Не толькі Еўропа. Куды яшчэ едуць беларусы ў пошуках лепшага жыцця?

Асноўны ўдар беларускай эміграцыі прыйшоўся на суседнія дзяржавы — Польшчу, Літву, Расію. Едуць і далей на Захад, на Усход, але ні Германіяй, ні Грузіяй геаграфія ўцёкаў не абмяжоўваецца: лепшай долі беларусы шукаюць таксама на Балі і нават у такіх экзатычных краінах, як Уругвай. Пра асаблівасці жыцця ў не самых звыклых умовах размаўляла «Нямецкая хваля».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Юлія пачынае новае жыццё на Балі. Марыя з сям'ёй пераехала ва Уругвай — туды, дзе нарадзіўся яе дзед. Чаму яны адважыліся на такі далёкі пераезд, ці адчуваюць сябе адарванымі ад кантэксту, колькі каштуе жыццё ў іншай частцы свету, што там ведаюць пра беларусаў і як тое, што адбываецца дома, успрымаецца на вельмі вялікай адлегласці?

Адкуль узяўся пашпарт Уругвая

Марыя Міхальчук пераехала ва Уругвай паўгода таму — разам з мужам і двума дзецьмі. Гэта магло здарыцца значна раней, калі ёй было 6 гадоў. Дзядуля Марыі нарадзіўся ва Уругваі, у 1953 годзе разам з бацькамі ён прыехаў у БССР, але так і не змог знайсці сябе ў новай краіне. Усё жыццё ён марыў вярнуцца ў месца, якое лічыў сваёй радзімай. Але не паспеў: памёр, калі яму было 57. Праз 29 гадоў Марыя споўніла яго мару.

Цяпер Марыя і яе сям'я жывуць у курортным уругвайскім горадзе Пунта-дэль-Эстэ. Кожную раніцу перад пачаткам працоўнага дня Марыя і яе муж Ілля прыходзяць на набярэжную, да Атлантычнага акіяна. Марыя — з дыванком для ёгі, Ілля — са слухаўкамі і з тэлефонам, каб правесці першыя працоўныя сустрэчы. Пасля яны абавязкова фатаграфуюць світанак — і толькі затым прыступаюць да працоўных спраў.

«Мясцовыя выходзяць на набярэжную бліжэй да абеду. Чыляць, п'юць матэ. Мы пераехалі нядаўна, адкрылі тут IT-кампанію, таму нашы дні пакуль праходзяць у іншым тэмпе», — кажа суразмоўца.

Пра эміграцыю яны з мужам задумваліся раней, але канкрэтных планаў не будавалі. Падзеі апошніх двух гадоў гэтыя разважанні паскорылі. Асабліва калі Марыю выклікалі на допыт праз праект «Freedom Belarus», якім яна займалася з 2020 года. «У 2020-ым мы з дзецьмі хадзілі практычна на ўсе маршы. Гэта хутка адгукнулася: у садок даслалі ліст, што мы нядобранадзейная сям'я, пачаліся праверкі. Калі кола стала замыкацца, калі пачалі затрымліваць звычайных удзельнікаў акцый, мы вырашылі не чакаць — і адважыліся на пераезд», — расказвае яна.

Прадзед Марыі нарадзіўся недалёка ад Брэста, яе прабабуля з-пад Глыбокага. Яшчэ не ведаючы адно аднаго, яны прыехалі ў Бразілію і там пазнаёміліся. Пазней перабраліся ва Уругвай, у 1936-м у іх нарадзіўся сын. Прабабуля працавала пакаёўкай у расійскага генерала, прадзядуля — джыгітам у цырку. Пра гэта Марыя даведалася з архіўных матэрыялаў, знойдзеных у сталіцы Уругвая Мантэвідэа.

На пачатку 1950-х савецкая прапаганда зазывала эмігрантаў у СССР, абяцаючы льготы і магчымасці. Сям'я ёй паверыла — і ў 1953 годзе вярнулася ў Мінск. Замест светлай будучыні іх чакала цесная хрушчоўка, праца на камвольным камбінаце і ў аўтапарку. «Дзядулю Глебу на момант вяртання было 17. Ён быў у шоку, што яго прывезлі ў чужую краіну і закрылі ў ёй», — кажа Марыя.

