«Гэта Міша зрабіў». Досвед рэформаў Грузіі

Калі кажуць, што рэформы ў Беларусі будуць «балючымі», заўсёды варта ўлічваць вопыт іншых краін. Так, гэтыя рэформы могуць быць балючымі — але яны неабходныя. І, мабыць, адзін з самых красамоўных прыкладаў — Грузія. Прыклад таго, як менш чым за 10 гадоў краіну можна выцягнуць літаральна з руін.

ciqij7zuwaad8va.jfif

25 студзеня 2008 года, 15 гадоў таму, Міхаіл Саакашвілі ў другі раз заняў пасаду прэзідэнта Грузіі. Цяпер краіна прымае да сябе беларусаў, украінцаў і рускіх, і многія параўноўваюць яе з краінамі Захаду. Часам гэта параўнанне не на карысць Грузіі, але ніхто не адмаўляе, што Грузія — краіна, прыдатная для жыцця, з дэмакратыяй і свабодай слова.

Але мала хто ўспамінае, якой была Грузія да Саакашвілі і «рэвалюцыі ружаў». Таму што тады фактычна гэта была толькі назва. Краіна была падзелена на гэткія «феадальныя княствы», баль у якіх спраўлялі мясцовыя «князькі», якія проста не падпарадкоўваліся цэнтру. У Аджарыі не было святла і цяпла, мясцовы кіраўнік Аслан Абашыдзэ ўсталяваў з Грузіяй нават нефармальную мяжу. У Абхазіі, у Кадорскай цясніне, кіраўнікі адкрытым тэкстам казалі, што не падпарадкоўваюцца цэнтральнаму ўраду Грузіі.

— Грузія была падзелена не тое што на княствы — гэта былі раёны і рэгіёны, якія кіраваліся злачыннымі групоўкамі і «злодзеямі ў законе», — распавядае журналіст, публіцыст і пісьменнік Алег Панфілаў.Грамадзяне ішлі скардзіцца на свае праблемы не ў пракуратуру і паліцыю, не ў органы ўлады, а да «злодзеяў у законе», якія кантралявалі кожны раён, кожны квартал. Гэта была настолькі крымінальная краіна, што людзей расстрэльвалі ў падземных пераходах і на вуліцы сярод белага дня.

Першы раз я ў Грузію трапіў яшчэ ў часы Шэварнадзэ, у 2002 годзе. Я добра памятаю той кавардак, які быў да Саакашвілі. Тады я неяк ехаў з Баржомі ў Тбілісі на машыне гадзін сем (настолькі дрэнныя былі дарогі) — цяпер гэтая дарога займае гадзіну з невялікім. Адсутнічалі элементарныя камунальныя выгоды, перыядычна адключалася электрычнасць…

Таму не дзіўна, што на першых прэзідэнцкіх выбарах у 2004 годзе Саакашвілі перамог з «туркменскім» вынікам, набраўшы 95% галасоў насельніцтва. Людзям надакучыла сітуацыя бязмежжа.

Многія таксама забываюць пра тое, што Шэварнадзэ быў на чале Грузіі 24 гады: пачынаючы з першага сакратара ЦК яшчэ ў савецкі час, і пасля, здзейсніўшы дзяржаўны пераварот. Так што сістэма да Саакашвілі была сістэмай Шэварнадзэ, ён яе ствараў.

eca476aaaada4b889fe361575c2f60d6.jpg

Як перамагчы злачыннасць і карупцыю?

Саакашвілі дасталася няпростая спадчына. І такімі ж няпростымі былі рэформы, якія ён пачаў праводзіць. Але гэтыя рэформы — пасля праўлення Шэварнадзэ — былі вельмі папулярнымі, таму што ў першую чаргу былі зразумелымі насельніцтву.

— Па-першае, грамадства ведала, што, абіраючы Саакашвілі, яно абірае рэформы — ён пра гэта казаў. Па-другое, ужо ў той час Міхаіл сабраў каманду сваіх аднадумцаў. Калі ён перамог на выбарах, рэформы пачаліся адразу ж. Рэформа паліцыі была прыдумана Гіяй Барамідзэ, які стаў пасля першым міністрам МУС, потым міністрам абароны, потым — міністрам еўраінтэграцыі, — распавядае Алег Панфілаў. — Гэта была каманда людзей, якія атрымалі добрую заходнюю адукацыю, і ў гэтай камандзе былі прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый. Гэта вельмі важна — менавіта НДА добра разумеюць, чым жыве насельніцтва.

