Фрыдман: Масква можа прыняць нечаканыя, непрадказальныя і нават нелагічныя рашэнні

На студзень прыпала мноства палітычных судовых працэсаў: спачатку Бяляцкі, адразу пасля яго справа «T*T.BY», цяпер Ціханоўская. Складваецца такое ўражанне, што Лукашэнка кудысьці моцна спяшаецца. А куды ён так можа спяшацца? Першае, што прыходзіць у галаву — гэта можа быць звязана з вайной. Магчыма, на люты або на сакавік запланаваны такія мерапрыемствы, што будзе проста не да палітычных судоў, разважае палітолаг Аляксандр Фрыдман.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg


Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў «Филину» пра ўвагу да беларуска-расійскіх вучэнняў і сенсацыйнае назначэнне новага міністра абароны Германіі.
— У Беларусі стартавалі пазапланавыя вучэнні сіл супрацьпаветранай абароны. Восенню пройдуць планавыя маштабныя манеўры, якія прадугледжваюць узрастанне расійскай ваеннай прысутнасці. Як да гэтага ставяцца на Захадзе, улічваючы тое, што вайна акурат і пачалася з пазапланавых вучэнняў? Ці гэта ўжо стала руцінай і цяпер проста ўключыцца рэжым сачэння за сітуацыяй?

— Зразумела, што рэжым сачэння будзе ўключаны. Любая ваенная актыўнасць на тэрыторыі Беларусі шчыльна адсочваецца. Адразу ж ідуць пэўныя каментары ў гэтым кірунку. З таго, што я цяпер назіраю: на фоне заяў Пуціна пра неабходнасць захапіць да вясны Данбас, размоў пра маштабнае наступленне, якое можа распачацца ў бліжэйшы час, усе гэтыя вучэнні ўспрымаюцца надзвычай сур’ёзна.

І калі пачаліся чарговыя вучэнні, у прэсе сталі з’яўляцца традыцыйныя загалоўкі: «Беларусь рыхтуецца ўступіць у вайну?», «Ці ўступіць Беларусь у вайну» і г.д. Усё гэта ёсць, але пакуль выказванні экспертаў зводзяцца да таго, што яны не бачаць пагрозы новага ўварвання, што гэта, хутчэй за ўсё, і ёсць вучэнні насамрэч.

Але хто тут можа ведаць да канца, як яно будзе? Цалкам магчыма, што расійцы могуць дадаткова перакінуць сюды свае войскі, каб скаваць частку ўкраінскіх войскаў на мяжы з Беларуссю.

І ніхто не можа ведаць, як будуць разгортвацца падзеі на фронце. Там Масквой могуць быць прыняты досыць нечаканыя, непрадказальныя і нават нелагічныя рашэнні, невідавочныя пакуль для рацыянальных заходніх назіральнікаў.

Так, гэтыя назіральнікі сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі, колькі туды прыбывае расійскіх ваенных і тэхнікі, як рыхтуюцца да гэтага з украінскага боку. І прыходзяць да высновы, што ісці зараз у наступ з Беларусі будзе самагубствам і паражэннем.

Заходнім экспертам гэта зразумела. А ці зразумела гэта крамлёўскім стратэгам, што так бяздарна спланавалі ўварванне ў лютым 2022-га, хто ведае? Таму трэба назіраць за сітуацыяй, за тым, чым скончацца гэтыя вучэнні.

Я б тут яшчэ на адзін чыннік звярнуў увагу, які мне асабіста пакуль не да канца зразумелы. Гаворка пра тое, што Лукашэнка акурат цяпер, у гэтым месяцы, імкнецца правесці вялікія палітычныя працэсы, на якія звяртае ўвагу і Захад.

Працэс за працэсам: спачатку Бяляцкі, адразу пасля яго справа «T*T.BY», цяпер Ціханоўская. Складваецца такое ўражанне, што Лукашэнка кудысьці моцна спяшаецца. А куды ён так можа спяшацца?

Першае, што прыходзіць у галаву — гэта можа быць звязана з вайной. Магчыма, ён ведае, што на люты або на сакавік запланаваны такія мерапрыемствы, што яму будзе проста не да палітычных судоў.

— Вы пішаце, што расійскай прапагандзе не ўдалося выкарыстаць скандал вакол заявы Аляксея Арастовіча наконт магчымых акалічнасцей трагедыі ў Дняпры. На вашу думку, ці ёсць на Захадзе кансэнсус наконт таго, што галоўную віну за падобныя трагедыі ў любым выпадку нясе агрэсар, які развязаў вайну?

