Белы дом ацаніў пагрозу нападу з Беларусі на Украіну

У Белым доме заявілі: ЗША не бачаць ніякіх прыкмет што Беларусь рыхтуецца да ўварвання ва Украіну

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Амерыканская выведка не мае пацверджанняў адносна планаў або гатоўнасці беларускіх сіл увайсці на тэрыторыю Украіны і працягвае сачыць за сумеснымі вучэннямі беларусаў з расіянамі на тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта заявіў у сераду падчас тэлефоннага брыфінгу прадстаўнік Савета нацыянальнай Бяспекі Белага дома Джон Кірбіпіша «Укрінформ».

«Я вам скажу, што мы дагэтуль не бачылі ніякіх прыкмет таго, што Беларусь мае намеры, плануе або арганізуецца для таго, каб увайсці, фізічна патрапіць на тэрыторыю Украіны, каб дапамагчы расійскім сілам ва Украіне», — адзначыў прадстаўнік Белага дома.

Кірбі адзначыў, што цеснае ўзаемадзеянні расійскіх і беларускіх сіл працягваецца, згадаў занепакоенасць у гэтай сувязі Польшчы, ды сказаў, што амерыканскі бок «падзяляе» гэтыя хваляванні.

«Відавочна, што Беларусь аказала адчувальную геаграфічную падтрымку Расіі, у той час як РФ працягвае наносіць удары па Украіне з беларускай тэрыторыі», — падкрэсліў Кірбі і адзначыў, што Злучаныя Штаты ўважліва сочаць за правядзеннем сумесных вучэнняў беларусаў з расіянамі і манітораць сітуацыю, «як і раней».

Пры гэтым прадстаўнік Белага дома таксама адзначыў, што стратэгічная мэта гэтых вучэнняў застаецца нявызначанай і можа заключацца як у дэманстрацыі сілы, так і адпрацоўцы канкрэтных аперацый у кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны.


Зрэшты, вайсковая выведка Украіны пакуль таксама не зафіксавала стварэнне ўдарных груповак на тэрыторыі Беларусі і назвала распаўсюд інфармацыі аб магчымым наступе спробай «адцягнуць нашы войскі ад зоны баявых дзеянняў».

Аднак, згодна з заходнімі і ўкраінскімі разведданымі, РФ рыхтуецца да новага этапу эскалацыі. Вайскоўцы лічаць, што сярод разгляданых аператыўных кірункаў ёсць, у прыватнасці, і Беларусь.

Як пісаў НЧ, не так даўно падчас паездкі ў Львоў наконт сітуацыі на мяжы з Беларуссю выказаўся і Уладзімір Зяленскі: «Разумеем, што, акрамя магутных заяў, мы нічога магутнага там не бачым, аднак павінны быць гатовымі як на мяжы, так і ў абласцях», — заявіў Зяленскі 11 студзеня.