Саакашвілі — у крытычным стане ў рэанімацыі

Міхаіл Саакашвілі пераведзены ў рэанімацыю ў крытычным стане. Пра гэта паведамілі адвакат і блізкія экс-прэзідэнта. А ў клініцы «Вівамедзі» сцвярджаюць, што Саакашвілі па-ранейшаму знаходзіцца ў палаце.

Фота: aa.com

Фота: aa.com

Былы прэзідэнт Грузіі пераведзены з лякарні «Вівамедзі», дзе ён знаходзіўся некалькі апошніх месяцаў, у рэанімацыю, паведамляе «Нямецкая хваля». Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца ў крытычным стане. Пра гэта напісала ў сацсетцы Facebook у аўторак, 31 студзеня, дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Лізавета Ясько, якую звязваюць з Саакашвілі блізкія адносіны.

Пра тое, што Саакашвілі перавялі ў рэанімацыю, паколькі яго стан пагоршыўся да крытычнага, таксама заявіў у эфіры грузінскіх тэлеканалаў «Mtavari» і «Formula» і сябра «Адзінага нацыянальнага руху» Георгій Чаладзэ. Інфармацыю пра перавод палітыка пацвердзіў яго адвакат Шалва Хачапурыдзэ.

Між тым у клініцы «Вівамедзі» сцвярджаюць, што Саакашвілі па-ранейшаму знаходзіцца там. «Яго не пераводзілі, ён знаходзіцца ў палаце», — заявіла грузінскай службе «Свабоды» дырэктар клінікі Ніно Надзірадзэ. Інфармацыйны партал «Навіны Грузія» са спасылкай на маці экс-прэзідэнта Гіулі Аласанію паведаміў, што раніцай у той жа дзень Саакашвілі страціў прытомнасць, у яго паднялася тэмпература.


Пераслед Міхаіла Саакашвілі ў Грузіі

У Грузіі супраць Міхаіла Саакашвілі распачата пяць крымінальных спраў. Ён вярнуўся ў гэтую краіну ў ноч на 29 верасня 2021 года. Паводле звестак следства, Саакашвілі таемна прыбыў у Грузінскі порт Поці на пароме «Вільня» — схаваўся ў грузавіку.

Экс-прэзідэнт размясціў у сацсетцы Facebook відэа з заклікам да грамадзян галасаваць на выбарах 2 кастрычніка супраць кіруючай партыі «Грузінская мара». У сваім наступным відэа Саакашвілі заклікаў грамадзян ладзіць пратэсты, бо прадракаў фальсіфікацыі. Паліцыя і спецслужбы здолелі ўстанавіць месцазнаходжанне палітыка толькі 1 кастрычніка. Ён быў затрыманы ў Тбілісі ў кватэры кіроўцы трэйлера, на якім прыехаў, і ўзяты пад варту.

У кастрычніку 2021 года Міхаіл Саакашвілі, калі знаходзіўся ў турме, абвясціў галадоўку, якую трымаў 50 дзён і спыніў толькі пасля пераводу ў ваенны шпіталь у Горы для рэабілітацыі. Аднак па вяртанні ў турму 21 лютага палітык зноў абвясціў галадоўку, якая доўжылася 20 дзён. 12 траўня ў сувязі з пагаршэннем здароўя ён быў пераведзены з турмы ў прыватную клініку ў прыгарадзе Тбілісі, дзе ўтрымліваецца ў асобнай палаце пад вартай. У Тбілісі адбыліся некалькі акцый пратэсту з патрабаваннем вызвалення Міхаіла Саакашвілі.

У канцы 2022 года таксама паведамлялася, што ў Саакашвілі выявілі цяжкія металы ў аналізах, пагаршэнне стану яго здароўя можа быць звязана з атручваннем.


На заўтра, 1 лютага, прызначана чарговае пасяджэнне суда па хадайніцтве аб адтэрміноўцы пакарання і вызваленні Саакашвілі.

Як пісаў «НЧ», уступленне Грузіі ў ЕС наўпрост звязана са справай былога прэзідэнта краіны Міхаіла Саакашвілі. У прыватнасці, Еўрапарламент не падтрымае ўступленне Грузіі ў блок, калі палітык памрэ ў турме. Пра гэта заявіў месяц таму польскі дэпутат Еўрапарламента Яцэк Сарыюш-Вольскі.