— Так, вы тут маеце рацыю. Калі паглядзець на гэтую гісторыю храналагічна, то сваю версію Арастовіч агучыў у той жа вечар, у суботу. Спрэчкі вакол гэтых слоў вяліся ў нядзелю і панядзелак, працягваюцца зараз. І найперш гэтая дыскусія была ўнутры Украіны, пасля закранула Расію і часткова Беларусь.

На Захадзе некаторыя выданні гэта згадвалі, але на сур’ёзным узроўні скандал не абмяркоўваўся. Там быў фокус на саму трагедыю, на ахвяр.

У панядзелак кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль у Twitter напісаў, у прынцыпе, усё як ёсць: пра бесчалавечную агрэсію Расіі, скіраваную супраць мірных украінцаў, у тым ліку дзяцей. І потым была такая ж заява прадстаўніка Еўразвяза, аналагічнай скіраванасці.

Што там казаў ці не казаў Арастовіч, як гэта падхапіў расійскі бок, тут у прынцыпе не згадвалася. І калі ў панядзелак прэс-сакратар Крамля Пяскоў заявіў, што Расія ніколі не абстрэльвала мірныя аб’екты, на Захадзе на гэта адрэагавалі як на абсурднае тлумачэнне. Маўляў, мы насамрэч бачылі, што расійскія войскі рабілі і робяць у Марыупалі, Бахмуце і Харкаве.

Так што на гэта ніхто не звярнуў увагі, і ЕС проста паставіў кропку над «і»: гэта быў расійскі ўдар, не было б яго, не было б і гэтай трагедыі. А ўжо на нейкія падрабязнасці, напрыклад, версіі пра работу супрацьпаветранай абароны, ніхто не звяртаў увагі.

У Расіі не атрымалася павярнуць фокус дыскусіі ў гэтым кірунку. На Захадзе ўсе сфакусіраваліся на ахвярах гэтай трагедыі. Эксперты, якія сочаць за падзеямі, пабачылі дыскусію наконт слоў Арастовіча. Пабачылі яе і заходнія журналісты, якія працуюць у Кіеве і Маскве. Але яны не палічылі патрэбным звяртаць на гэта сур’ёзную ўвагу.

Бо і той жа Арастовіч ужо і выбачаўся, і тлумачыў, што меў розныя крыніцы, што яго маглі не так зразумець. І сам ён казаў, што ў любым выпадку ў трагедыі вінаваты расійскі бок, які запусціў гэтую ракету. Ёсць таксама афіцыйныя заявы і абвяржэнні на гэтую тэму. Таму эксперты і прэса гэтую тэму пакінулі ўбаку.

Дадам, што Арастовіч тут мае рацыю: вінаваты і нясе адказнасць той, хто вёў абстрэл. Захад ужо паказаў сваю пазіцыю падчас інцыдэнту з ракетай, якая ўпала на тэрыторыі Польшчы. Там лічаць, што гэта была збітая ўкраінская ракета. Але чаму яна туды патрапіла? Гэта быў абстрэл тэрыторыі Украіны, на вайне такія рэчы здараюцца.

Таму я не думаю, што гэтыя дыскусіі могуць неяк паўплываць на рашэнні заходніх палітыкаў. Напрыклад, наконт паставак танкаў Украіне. Бо гэтыя спрэчкі ідуць у іншым кантэксце.

— Наконт паставак танкаў. Неўзабаве адбудзецца чарговае пасяджэнне «Рамштайн-кааліцыі». Такія мерапрыемствы рыхтуюцца загадзя, рашэнні аб пастаўках зброі, напэўна, былі ўзгоднены да падзей у Дняпры. І ўсё ж, ці можа гэта гісторыя скарэктаваць рашэнні, ці яна застанецца толькі інфармацыйным фонам?

— Думаю, што гэтыя рашэнні будуць прымацца незалежна ад таго, што адбылося ў Дняпры. Гэта фон, які яшчэ раз падкрэслівае агульную трагедыю, якая напаткала Украіну. І гэтая тэма будзе гучаць цягам тыдня, у тым ліку і ў Давосе. Хутчэй за ўсё, пра гэта будзе гаварыць там жонка Зяленскага.

Гэтае пытанне будзе падкрэслівацца ў самых розных украінскіх заявах: паколькі мы не атрымліваем у належнай колькасці сродкаў СПА ды іншага ўзбраення, то адбываецца тое, што адбываецца. І калі вы, амерыканцы і еўрапейцы, сапраўды хочаце нам дапамагчы, каб такое не паўтаралася, то нам патрэбна сучасная і магутная зброя.

Украінскі бок будзе ціснуць. Але прынцыповага ўплыву на гэтую сустрэчу дняпроўская гісторыя не акажа.

