Чым займаецца беларускі бізнес у Польшчы?
У Польшчы дзейнічае каля 5 тысяч бізнесаў, дзе адзін з сузаснавальнікаў з'яўляецца беларусам. Амаль траціна з іх з'явілася ў 2022 годзе. Варшава, Беласток і Бяла-Падляска ў Люблінскім ваяводстве займаюць першыя месцы сярод гарадоў, у якіх найчасцей прапісваюцца інвестары з Беларусі.
Імклівы рост з 2021 года
Па даных польскага Галоўнага цэнтра эканамічнай інфармацыі, летась у Польшчы зарэгістравалі 1745 фірмаў з беларускім капіталам. У 2021 годзе такіх было 886. У 2020 і 2019 гадах — 469 і 458 адпаведна.
Як паказвае статыстыка, імклівы рост колькасці польскіх кампаній з беларускімі каранямі прыйшоўся на паслявыбарныя 2021 і 2022 гады. Апошнія два гады прырост складаў па 90 — 97%.
Найбольшай папулярнасцю сярод беларусаў карыстаецца Мазавецкае ваяводства (Варшава), на долю сталічнага рэгіёна прыходзіцца 53,9% фірмаў, на другім месцы ідзе Беласточчына з 12,85%, на трэцім —Любліншчына з 7,93 %.
Чым беларускі бізнес займаецца ў Польшчы?
Найбольш папулярным відам дзейнасці сярод беларускіх бізнесменаў у Польшчы з'яўляюцца аўтамабільныя перавозкі, у гэтай галіне дзейнічае 885 беларусіх кампаній з 4980. У 2021 годзе такіх было 473. Імкліваму росту колькасці транспартных кампаній з беларускімі каранямі спрыяюць санкцыі.
На другім месцы застаюцца будаўнічыя кампаніі. Такіх у Польшчы па стане на 2022-гі працуе 314, у параўнанні з 2021 годам прырост не такі заўважны — плюс 65 кампаній.
На трэцім месцы ідзе дзейнасць, звязаная з праграмаваннем — 296 кампаній. У ІТ, як і ў транспартнай галіне, за 2022 год быў зафіксаваны амаль двухразовы прырост — плюс 132 за год.
А як з бізнесам у Беларусі?
Паралельна з ростам колькасці кампаній з беларускім капіталам за мяжой за апошнія два гады ў Беларусі назіраецца скарачэнне колькасці ІП. За мінулы год паменшала на 9366 прадпрымальнікаў. Нягледзячы на гэта, улады, пачынаючы з 2022 года, працягваюць павялічваць падатковую нагрузку на ІП і скарачаць для іх ільготы па ўнёсках у ФСАН.
Пра заняпад сферы ІТ і грузаперавозак кажа і афіцыйная статыстыка. Так, напрыклад, за 2022 год чысты адток кадраў з ІТ склаў амаль 15 тысяч чалавек. Па выніках мінулага года, унёсак ІТ-сектара ў ВУП склаў мінус 0,2%. Унёсак сектара «транспартная дзейнасць, складзіраванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць» — мінус 0,9%. Для параўнання яшчэ ў 2021 годзе ІТ дадалі ВУП плюс 0,7%, транспартная дзейнасць, складзіраванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць — плюс 0,1%.
Спад па выніках дванаццаці месяцаў захоўваецца ў будаўнічай сферы (мінус 11,4%). За 11 месяцаў сітуацыя была тут амаль такой жа (мінус 11,3%). За студзень-лістапад 2022 года сфера будаўніцтва страціла больш за 11 тысяч работнікаў.
Паводле «НН»