Перамены былі пачаты менавіта з таго, пра што больш за ўсё марыла насельніцтва — з рэформы МУС: адміністраванне — некаторыя міністэрствы былі скарочаны ў некалькі разоў, барацьба з карупцыяй — была выбудавана сістэма, пры якой стала немагчыма даваць хабар. Пачалася рэформа адукацыі: як у мінулым прафесар Універсітэта Іліі я скажу, што гэта сістэма пазбаўляе нават думкі аб тым, каб атрымаць ці даць хабар.

Потым пачалі будаваць Дамы юстыцыі, пачалася рэформа сістэмы аховы здароўя… Людзі якраз марылі пра гэта — і менавіта гэтыя рэформы пачаліся.

Саакашвілі рэфармаваў эканоміку праз скарачэнне бюракратычных затрымак, якія ўскладнялі вядзенне бізнесу, прыцягненне замежных інвестыцый, спрашчэнне падатковага кодэкса, прыватызацыйную кампанію і вырашэнне праблемы ўхілення ад выплаты падаткаў. Дзякуючы стварэнню дзеючай падатковай і мытнай інфраструктуры дзяржаўны бюджэт за тры гады павялічыўся на 300%.

У выніку рэформаў узровень карупцыі ў краіне рэзка скараціўся, а дзелавое асяроддзе значна палепшылася. Грузія рэзка паднялася ў індэксе ўспрымання карупцыі «Transparency International» — са 133-га месца ў 2004 годзе да 67-га ў 2008 годзе і да 51-га ў 2012 годзе, абышоўшы некалькі краін ЕС. Сусветны банк назваў Грузію вядучым эканамічным рэфарматарам у свеце, яна займала 8-е месца з пункту гледжання лёгкасці вядзення бізнесу, у той час як большасць яе суседзяў знаходзілася ў другой сотні.

У 2009 годзе Саакашвілі прадставіў Закон аб эканамічнай свабодзе Грузіі, які быў прыняты парламентам у 2011-м. Гэты закон абмяжоўваў магчымасці дзяржавы ўмешвацца ў эканоміку. Ён таксама наўпрост забараніў ураду змяняць падаткі без правядзення ўсенароднага рэферэндуму па іх стаўках і структуры!

У выніку эканамічных рэформаў урада Саакашвілі эканоміка Грузіі вырасла за 10 гадоў на 70% у перыяд з 2003 па 2013 год, а даход на душу насельніцтва прыкладна патроіўся.

e5651b71_c04a_47a0_8b57_6fab4b3847f6_cx0_cy8_cw0_w1200_r1.jpg

Сабраць краіну з аскепкаў

Пры гэтым Саакашвілі даволі жорстка збіраў Грузію ў адзінае цэлае. У некаторых выпадках (як, напрыклад, у Кадорскай цясніне) нават праводзіліся вайсковыя аперацыі. Аднак Алег Панфілаў кажа, што ў гэтым сэнсе не разумее слова «жорстка».

— Было такое ўтварэнне, як Аджарская аўтаномія, на чале з мясцовым царком Асланам Абашыдзэ, які практычна не падпарадкоўваўся Тбілісі. Ён атрымліваў велізарныя даходы ад мытні і ўсё пакідаў сабе. Ён фактычна акружыў сваю тэрыторыю мяжой, і без яго дазволу ўехаць на тэрыторыю Аджарыі было немагчыма.

Ён вельмі баяўся збору людзей, былі зачынены тэатры і стадыёны. Была жорсткая сістэма кантролю — гэта была дыктатура тыпова афрыканскага кшталту. І, зразумела, каб стварыць новую краіну, трэба было правесці рэвалюцыю ў Аджарыі. Рэвалюцыя была паспяховай, большасць людзей падтрымалі яе.

Варта адзначыць, што пры Абашыдзэ ў Аджарыі, фактычна на мяжы з Турцыяй, стаялі расійскія ваенныя базы. Пасля зрынання Абашыдзэ ўрад Грузіі запатрабаваў вываду расійскіх войскаў з гарадоў Ахалкалакі і Батумі. 31 сакавіка 2006 года ў Сочы былі падпісаны расійска-грузінскія пагадненні аб вывадзе расійскіх баз да канца 2008 года.

