
1849 юрыдычных кампаній — гэта многа ці мала? Што з імі могуць зрабіць беларускія ўлады? Пагаварылі з эканамістам Львом Марголіным.
— Насамрэч гэта вельмі многа. Складваецца ўражанне, што над спісам вельмі пільна папрацавалі і ўключылі ў яго не толькі буйныя, заўважныя кампаніі, але і невялікія, незаўважныя фірмы і прадпрыемствы. Задача — не даць інвестарам магчымасці вывесці маёмасць у сувязі са спыненнем дзейнасці.
Існуе такое
паняцце, як інвестыцыйны клімат. Адна з галоўных характарыстык інвестыцыйнага
клімату — свабода ўваходу і выхаду з бізнесу. Вядома, што інвестары могуць
выходзіць з бізнесу не толькі па палітычных, але і па асабістых прычынах: выхад
на пенсію, праблемы са здароўем і гэтак далей.
Беларускі ўрад не дае магчымасці інвестарам вярнуць свае грошы. А калі патэнцыйныя інвестары бачаць, што ўваход каштуе рубель, а выхад — два, то ці стануць яны інвеставаць у такую краіну?
У форс-мажорнай сітуацыі, у якой аказалася наша краіна, часам замежныя інвестары вырашалі вельмі вострыя праблемы. Таму іх сыход з рынку стварае яшчэ большыя праблемы. Возьмем, напрыклад, «МакДональдс», без якога беларуская эканоміка не загнулася б: прадаць яго не далі, але знайшлі магчымасць перадаць у карыстанне. То-бок існуюць прадпрыемствы, якія з’яўляюцца важнымі звёнамі сур’ёзных вытворчых ланцугоў.
Насамрэч урад мог бы абставіць сыход інвестараў рознымі ўмовамі: напрыклад, не ўводзіць забарону на продаж прадпрыемстваў, а прадаваць іх толькі беларускім бізнесоўцам ці прадаваць пры ўмове працягу бізнесу.
На мой погляд, гэта гісторыя пераследуе дзве мэты. Першая — захаваць пераемнасць: ты сыходзіш — бізнес застаецца. Другая, падспудная мэта — пакаранне для замежных прадпрымальнікаў.
— Што ўлады могуць зрабіць з «адцяпаным» бізнесам?
— Мяркую, прадаць яго досыць складана: мала прадпрыемстваў, якія маюць вольныя рэсурсы. Таму задача, на мой погляд — перадаць замежныя бізнесы «сваім», надзейным прадпрыемствам. Іх могуць проста перадаць у карыстанне: калі няма грошай на набыццё прадпрыемства, тады проста бяры і карыстайся, але толькі забяспеч вытворчасць. А там, магчыма, нешта і атрымаецца.