Першае грамадзянства дзядулі дазволіла ёй атрымаць уругвайскі пашпарт. Ён і стаў важным аргументам у выбары краіны для пераезду.

Прыемныя людзі, якія працуюць, каб жыць

На іншым кантыненце сям'я Марыі прызямлілася ў чэрвені 2022 года. Цэны на прадукты ва Уругваі не нізкія: за адзін паход у бліжэйшы магазін можна пакінуць каля 50 еўра. «Мы ўжо ведаем, як вырашыць гэтае пытанне. Побач ёсць невялікі гарадок. Туды мы ідзём пешшу, на зваротную дарогу бяром таксі, калі вяртаемся з пакупкамі на тыдзень. На іх мы трацім прыкладна 100 долараў», — дзеліцца Марыя.

Апартаменты ў гарачы сезон могуць каштаваць 3500-4000 еўра ў месяц. Але калі заключыць кантракт на год, кошт кватэры зніжаецца прыкладна да тысячы. На сям'ю з чатырох чалавек трэба мінімум 2200 еўра ў месяц, падлічыла Марыя.

Паводле яе досведу, людзі ва Уругваі — прыемныя і адкрытыя. Нягледзячы на адлегласць, Марыя не адчувае сябе ў новай краіне адарванай або чужой. «Думала, што год буду вучыць іспанскую, пасля гэтага, можа, змагу кудысьці прыткнуцца. Але ўсё аказалася інакш: ужо і праца намалявалася, я прызначаю сустрэчы, шукаю людзей, праводжу размовы. Дом там, дзе я. А сумую я па сваіх людзях у Беларусі», —.расказвае субяседніца.

Іспанскую мову Марыя і яе муж вучаць з нуля, а пакуль выкарыстоўваюць у зносінах англійскую: «Трошкі іспанскай, трошкі англійскай, трошкі жэстаў — і камунікацыя адбылася. А калі не, заўсёды ёсць магчымасць закінуць пару фраз у перакладчык».

Пасля некалькіх турбулентных гадоў жыцця ў Беларусі ў сям'і прынялі рашэнне мінімізаваць размовы пра рэпрэсіі і вайну: «Мы ўжо доўга ў гэтым варымся, ад палітыкі стаміліся. Хочам крыху выдыхнуць, акунуцца ў мясцовы кантэкст».

Увечары Марыя, яе муж і дзеці абавязкова ходзяць сустракаць захад — гэта таксама вялікая традыцыя ва Уругваі. Мясцовыя жыхары прыходзяць на набярэжную, праводзяць сонца і абавязкова апладзіруюць, калі яно хаваецца за гарызонтам.

«Калі я ўпершыню пабывала ў доме, дзе жылі прадзядуля і прабабуля (цяпер там муніцыпальная музычная школа), мне стала крыўдна за дзядулю. Вось акіян, які яны бачылі кожны дзень. Вось іх найпрыгажэйшы дом з высокімі столямі. Я жыла ў той хрушчоўцы, дзе пасяліліся яго бацькі пасля прыезду ў Мінск. Разумею пачуцці дзеда, які ўсё жыццё хацеў жыць хоць на вуліцы, але ляжаць на родным пяску, збірацца ўсёй сям'ёй, піць матэ і праводзіць сонца за гарызонт», — кажа Марыя.

«Найгоршы дзень на Балі лепшы за самы класны дзе-небудзь яшчэ»

На ўзбярэжжы іншага акіяна — Індыйскага — атабарылася сям'я беларускі Юліі. Дзевяць месяцаў таму разам з мужам яны пераехалі на Балі. Наўпрост пра прычыну пераезду Юля не кажа, але намякае: «У 2022-м я вельмі хваравіта ўспрыняла навіну пра вайну ва Украіне, стала актыўнай у гэтай тэме. У выніку нас «падштурхнулі» да эміграцыі».