— Калі казаць пра жорсткасць, то самыя жорсткія меры былі прыменены ў дачыненні да «злодзеяў у законе», якія кантралявалі ўсю краіну да з'яўлення Саакашвілі, — працягвае Панфілаў. — Быў прыняты закон, які караў за дачыненне да арганізаванага злачыннага свету. Як мадэль былі ўзятыя італьянскі і амерыканскі законы аб барацьбе з мафіяй, і быў прыняты адпаведны грузінскі закон. Па зладзейскіх паняццях «злодзей у законе» не мае права адмаўляць, што ён «злодзей у законе». Калі яго затрымлівалі і  пыталіся «Ты злодзей у законе?», нн адказваў «Так, я злодзей у законе». Яго адводзілі ў суд і давалі тэрмін. Пасля таго, як гэты тэрмін заканчваўся, ён выходзіў з турмы. Пры выхадзе яго зноў пыталіся: «Ты злодзей у законе?» — «Так, я злодзей у законе» — і яго зноў у суд…

Так быў знішчаны інстытут «злодзеяў у законе» ў Грузіі. Вялікая іх частка або сядзіць у турмах да гэтага часу, або разбеглася па постсавецкай прасторы і Еўропе.

Пратэсты ці пераварот?

Зразумела, рэформы ў Грузіі былі няпростымі і шмат каму не падабаліся. Цяпер багата разважаюць, што ўжо напрыканцы першай кадэнцыі Саакашвілі праходзілі мітынгі пратэсту супраць яго палітыкі.

7 лістапада 2007 года грузінскі спецназ двойчы жорстка разганяў дэманстрантаў, ужыўшы слёзацечны газ, вадамёты, гумовыя кулі і дубінкі. Пры разгоне пацярпелі больш за 500 чалавек. Улады сілай спынілі вяшчанне ўсіх апазіцыйных СМІ, у тым ліку тэлеканалаў «Імедзі», «Каўкасія» і праўрадавай (!) тэлекампаніі «Руставі-2».

Саакашвілі выступіў з тэлезваротам, у якім распавёў пра даныя разведвальных службаў, якія паведамлялі аб магчымых беспарадках увосень 2007-га і пра планы звяржэння ўрада да канца года. МУС Грузіі выступіла са сцвярджэннем, што апазіцыя каардынуе свае дзеянні з Расіяй. Ноччу 8 лістапада 2007 года Саакашвілі падпісаў указ аб увядзенні ў Грузіі надзвычайнага становішча тэрмінам на 15 дзён «у сувязі са спробай дзяржаўнага перавароту».

— Калі лічыць спробы прарасійскіх пераваротаў, то так, з імі жорстка абыходзіліся, — кажа Алег Панфілаў. — У тым ліку і ў дачыненні да бізнесоўца Бадры Патаркацышвілі, які ў лістападзе 2007 года паспрабаваў правесці дзяржаўны пераварот. Так, гэты пераварот быў падаўлены. Здаецца, няма нмводнага прэзідэнта, які не душыў бы спробы дзяржаўнага перавароту.

Паколькі пра гэта шмат пісала руская прапаганда, то ў свядомасці многіх людзей Саакашвілі ператварыўся ў аўтарытарнага кіраўніка. Але тады ўжо, можа, варта параўноўваць сітуацыю Саакашвілі і Пуціна з Чачэніяй?

У Чачні было падаўленне людзей, якія імкнуліся да свабоды, а ў Грузіі гэта быў прарасійскі пераварот на чале менавіта з расійскім алігархам Бадры Патаркацышвілі — між іншым, уладальнікам расійскага Першага канала (Патаркацышвілі ў свой час быў намеснікам генеральнага дырэктара ЗАТ «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ОРТ) і дырэктарам ОРТ па камерцыі і фінансах, выканаўчым дырэктарам ОРТ, генеральным дырэктарам расійскага «ТБ-6». У Грузіі яму належаў тэлеканал «Імедзі» — Рэд.)

maxresdefault__2__1.jpg

Другія выбары — датэрміновыя

Але і ў гэтай сітуацыі Саакашвілі вырашыў «не трымацца за ўладу ссінелымі пальцамі». Нягледзячы на звесткі аб спробах дзяржаўнага перавароту, аб інспіраванні беспарадкаў і пратэставых мітынгаў, ён вырашыў датэрмінова пакінуць сваю пасаду, калі з гэтым пагодзяцца грузіны.

