«Пачаў з чыстага аркуша». Беларус кінуў працу кіроўцам, з'ехаў у Грузію і стаў гукавым дызайнерам
Беларуская прапаганда любіць змрочна апісваць жыццё палітэмігрантаў, часта спасылаючыся на тое, як складана беларусам рэалізаваць сябе ў іншай краіне. Аднак нават кардынальная змена прафесіі за мяжой — далёка не заўсёды негатыўны досвед. «Л*стэрка» паразмаўляла з брастаўчанінам Арцёмам, які ў Беларусі працаваў кіроўцам, а пасля эміграцыі пайшоў у творчасць — цяпер піша музыку і гукі для відэагульняў, анімацыі і рэкламы.
«Цяжка
ўявіць, што будзе ў Беларусі ў будучыні»
Арцёму 27 гадоў, цяпер ён жыве ў Грузіі. На новым месцы беларус хваліць добры клімат, адносна невысокія цэны і простую легалізацыю. З Арцёмам мы размаўляем па-беларуску: пасля пачатку вайны ва Украіне ён пачаў паступова пераходзіць на родную мову: «У нас ёсць свая культура і мова, якія трэба берагчы. Хто, як не мы? Асабліва ў час, калі перапісваюць гісторыю». З радзімы ён разам з жонкай і маленькім дзіцем з’ехаў пасля лютага 2022 года.
— Цяжка
было тады ўявіць, што будзе ў Беларусі ў будучыні. У прынцыпе, і дагэтуль
цяжка. Акрамя таго, мая жонка — украінка. Ёй было асабліва складана, калі з
Беларусі ляцелі ракеты ва Украіну, дзе яе бацькі, сваякі і сябры, — тлумачыць
матывы пераезду Арцём.
Да
эміграцыі Арцём каля трох гадоў працаваў дальнабойшчыкам. Прызнаецца, што ў
цэлым праца яму падабалася — «захапляла рамантыка далёкіх дарог». Аднак пасля
нараджэння сына ў сям'і пачало ўздымацца пытанне змены прафесіі. Праз доўгія
раз’езды Арцём прапускаў моманты сталення дзіцяці. Ад працы складана было
адмовіцца праз параўнальна нядрэнны заробак.
— Але, калі
мы з’язджалі, трэба было вырашыць, чым зарабляць на жыццё далей. Выйшла так,
што давялося ўсё пачынаць з чыстага аркуша. Я шукаў розныя курсы і натрапіў на
курсы саўнд-дызайну. Я нават не чуў такога тэрміна да мінулага года. Але мяне
гэта адразу вельмі зацікавіла, — расказвае Арцём.
«Каб глядач
чуў гукі і верыў, што так і ёсць насамрэч»
Музыка была адным з юнацкіх захапленняў Арцёма. Ва ўніверсітэце ён іграў на гітары ў гурце, пісаў музыку і марыў займацца гэтым прафесійна. Аднак сумневы, што ў такой творчай прафесіі атрымаецца добра зарабіць, прымусілі пакінуць музыку толькі як хобі. Пасля навучання, кажа Арцём, часу займацца ёю ўвогуле не засталося.
— І вось я
знайшоў курсы саўнд-дызайну. Ствараць гукі і музыку — гэта ж тое, пра што я
марыў! — расказвае хлопец. — Ды яшчэ і можна рэалізаваць сябе ў відэагульнях,
якія я таксама вельмі люблю. Я прайшоў анлайн-курс за два месяцы ў паскораным
рэжыме, атрымаў базу навыкаў у гукарэжысуры, саўнд-дызайне, інтэрактыўным
аўдыё.
Гукавы
дызайн — адносна новая прафесія па стварэнні гукавых эфектаў і музыкі для кіно
і мультымедыя. Арцём кажа, што праца такіх спецыялістаў часта застаецца
незаўважанай гледачамі, бо задача саўнд-дызайнераў якраз у тым, каб стварыць
максімальна арганічнае гукавое афармленне карцінкі. Няважна, кіно гэта ці
відэагульня.
— Каб
глядач чуў гукавое афармленне і верыў, што так і ёсць насамрэч. Напрыклад,
возьмем такія знаёмыя нам рэчы, як гукі айфона, мабільных праграм, гукі
светлавога мяча ў «Зорных войнах», голас робата Валі ў мультфільме. Гэтых гукаў
не існавала ў прыродзе, але ты чуеш і верыш, што яно гучыць менавіта так, —
тлумачыць беларус.
Арцём
лічыць, што саўнд-дызайн — прафесія настолькі ж творчая, наколькі і тэхнічная.