— Новым міністрам абароны Германіі стане кіраўнік МУС Ніжняй Саксоніі Барыс Пісторыус. Ён вядомы тым, што забараніў расійскі сімвал уварвання «Z». Але цяпер перад ім паўстануць куды больш складаныя праблемы, напрыклад, сучасны стан Бундэсвера. Наколькі на Захадзе, і ў Германіі ў прыватнасці, важная роля асобы на такой пасадзе?

— Роля асобы, безумоўна, важная. Але тут ёсць вельмі спецыфічны кантэкст. Найперш ён датычыць самой пасады міністра абароны ФРГ. Гэта пасада ў нямецкім урадзе непапулярная ўжо на працягу значнага часу.

Палітыкі з амбіцыямі на гэтую пасаду не ідуць, бо Бундэсвер на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. Гэта датычыць і матэрыяльнага забеспячэння, і стану зброі, і шэрагу іншых важных пытанняў.

Справа яшчэ і ў стаўленні да арміі, якое ў Германіі вельмі спецыфічнае. Тут нельга параўнаць з той жа Польшчай, Францыяй ці Ізраілем, дзе армію ўспрымаюць як вельмі важную і паважаную інстытуцыю, адну з галоўных у дзяржаве.

У Германіі да арміі многія ўвогуле ставяцца негатыўна, што, у прыватнасці, звязана і з нямецкай гісторыяй. Таму гэтая пасада непапулярная. На яе традыцыйна назначаліся людзі, якім ва ўрадзе не знайшлося больш прывабнай пасады. І для большасці міністраў абароны яна была негатыўным і фінальным этапам у кар’еры.

Выключэннем тут была хіба Урсула фон дэр Ляен, якая, хоць і мела статус вельмі непапулярнага міністра абароны і амаль нулявыя перспектывы палітычнай кар’еры ў Герамніі, дзякуючы лаяльнаму стаўленню да сябе з боку Ангелы Меркель займела пасаду старшыні Еўракамісіі.

Пасля была гісторыя трох жанчын-міністраў на гэтай пасадзе. І вось гэтае месца мусіць заняць Барыс Пісторыус. Ён прыходзіць у вельмі складанай сітуацыі на фоне адстаўкі папярэдніцы Крысціны Ламбрэхт, якую таксама лічаць непапулярным ды яшчэ і некампетэнтным міністрам.

І для мяне пытанне, чаму ён на гэта пагадзіўся. Пісторыус марыў працягнуць кар’еру ў якасці федэральнага міністра ўнутраных спраў, бо ягоны профіль — унутраная бяспека. Ён не займаўся знешняй палітыкай, характэрнай сёння для Бундэсвера.

Гэта амбіцыйны чалавек. І тое, што ён у сённяшняй сітуацыі пагадзіўся на гэта, для мяне сігнал, што будуць прымацца прынцыповыя рашэнні: пастаўляць цяжкія ўзбраенні Кіеву або не пастаўляць.

Калі не пастаўляць, то гэта будзе азначаць грандыёзны скандал. І Пісторыус увойдзе ў гісторыю як чалавек, які правёў гэта непапулярнае рашэнне. Я, канечне, магу памыляцца, але ацэньваю яго як палітыка, які хутчэй за ўсё не пойдзе на пасаду, калі будзе ведаць, што яму давядзецца прымаць рашэнні, што выклічуць знішчальную крытыку ва ўсёй Еўропе.

Можаце сабе ўявіць, што пачнецца, калі немцы аб’явяць, што палякі і фіны жадаюць адправіць танкі, але мы супраць гэтага. З пункту гледжання піяру гэта будзе проста катастрофа для нямецкага ўрада.

Унутры Германіі, можа, і абыдзецца, бо ці не палова немцаў выступае супраць паставак цяжкіх узбраенняў. А вось у знешняй палітыцы будзе сапраўдная катастрофа. І што Пісторыус жадае такім вось чынам пачынаць кар’еру на федэральным узроўні, мне падаецца вельмі сумнеўным.

Я хутчэй уяўляю сабе так, што ён ідзе ў міністры абароны, паколькі пазітыўнае рашэнне пра танкі ўжо прынята, і ён будзе праводзіць яго як чалавек прынцыповы і рашучы, здольны да прыняцця непапулярных рашэнняў. Гэта ў пэўным сэнсе сенсацыя, бо гэта нечаканая фігура.

Паводле інфармацыі «Bild», Пісторыус быў кандыдатам нумар 3. Шольц патэлефанаваў яму ўчора ўвечары, і ён адразу пагадзіўся. Гэта адзіны чалавек ва ўрадзе, які служыў у войску і ўжо ў чацвер будзе прыведзены прэзідэнтам Штайнмайерам да прысягі. Гэта значыць, што ён будзе прадстаўляць Германію на пасяджэнні ў «Рамштайне».