— Трэба згадаць акалічнасць, што другія прэзідэнцкія выбары былі пазачарговымі. Па Канстытуцыі выбары павінны былі прайсці ўвосень 2008 года. Але, пасля падаўлення спробы перавароту восенню 2007 года, з'явілася шмат крытыкі дзеянняў Саакашвілі. Не толькі ўнутры Грузіі — Масква проста зыходзілася ад злосці. І тады Саакашвілі сказаў: «Калі я вам не падабаюся, давайце правядзём выбары, і хай народ вызначаецца».

Таму новыя выбары былі прызначаны амаль за год да заканчэння яго паўнамоцтваў, да тэрміну новых выбараў, і яны прайшлі 5 студзеня 2008 года.

— Але адначасова з гэтымі, другімі, выбарамі была яшчэ адна вельмі важная падзея, — зазначае Алег Панфілаў. — Праводзіўся рэферэндум адносна жадання насельніцтва Грузіі аб інтэграцыі ў NATO і ЕС. І гэта стала ўдарам пад дых для Пуціна. Калі Саакашвілі перамог на выбарах з 53% галасоў, то за інтэграцыю ў NATO прагаласавала больш як 70% насельніцтва!

Другая перамога, вядома, адкрыла яшчэ большы шлях для рэформаў, але Пуцін ужо з гэтым змірыцца не мог, і праз паўгода пачалася вайна. Для Пуціна дэмакратычны працэс у Грузіі аказаўся зусім непрымальны, і таму ён вырашыў зрабіць так, як рабіў заўсёды.

Але з пачаткам вайны, з першых яе гадзін, па-першае, уся палітычная апазіцыя, якая штосекундна лаяла Саакашвілі, заявіла, што на час ваенных дзеянняў Саакашвілі яны чапаць не будуць. Па-другое, падчас вайны я знаходзіўся ў Тбілісі, я не бачыў нейкай панікі ці ўпадніцкіх настрояў.

Па-трэцяе, пачалася кампанія міжнароднай падтрымкі. У Грузію прыляцеў сенатар Байдэн, які паабяцаў падтрымку і за некалькі дзён сабраў мільярд долараў для аднаўлення вайсковай структуры Грузіі — потым гэтая сума была павялічана ў некалькі разоў. Тады ж прыляталі Меркель, Эрдаган, многія вядучыя палітыкі свету. Свет нарэшце ўбачыў, што можа адбыцца, калі яны будуць маўчаць аб дзеяннях Пуціна.

Наступствы вайны надалі яшчэ большы імпульс для рэформаў. Пачалося будаўніцтва аўтабана Тбілісі — Батумі. Гэта дарога будуецца да сёння, але рэалізацыя не мае ніякага дачынення да дзяржаўнага бюджэту Грузіі. Гэта ўсё па грантах міжнародных арганізацый. Тады ж з'явіўся праект стварэння новага горада Лазіка, і пры ім — порта ў Анакліа, самага глыбакаводнага ў Чорным моры.

Было яшчэ шмат праектаў, якія падтрымлівалі міжнародныя арганізацыі. Грузія была Кландайкам для інвестараў. Інвестары давалі велізарныя грошы пад праекты, якая стварала каманда Саакашвілі.

Для параўнання: за дзесяць гадоў кіравання апазіцыйнай Саакашвілі «Грузінскай мары» ніякіх інвестыцый яны не атрымалі.

Для даведкі: праект порта ў Анакліа цяпер замарожаны, будаўніцтва там не вядзецца. Новы ўрад Грузіі адмовіўся даць інвестарам фінансавыя гарантыі на выпадак, калі порт не зможа выйсці на праектную магутнасць у запланаваныя тэрміны. У выніку будаўніцтва было спынена. Грузінская апазіцыя не раз заяўляла, што ўлады свядома сабатуюць будаўніцтва пад ціскам Расіі, якую не задавальняе новы порт у Грузіі.