Час падумаць, куды пераехаць, у сям'і быў. Спярша яны выбіралі паміж Грузіяй і Кіпрам, але ў выніку разважылі: раз абставіны вымушаюць іх да эміграцыі, то ў такім выпадку варта ехаць за марай — пажыць ля акіяна. Падрыхтоўка да пераезду на інданезійскі востраў Балі заняла каля месяца.

Першы час пасля ад'езду з Беларусі Юля перажывала эйфарыю. «Акіян, класныя людзі, вельмі прыгожа вакол. Праз пару месяцаў прайшло: чалавек прывыкае да ўсяго, нават да такой карцінкі, — расказвае дзяўчына. — У той момант я зразумела, як моцна сумую і хачу дадому. Хоць тут і кажуць, што найгоршы дзень на Балі лепшы за самы класны дзень дзе-небудзь яшчэ, але любоў да горада, краіны, сваіх каранёў з сэрца не выкінеш. Было складана змірыцца, што я тут не ў адпачынку — я тут жыву».

Адпачынак і рэальнае жыццё на Балі моцна адрозніваюцца, кажа Юля. Паколькі яна вырашыла, што будзе будаваць сваё жыццё на новым месцы, то стала з цікавасцю яго вывучаць: якія звычкі і характар у мясцовых жыхароў, як яны думаюць? Таксама Юля плануе вывучаць балійскую мову.

«Жыццё на Балі пачынаецца а 4-й раніцы. Некаторыя экспаты вяртаюцца з тусовак, а мясцовыя ўжо на ўсю моц працуюць. Пры гэтым тут вельмі шмат афіцыйных выхадных. Сам востраў невялікі, але вельмі неаднародны. Такіх добразычлівых і адкрытых людзей, як тут, я нідзе не сустракала. Пры гэтым з імі нельга лаяцца, калі адбыўся канфлікт — трэба дамаўляцца. Інакш яны проста ад цябе закрыюцца», — расказвае жанчына.

Пераезд на Балі — мерапрыемства даволі выдатковае. Толькі на візы, падрыхтоўку неабходных дакументаў і два квіткі ў адзін канец сямейная пара выдаткавала каля 5 тысяч еўра. Цяпер яны расходуюць каля 2-2,5 тысяч долараў у месяц. У гэтую суму ўваходзіць арэнда жылля, мотабайк, ежа ў кафэ, забавы, аплата розных паслуг.

Хто можа дазволіць сабе жыццё на востраве?

Дазволіць сабе камфортнае жыццё на востраве могуць у асноўным тыя, у каго ёсць стабільная аддаленая праца або пасіўны прыбытак, лічыць Юля. Знайсці працу на месцы даволі складана. Некаторыя, у тым ліку беларусы, сыходзяць у будаўнічую сферу — працуюць рукамі. Некаторыя інвестуюць у адкрыццё мясцовых кампаній.

Сама Юля вядзе блог у Instagram: яна дапамагае з пераездам іншым і кансультуе іх па розных пытаннях — ад неабходных дакументаў да выбару школ для дзяцей. Яе муж — спартыўны трэнер — таксама перавёў сваю працу ў анлайн-рэжым.

Нягледзячы на вялікую адлегласць і часавую розніцу з Еўропай, на Балі Юля не адчувае сябе адарванай ад астатняга свету. Новыя знаёмствы лёгка заводзяцца, кажа дзяўчына.

На Балі Юля ўжо знайшла і беларусаў. У асноўным яны маюць зносіны ў чатах, часам збіраюцца на вечарынках. Ці сочыць яна за тым, што адбываецца дома, ад якога з'ехала за многія тысячы кіламетраў?

«Першы час я не выпускала тэлефон з рук. Прыходзіла да акіяна і чытала навіны. Але паступова стала адыходзіць ад гэтага. Вядома, я ў курсе гучных навін, але мы ў сям'і завялі правіла: падрабязна чытаем іх толькі адзін раз на тыдзень», — гаворыць яна.