«Бізнес будзе рэлакавацца і далей». Эксперт назваў пяць прычын, чаму беларускі бізнес з'язджае з краіны
Сузаснавальнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Яўген Буры ў гутарцы з «Е*рарадыё» назваў пяць асноўных прычын, чаму індывідуальныя прадпрымальнікі з'язджаюць з Беларусі. Хаця хапіла б і адной — працаваць бізнесу ў Беларусі стала вельмі цяжка, а часам і немагчыма.
Першай прычынай Буры называе «рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненні да іпэшнікаў. Бізнес знішчаецца, іпэшнікі знішчаюцца як клас. Гэта палітычны фактар, бо Лукашэнка вельмі баіцца бізнесу: пачатак рэвалюцыі ў 2020-м годзе якраз зыходзіў ад фінансава незалежных ад дзяржавы людзей».
Другая прычына: «Неадэкватныя і непрадказальныя эканамічныя дзеянні так званых улад. Яркі прыклад — забарона на павышэнне цэн. Ну і, вядома, рост падаткаў. Днямі размаўляў з адным бізнесоўцам з Беларусі, ён распавёў, што ад новага года ў яго сферы яны выраслі ў тры разы».
Трэцяя прычына: «Працяг вайны, развязанай Расіяй ва Украіне. І Лукашэнка тут з'яўляецца суагрэсарам. Таму Беларусь атрымала міжнародныя санкцыі, а беларускі бізнес за імі — дрэнную рэпутацыю. Ён пачаў хаваць свае карані, кліенты пачалі адмаўляцца ад супрацоўніцтва. Гэтага мы шмат бачылі ў ІТ-сферы».
Чацвёртая прычына: «Залежнасць ад Расіі. Мы бачым, як Беларусь усё больш губляе эканамічную незалежнасць і ўсё больш грае паводле правіл, якія ёй навязвае Расія. Гэта рызыка захопу бізнесу. Метады працы Расіі мы бачым».
Пятая прычына:«Пагроза ўключэння Беларусі ў паўнавартасную вайну і адпаведна пагроза мабілізацыі як саміх работнікаў, так і бізнесменаў. Гэта рызыка не толькі для таго, каб працягваць бізнес, а наогул заставацца ў Беларусі, асабліва для мужчын».
Таксама сузаснавальнік Асацыяцыі распавёў, якую з суседніх з Беларуссю краін беларускі бізнес лічыць лепшай для рэлакацыі.
«Улетку 2022-га мы рабілі такое даследаванне: 80% бізнесу, які пакідае краіну, з'язджае ў Польшчу, бо тут найлепшыя ўмовы сярод суседніх краін. Больш-менш зручна адкрыць рахункі (у краінах Балтыі гэта амаль немагчыма). Ну і таксама візавая падтрымка — яна больш лаяльная».
Буры падсумоўвае, што бізнес будзе рэлакавацца ўсё больш і больш.
«З іншага боку, чым больш бізнес будзе рэлакавацца, тым больш гэта будзе біць па рэжыме. Бо плацяць менш падаткаў. Не проста ж так паднялі падаткі ў тры разы. Бюджэт папаўняць трэба: плаціць людзям у пагонах, а ніхто гэтага не хоча рабіць, бо людзі разумеюць, на што ідуць іх падаткі», — кажа эксперт.