Чаму на месца Саакашвілі прыйшлі яго апаненты?

Саакашвілі сышоў у 2013-м годзе, адбыўшы два прэзідэнцкія тэрміны. І, напэўна, няма ніводнай краіны, якая б за такі кароткі перыяд правяла столькі рэформаў. За гэты час Грузія фактычна была сабрана наноў — вядома, не лічачы акупаваных Расіяй тэрыторый Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Чаму ж у партыі Саакашвілі не атрымалася працягнуць яго курс?

— Па-першае, гэта звычайная сітуацыя ў палітыцы. Па-другое, гэта была, мякка кажучы, палітычная гульня, — лічыць Алег Панфілаў. — «Грузінская мара» — гэта не палітычная партыя. Гэта зборышча з былых камуністаў, прыхільнікаў Шэварнадзэ і іх дзяцей. Ні адзін паліттэхнолаг не скажа вам, што палітычны блок, створаны за 11 месяцаў да выбараў, здольны выйграць парламенцкія выбары. Я думаю, што тут ролю адыграла перасцярога чарговай расійскай агрэсіі.

Па словах Алега Панфілава, у Саакашвілі «не дайшлі рукі» да адной рэформы — рэформы судовай сістэмы. Цяпер менавіта адсутнасць судовай рэформы з'яўляецца, па-першае, прычынай таго, што Грузіі адмаўляюць у праве стаць прэтэндэнтам на далучэнне да ЕС, а па-другое, што судзяць самога Саакашвілі. Прычым, як лічыць Алег Панфілаў, працэс над Саакашвілі з'яўляецца відавочна палітычным.

Тым не менш, Грузія працягвае быць адзінай і дэмакратычнай краінай, нягледзячы на тое, што, па словах Панфілава, у яе цяпер «ідыёцкі ўрад». Для таго, каб зразумець, наколькі Грузія дэмакратычная, Алег Панфілаў прывёў адну лічбу. У Грузіі на прыкладна тры мільёны дарослага насельніцтва існуе каля 280 палітычных партый.

— 10 гадоў таму 99% грузінскіх таксістаў пракліналі Саакашвілі. Цяпер тыя ж 99% праклінаюць Іванішвілі. Гэта Грузія, — кажа Панфілаў.

1_76_1.jpg

«Гэта Міша зрабіў»

І сапраўды, у першае наведванне Грузіі таксіст, які вёз беларускіх журналістаў з аэрапорта, хваліў дарогу ад аэрапорта ў Тбілісі і казаў, што «гэта Міша зрабіў». Праязджаючы міма новага пешаходнага моста ў Тбілісі, міма Дома юстыцыі, міма рэканструяваных сквераў, ён казаў: «Гэта Міша зрабіў». Паказваючы на еўрапейскія дзіцячыя пляцоўкі ў дварах, з трэнажорамі і турнікамі, ён казаў: «Гэта Міша зрабіў».

У Батумі «Міша зрабіў» новую набярэжную. Дом юстыцыі, які нагадвае перакуленую бутэльку з-пад «Баржомі», што ператварыўся ў адзін з сімвалаў Батумі, таксама «Міша зрабіў».

q_o__vue.jpg

І грузінскую паліцыю, якую можна выкарыстоўваць як «цвярозага кіроўцу» (так, у Грузіі, калі вы перабралі, можна звярнуцца да паліцэйскага, і ён давязе вас на вашай машыне дахаты!) таксама «Міша зрабіў». І дарогу да перавалу Рыкоці, якая будзе злучаць Батумі і Тбілісі, таксама «Міша зрабіў». Прычым, зрабіў яе як з боку Тбілісі, так і з боку Батумі. Цяпер ідуць работы ўласна на перавале, і паўнавартасна запусціць яе мяркуецца ў 2024-м.

І нават самыя заўзятыя апаненты «Мішы» не змяншаюць важнасці таго, што «ён зрабіў».

А для Беларусі гэта прыклад, як можна ў адносна кароткі тэрмін рашучымі рэформамі выцягнуць краіну з такога дна, да якога Беларусь, варта спадзявацца, ніколі не ўпадзе. Усё ж краіну не падзеляць на «ўдзельныя княствы» і не будзе «нефармальнай мяжы» паміж, скажам, Гомельскай і Мінскай абласцямі…