ЗША і ЕС увядуць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі візавыя санкцыі супраць 25 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
![24lhhysinfnljbw6quewdgd47y.webp 24lhhysinfnljbw6quewdgd47y.webp](/img/v1/images/24lhhysinfnljbw6quewdgd47y.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Блінкен абвясціў аб санкцыях, выступаючы з прамовай у Дзяржаўным дэпартаменце ў Вашынгтоне. Прозвішчы 25 лукашэнкаўцаў пакуль невядомыя, але паведамляецца, што сярод іх ёсць дэпутаты. Адзначаецца, што абмежаванні ўведзены «за падрыў дэмакратыі ў Беларусі палітычна матываванымі судовымі працэсамі, такімі, як судовы працэс над выгнаным лідарам апазіцыі Святланай Ціханоўскай».
Нагадаем, сёння пачаўся завочны суд па справе Каардынацыйнай рады, паводле якой абвінавачанымі, акрамя Ціханоўскай, з'яўляюцца Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі і Марыя Мароз.
![Пачынаецца завочны суд над Ціханоўскай Пачынаецца завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі сябрамі Каардынацыйная рады](/img/v1/images/photo_2023_01_16_21_50_30__2_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле слоў Блінкена, сярод санкцыянаваных чыноўнікаў Лукашэнкі ёсць члены так званага парламента, якія спрычыніліся да прыняцця нядаўніх рэпрэсіўных законаў, якія ў тым ліку санкцыянуюць смяротнае пакаранне для асоб, асуджаных за
«тэрарызм». Дзяржсакратар заявіў, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць гэтыя механізмы для падаўлення
апазіцыі.
Некаторыя з чыноўнікаў, дадаў Блінкен, падтрымалі іншыя рэпрэсіўныя законы, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства палітычных эмігрантаў, абвінавачаных у «экстрэмізме», і забіраць іх маёмасць.
«Мы не застанемся ўбаку, паколькі гэты рэжым працягвае
пераследаваць і рэпрэсаваць мірных дэманстрантаў, дэмакратычную апазіцыю,
журналістаў, прафсаюзных актывістаў, актывістаў, праваабаронцаў і звычайных
беларусаў», — сказаў Блінкен.
17 студзеня стала вядома, што санкцыі супраць Беларусі і Расіі рыхтуе Еўрасаюз. Як паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк, санкцыйны пакет для краін-суагрэсараў можа быць узгоднены ўжо ў лютым.
«Сумняваюся, што 10-ы пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі
— са значным кампанентам у дачыненні да Беларусі на гэты раз — будзе гатовы да
ўхвалення да або падчас саміту «ЕС — Украіна» 3 лютага. Хутчэй за ўсё, пазней у
лютым», — напісаў журналіст.
![thumbs_b_c_6b7e5628e66d436814e3cf067a068ae0.jpg thumbs_b_c_6b7e5628e66d436814e3cf067a068ae0.jpg](/img/v1/images/thumbs_b_c_6b7e5628e66d436814e3cf067a068ae0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, раней старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен анансавала працяг санкцыйнага ціску на Расію і пашырэнне санкцый супраць афіцыйнага Мінска.