстае, ці тое ў МЗС ужо проста не чытаюць лісты пра санкцыі. Адкуль у яго прамове з’явілася «судовая сістэма», зразумець немагчыма. Бо паблытаць судовую сістэму з заканадаўчай — гэта нават не-палітолагу і з перапою немагчыма.

«Безумоўна, мы будзем вымушаныя адрэагаваць на гэты недальнабачны і памылковы крок. Але яшчэ больш выклікае шкадаванне факт поўнай адсутнасці ў Дзярждэпартаменце ЗША хоць трохі талковых спецыялістаў па Беларусі, якія маглі б праінфармаваць сваё кіраўніцтва аб рэальнай сітуацыі ў нашай краіне», — ёрнічае прадстаўнік МЗС.

Падколка аказалася «на троечку», бо хто прыклаў руку да таго, што ў Дзярждэпартаменце «няма хоць трохі талковых спецыялістаў» па Беларусі? Можа быць, іх там няма таму, што менавіта беларускі МЗС мэтанакіравана і не адзін год выціскае амбасаду ЗША з Мінска? Менавіта па патрабаванні беларускага МЗС летам 2021 года ў адказ на санкцыі ЗША абвясцілі аб скарачэнні дыпламатычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу амерыканскай дыпмісіі. Менавіта афіцыйны Мінск адклікаў рашэнне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнароднаму развіццю. Менавіта афіцыйны Мінск не даў візу амбасадарцы ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, якая з-за гэтага была вымушаная працаваць у Літве.

І наогул, пасада амбасадара ЗША ў Беларусі застаецца вакантнай з 2008 года. Ці не падкажа спадар Глаз, чаму?

«Самі прыдумалі, самі зрабілі, самі пакрыўдзіліся». Беларускі МЗС вечна шукае вінаватых усюды, апроч свайго будынку. А дастаткова ўсяго толькі паглядзець у люстэрка. Калі вакол ворагі, можа быць, гэта і не ворагі зусім, можа быць, гэта з вамі нешта не так?

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен 10 студзеня сказала, што Еўрасаюз мае намер увесці новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі за падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Новы, 10-ты пакет антырасійскіх санкцый ЕС, меркавана, прыме ў лютым. Аднак 17 студзеня фон дэр Ляен агучыла некаторыя яго падрабязнасці. Паводле яе слоў, новы пакет будзе ў асноўным накіраваны на закрыццё шчылін у мінулых пакетах і на тое, каб пакончыць з абыходам санкцый. Таксама ён прадугледжвае сур'ёзныя наступствы для тых, хто абыходзіць санкцыі, распавяла кіраўніца Еўракамісіі.

Таму трапленне ў гэты пакет Беларусі — цалкам натуральнае. Калі раней нашая краіна не падпадала ў «антырасійскія» абмежавальныя пакеты, то тут ужо не адкруцішся. Бо сапраўды ж, Беларусь — адзін з «хабаў», праз які ў Расію могуць трапляць падсанкцыйныя тавары (дарэчы, менавіта таму, што мы не траплялі ў «антырасійскія» санкцыйныя пакеты).

А значыць, нас чакае яшчэ большае скарачэнне як экспарту, так і імпарту.

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, тым часам, узяла ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Сярод іншых сустрэч яна паразмаўляла і з кіраўніком Міжнароднай арганізацыі працы Жыльберам Унгбо пра апошнюю хвалю рэпрэсій супраць беларускіх рабочых, у прыватнасці яны абмеркавалі апошнія прысуды лідарам незалежных прафсаюзаў, у тым ліку Аляксандру Ярашуку, які таксама з'яўляецца членам праўлення МАП.

Зразумела, што нельга было абысці рашэнне той самай МАП пра прымяненне да Беларусі артыкула 33 Статута МАП. Гэты артыкул з’яўляецца крайняй формай рэагавання МАП на парушэнне правоў працоўных, і, у залежнасці ад яго прымянення, можа ўвесці ці не поўнае гандлёвае эмбарга ў дачыненні да Беларусі.


І рашэнне пра прымяненне гэтага артыкула ўжо прынятае. Да сакавіка МАП павінна выпрацаваць санкцыйныя меры ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а ў чэрвені зацвердзіць іх на канферэнцыі працы.

Напрыканцы мінулага года і ў пачатку гэтага, дый, падаецца, у любы час у любым стане аналітыкі і эксперты ад эканомікі паўтараюць адное й тое ж — Беларусь можа пачаць выкарасквацца з рэцэсіі, калі ўмовы хаця б не будуць пагаршацца. А калі яны будуць пагаршацца, то будзе і рост цэнаў, і інфляцыя, і падзенне вытворчасці гэтак далей, далей, далей.

А санкцыі ў дачыненні да нашай краіны — гэта безумоўнае пагаршэнне ўмоваў працы.

Дарэчы, і ВУП у нас усё ж такі ўпаў у 2022-м на 4,7%. І Беларусь аказалася адзінай краінай у ЕАЭС (у ЕАЭС, Карл!), дзе адбыўся спад вытворчасці.

Я гэта да чаго… На тыдні было прынята два рэпрэсіўных рашэнні ў дачыненні да «Новага Часу», і заяўленыя ці абмеркаваныя тры санкцыйныя захады ў дачыненні да ўладаў РБ.

Як вы думаеце, пры чым тут «Новы Час»?