«Не гуляйце з жыццём дзеля палітычнай помсты». Кіеў запатрабаваў ад Грузіі вярнуць Саакашвілі ва Украіну
Украіна патрабуе ад улад Грузіі «спыніць здзек» з Міхаіла Саакашвілі, які ўжо некалькі дзён знаходзіцца ў рэанімацыі.
![579fcf5_saakashvili690.jpg 579fcf5_saakashvili690.jpg](/img/v1/images/579fcf5_saakashvili690.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
МЗС Украіны запатрабавала ад улад Грузіі вярнуць палітыка Міхаіла Саакашвілі, які з'яўляецца ўкраінскім грамадзянінам, у Кіеў.
У заяве МЗС адзначаецца: «Заклікаем грузінскія ўлады неадкладна спыніць здзек з Міхаіла Саакашвілі і перадаць яго Украіне. Не гуляйце з жыццём чалавека дзеля палітычнай помсты».
«У горшых традыцыях НКУС СССР грузінскія ўлады ўжываюць да Міхаіла Саакашвілі псіхалагічны і фізічны гвалт, адмаўляюць яму ў тэрміновай неабходнай медыцынскай дапамозе, свядома ствараюць непасрэдную пагрозу яго жыццю», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Украіны.
Украіна таксама выказала меркаванне, што сітуацыя, якая склалася, кажа пра «згортванне дэмакратыі» ў каўказскай краіне. МЗС Украіны заклікаў замежныя ўрады публічна ўстаць на абарону экс-прэзідэнта Грузіі.
![Саакашвілі — у крытычным стане ў рэанімацыі Саакашвілі — у крытычным стане ў рэанімацыі](/img/v1/images/61718646b8060_thumbs_b_c_adf3265012fbef65b953871a704ed50e.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца пад вартай у Грузіі з восені 2021 года. Яго затрымалі неўзабаве пасля таго, як ён нелегальна перасёк мяжу краіны. Да гэтага былы прэзідэнт быў асуджаны ў Грузіі да турэмнага тэрміну па дзвюх крымінальных справах.
У зняволенні здароўе Саакашвілі, які некалькі разоў абвяшчаў галадоўку, пачало пагаршацца, пасля чаго яго перавялі з СІЗА ў бальніцу. У лістападзе 2022 года група незалежных лекараў заявіла, што ў палітыка ёсць як мінімум 10 дыягназаў, «не сумяшчальных з турэмным зняволеннем». У канцы студзеня 2023 года адвакаты Саакашвілі паведамілі, што ён пераведзены ў рэанімацыю ў крытычным стане.
Паводле mfa.gov.ua, www.pravda.com.ua, «Медуза»