У Беларусі рост коштаў апярэдзіў рост мінімальнага заробку (інфаграфіка)
Мінімальны заробак у Беларусі ў мінулым годзе рос хутчэй, чым у многіх краінах. Але яшчэ вышэйшай аказалася інфляцыя. Каманда Picodi.com паглядзела на мінімальны заробак у дзясятках краінах свету і ацаніла, на што хапае гэтых грошай.
Для даследавання абралі 67 краін, у якіх існуе ўстаноўлены ўладамі мінімальны памер заробку. У кожнай краіне свае асаблівасці падаткаабкладання, і розніца паміж «чыстым» і «брудным» заробкамі можа складаць да 35% (у Беларусі — 14%). Каб рэйтынг быў справядлівым, аўтары даследавання параўноўвалі зарплаты нета, гэта значыць тыя грошы, якія работнік атрымлівае на рукі або банкаўскі рахунак.
Зарплата ў пагоні за інфляцыяй
Сярод 67 разгледжаных у даследаванні краін толькі ў 7 мінімальны заробак не змяніўся са студзеня 2022 года. Да такіх краін адносяцца, напрыклад, Ізраіль, Ганконг і Нігерыя.
Найбольшы рост мінімальнай зарплаты за год аўтары даследавання зафіксавалі ў Аргенціне (104,5%) і Турцыі (100%). Але варта ўлічваць, што ў гэтых краінах інфляцыя і падзенне кошту нацыянальнай валюты на працягу некалькіх гадоў былі дастаткова высокімі.
Высокім ростам мінімалкі таксама вызначыліся Малдова (32,5%), Латвія (27,1%) і Малайзія (25,8%).
Беларусь у рэйтынгу росту мінімальных заробкаў заняла 9-е месца: цяпер «чыстая» мінімальная аплата працы складае 476 рублёў, што на 21,2% больш, чым летась (393 рублі). Большае павышэнне чакае нізкааплатных работнікаў у Германіі (21,9%) і Румыніі (24,5%).
Асноўныя прадукты харчавання
Для гэтага даследавання аўтары сфармавалі ўмоўны харчовы кошык і супаставілі кошт прадуктаў з мінімальнай заработнай платай. Кошык складаецца з такіх прадуктаў як хлеб, малако, яйкі, рыс, сыр, мяса, садавіна і гародніна. Хоць спіс гэты вельмі бедны, але прадукты, што змяшчаюцца ў ім (у названых колькасцях), здольныя задаволіць мінімальную патрэбу ў пажыўных рэчывах сярэднестатыстычнага дарослага чалавека.
Кошт такога прадуктовага кошыка на пачатак 2023 года складае 205,56 рублёў, што на 22,9% больш, чым летась. Такі прадуктовы кошык роўны 43,1% ад мінімальнай аплаты працы пасля выплаты падаткаў. У мінулым годзе гэта суадносіны раўнялася 42,6%.
Атрымліваецца, што ў Беларусі рост коштаў апярэдзіў рост мінімальнага заробку.
У мінулыя гады кошт ідэнтычнага прадуктовага набору выглядала наступным чынам:
студзень 2019 — 135,71 рублёў
студзень 2020 — 141,53 рублёў
студзень 2021 — 158,6 рублёў
студзень 2022 —167,32 рублёў
студзень 2023 — 205,56 рублёў.
Дзе можна пражыць на мінімалку?
У кожнага чалавека свае харчовыя звычкі, якія залежаць і ад краіны пражывання, і ад сям'і. Тым не менш аўтары даследавання вырашылі параўнаць кошт адных і тых жа прадуктаў у розных краінах і праверыць, які працэнт ад афіцыйнага мінімальнага даходу пойдзе на аплату прадуктаў, што забяспечваюць толькі выжыванне.
Найлепшыя суадносіны коштаў да мінімальнага заробку аналітыкі зафіксавалі ў Вялікабрытаніі, Ірландыі і Аўстраліі: ад 6,5% да 7,7%.
Беларусь у гэтым рэйтынгу заняла 57-ю пазіцыю з вынікам у 43,1%, апярэдзіўшы Расію (45,5%) і Казахстан (51,9%).
У такіх краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна як В'етнам, Індыя, Інданезія, Тайланд і Філіпіны на асноўныя прадукты харчавання жыхары таксама марнуюць больш за палову мінімальнай зарплаты. У сваю чаргу ў Нігерыі мінімальнай аплаты працы не хопіць нават на такі бедны набор прадуктаў.