Недастаткова проста мець талент да музыкі, трэба ведаць фізіку гукаў, як працуе
іх сінтэз, умець карыстацца праграмамі для апрацоўкі і аўдыёабсталяваннем.
— Працэс
стварэння гукавога дызайну залежыць ад задачы. Калі гэта сцэна з рэкламы, дзе
герой есць чыпсы, то мая задача — запісаць гэта ці падабраць іншую гукавую
фактуру, — расказвае хлопец. — Апрацаваць і дамагчыся таго, каб гэта гучала
максімальна «смачна» і праўдападобна. Таксама мая задача — стварыць адпаведны
музычны настрой у роліку. А калі трэба зрабіць гук касмічнага карабля ці гук
перазарадкі зброі ў гульні, у ход ідзе ўсё, што пад рукой: пыласос, сталовыя
прыборы, дрыль, дзіцячыя цацкі. Трэба шмат эксперыментаваць. Атрымаць вынік
часта дапамагаюць сінтэз гуку i морфінг (камбінаванне двух ці больш гукаў).
«У Беларусі
рэалізавацца ў саўнд-дызайне было б складаней»
Ужо падчас навучання на курсах Арцём шукаў кліентаў. З першым яму пашанцавала хутка — дапамогу ў гукавым афармленні замовіў квэст-рум у Тбілісі. Але пасля настаў перыяд, калі знайсці новыя заказы было цяжка. Для працы ў сферы саўнд-дызайну адных курсаў аказалася недастаткова. Не абышлося без страхаў і сумневаў яшчэ і таму, што эміграцыя — сама па сабе сітуацыя няпростая. Але Арцём упэўнены, што менавіта такое становішча і вымушае хутка развівацца:
— Вядома,
быў страх, што не атрымаецца, не знайду працу, а трэба сям’ю карміць і гэтак
далей. Мы з жонкай працавалі некалькі месяцаў без выходных, па чарзе, бо трэба
было быць з сынам. Яна — днём, а я — ноччу, каб хутчэй выйсці на заробак.
Арцёму
давялося шмат вучыцца самому, што ў выніку адкрыла для яго новыя магчымасці. На
сёння ён ужо папрацаваў над саўнд-дызайнам для анімацыі, рэкламы, гульняў і
трэйлераў.
— Таксама пашанцавала папрацаваць у вялікай гульнявой студыі ў жанры horror (жахаў). Спецыялістаў на нашым рынку няшмат, як і працадаўцаў. Але на заходнім рынку лепш з гэтым, індустрыя развіваецца. Апошнім часам з’яўляецца ўсё больш студый і кампаній, якія ствараюць 3D-відэа, розныя віды рэкламы, кантэнту на Youtube, серыялы, трэйлеры. Без працы не застанемся, — аптымістычна прагназуе Арцём і дадае, што заробак у новай прафесіі вышэйшы, чым быў у вадзіцеля-дальнабойшчыка. — Але на фрылансе многае залежыць ад праекта, колькасці задач, навыкаў, вопыту саўнд-дызайнера, якасці яго працы. Няма мяжы заробку. Пачаткоўцу складана знайсці кліентаў, таму давядзецца шмат працаваць танна, а часам і бясплатна, каб напрацаваць добрае партфоліа.
У
найбліжэйшых планах у суразмоўцы — уладкавацца ў добрую гульнявую
студыю, каб атрымаць больш досведу ў гэтай сферы, у доўгатэрміновых —
«папрацаваць над серыялам у жанры жахаў».
— Музыка
ўсюды, і з дапамогай яе і гукаў можна кіраваць пачуццямі чалавека. Гэта ўжо не
толькі мастацтва. Часта гэтым карыстаюцца ў рэкламе сур’ёзныя брэнды. Вельмі
цікава, калі заглыбіцца ў гэту тэму, — гаворыць хлопец.
Праз амаль
год за мяжой Арцём усё яшчэ сумуе па Беларусі. У асноўным па родных, сябрах і
Брэсце. Аднак вяртацца плануе ў свабодную Беларусь.
—
Рэалізавацца ў маёй новай прафесіі там таксама было б складаней. Асноўная
праблема — з разнастайнымі аплатамі. У Беларусі цяпер складана аплаціць
ліцэнзіі неабходнага «софту», атрымаць плату за працу, бо некаторыя заходнія
фірмы адмаўляюцца супрацоўнічаць, пакуль ты знаходзішся там. Многія фірмы
з’язджаюць з Беларусі і рэлакуюць сваіх супрацоўнікаў, — упэўнены Арцём.