«Выцягваць» эканоміку больш няма каму. Па выніках 11 месяцаў IT упершыню сышла ў мінус

Па выніках адзінаццаці месяцаў ВУП Беларусі ўсё яшчэ істотна адстае ад аналагічных паказчыкаў мінулага года, канстатуе тэлеграм-канал «Нашы грошы». У студзені-лістападзе 2022 года зніжэнне склала 4,7%. Месяцам раней глыбіня спаду была аналагічнай, але па галінах карціна выглядала крыху інакш.

1670513354_59_kartinkin_net_p_kartinki_programmista_krasivo_66.jpg


Найбольш прыкметны спад у эканоміцы выяўляецца ў сферах транспарту, будаўніцтва і гандлю. Транспартная дзейнасць за студзень-лістапад паказала зніжэнне на 16,8%. Месяцам раней паказчык быў мінус 16,7%. Спад па выніках адзінаццаці месяцаў захоўваецца ў будаўнічай сферы (-11,3%). За 10 месяцаў сітуацыя была тут аналагічнай (-11,3%). Сфера гандлю і рамонту аўтатранспарту знізілася на 11,7%.

Крыху паменшала адставанне ў апрацоўчай прамысловасці: мінус 6,6% па выніках лістапада супраць мінус 7% у кастрычніку. Аднак аб аднаўленні ў апрацоўчай прамысловасці казаць не прыходзіцца. Горназдабыўная прамысловасць знаходзіцца ў зоне росту за студзень-лістапад (+2,5%). Аднак доля апошняй у ВУП вельмі малая і складае толькі 0,8%.

Пра пагаршэнне паказчыкаў вытворчасці ў большасці галін ускосна сведчыць працяг спаду ў сферах водазабеспячэння і выдалення адходаў (-2,5%), забеспячэння электраэнергіяй і газам (-1,5%).

У сферы сельскай гаспадаркі захоўваецца рост. Тут за студзень-лістапад 2022 года аб'ём вытворчасці прадукцыі, тавараў, работ і паслуг дадаў 3,0% да аналагічных вынікаў мінулага года. Аднак месяцам раней рост быў на 3,1%.

Што тычыцца IT, то па выніках лістапада адзін з апошніх драйвераў росту беларускай эканомікі ўсё ж сышоў у адмоўную зону (-0,2%). Гэта заканамерны вынік негатыўнай дынамікі, якую галіна дэманстравала апошнія 7 месяцаў. У цэлым па выніках года спад можа яшчэ паглыбіцца. «Выцягваць» эканоміку больш няма каму.