Нюрнбергскі працэс ці Гаагскі трыбунал? Як будуць судзіць тых, хто распачаў вайну?
Якім судом будуць судзіць тых, хто развязаў агрэсіўную вайну? Аляксандр Фрыдман пра тое, якія рызыкі рашэнне еўрадэпутатаў нясе для афіцыйнага Мінска.
Еўрапарламент прагаласаваў за стварэнне міжнароднага крымінальнага трыбунала для расследавання ваенных злачынстваў рэжымаў Расіі і яе хаўруснікаў. Пры гэтым сам трыбунал не створаны. Якія рызыкі рашэнне еўрадэпутатаў нясе для афіцыйнага Мінска?
Карэспандэнт “СНплюс” пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Рэзалюцыя Еўрапарлмаента фіксуе настроі ў Еўропе
— Еўрапарламент бальшынёй галасоў прагаласаваў за стварэнне міжнароднага крымінальнага трыбунала для судовага пераследу палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Расіі і яе саюзнікаў. Як гэта мусяць прачытаць у Мінску?
— Там не стануць асабліва сур’ёзна ўспрымаць такі сігнал хаця б таму, што Еўрапаламент прымае супраць кіраўніцтва Беларусі не першую рэзалюцыю. А практычных крокаў па рэалізацыі менавіта гэтай ідэі пакуль няма — тое не справа Еўрапарламента.
Аднак рэзалюцыя фіксуе зрухі ў мысленні захада. На гэтым тыдні міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак наведала Гаагу, і там якраз ішла размова пра практычныя крокі, хоць толькі ў дачыненні да расійскіх уладаў. Мінск пакуль знаходзіцца ў цені Крамля. Беларуская дзяржаўная парпаганда вырашыла не звяртаць увагі на гучны дакумент. Магчыма, цягам тыдня сітуацыя і зменіцца, бо рэзалюцыя ўтрымлівае розныя дэкларацыі.
Я згадваю 2021 год, калі праходзіў чэмпіянат Еўропы па футболу, тады Еўрапарламент, паміж іншым, патрабаваў перадаць правы на трансляцыю матчаў Белсату, і хоць рэзалюцыя з 20-ці пунктаў выглядала прыгожа, але не прывяла да прававых наступстваў. Бо ўрады не абавязаныя выконваць агучанае дэпутатамі. Але такія дакументы паказваюць, якія настроі сёння пануюць у Еўропе, тым больш, паралельна робяцца і практычныя крокі.
Думаю, трыбунал з’явіцца незалежна ад вынікаў вайны.
Суд над ваеннымі злачынцамі — не ўнутраная справа Украіны
— Пакуль разглядаюцца самыя розныя варыянты.
Так, міністр юстыцыі Нямеччаны Марка Бушман агучыў дзве магчымасці. Першая — стварэнне міжнароднага трыбунала, які мусіць праходзіць у нейтральнай краіне, ці можна задзейнічаць той жа Гаагскі трыбунал. Але важна, як падкрэслівае Бушман, каб суддзі прадстаўлялі розныя краіны, паколькі вайна і расійскія злачынствы маюць не толькі лакальнае ўкраінскае значэнне, але і міжнароднае.
І другі сцэнар — правядзенне трыбуналу ва Украіне. Гэта таксама мае сэнс: суд па месцы злачынстваў. Бушман не называў канкрэтны горад, але з ягоных разваг можна зразумець, што гэта мог быць Марыўпаль. Трыбунал у Марыўпалі выглядаў бы цалкам справядлівым. Але Бушман падкрэслівае, што суд над злачынцамі не павінен стаць выключна ўкраінскай справай. Бо калі гэта будзе цалкам украінская гісторыя — судовы працэс ва Украіне па ўкраінскіх законах з украінскімі судзямі, то адразу паўстане пытанне, ці справядлівы ён.
Калі выбіраць паміж Нюрбергскім працэсам над нацысцкімі злачынцамі пасля Другой сусветнай вайны і Гаагскім трыбуналам па былой Югаславіі, то Бушман прапануе хутчэй югаслаўскі варыянт, не нацыстскі. Нагадаю: у Нюрнбергу раней праходзілі партыйныя з’езды нацыянал-сацыялістаў, там апладзіравалі Гітлеру, і там судзілі нацыстаў прадстаўнікі толькі тых краінаў, якія перамаглі ў вайне. Вось і спрачаюцца, наколькі для падсудных, таго ж Герынга, працэс быў справядлівы, і ці можна ўвогуле варта разважаць пра справядлівы працэс пасля здзейненых злачынстваў.
А трыбунал па былой Югаславіі праходзіў у Гаазе, ён быў структурай ААН, і працэс вялі суддзі з розных краінаў. Так што Бушману хутчэй падабаецца гэты варыянт.
Справа Алейніка — адмываць рэжым на Захадзе
— Сімвалічнае супадзенне: Еўрапаламент прымае рэзалюцыю па міжнародным трыбунале, адначасова Лукашэнка і Лаўроў абмяркоўваюць вайну ва Украіне. Але што дзіўна: міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка папрасілі сысці, каб “пагаварыць тэт-а-тэт па некаторых пытаннях”. Якія сакрэты маглі абмяркоўваць Лукашэнка з Лаўровым, не прызначаныя нават для “чужых” вушэй?
— Я б увогуле адзначыў досыць прыніжальнае і зневажальнае стаўленне да Алейніка. На відэа бачна, што ідуць перамовы паміж Лукашэнкам і Лаўровым, якія сядзяць насупраць адзін другога. А збоку знаходзіцца Алейнік, ужо тое, як ён па чарзе глядзіць то на аднаго, то на другога досыць прыніжальна — ягоны статус нічым не адрозніваецца ад статуса Лаўрова. А тут Алейнік выстаўлены як чыста дапаможная фігура.
Чаму Алейнік мусіў сысці? На ўзроўні спекуляцый дазволю выказаць свае здагадкі.
Пытанне яшчэ і ў тым, навошта Алейнік спатрэбіўся Лукашэнку, чаму яго прызначылі міністрам? Макей быў персонай іншага фармату і меў іншае значэнне, але калі б на месцы Алейніка аказаўся Макей, думаю, і яго таксама адаслалі б.
Алейнік патрэбны для кантактаў з Захадам, у яго няма іншых функцый. Па-першае, ён добра разумее Захад, бо працаваў галоўным чынам там, а па-другое, мае там кантакты. Мэта Алейніка — адмываць рэжым і спрабаваць неяк дамовіцца з Захадам — праз Венгрыю, праз Ватыкан.
Лаўроў гаварыў пераважна пра вайну, магчыма, перадаваў нейкае пасланне ад Пуціна — усё гэтае, з пункту гледжання Лукашэнкі і, відаць, Лаўрова, Алейніка ніяк не датычыць. Задача апошняга — працаваць на заходнім напрамку, а ўсё, што тычыцца вайны ці прынцыповых рашэнняў, так ці інакш звязаных з вайной, — у гэтай сферы ён статыст.
Ці сведчыць гэта, што Алейніку не давяраюць? Я б таксама не выключаў, бо біяграфія Алейніка па сённяшніх лукашэнкаўскіх часах спрэчная: чалавек столькі гадоў правёў на Захадзе, чалавек, у якога відавочна ёсць кантакты на Захадзе, чалавек, арыентаваны на Захад. Калі Алейнік пачынае выкарыстоўваць сённяшнюю прапагандысцкую мову з “калектыўным Захадам” і таму падобным (ужо Макею гэта давалася з цяжкасцю, было бачна, што гэта абсалютна штучна і не пасуе да яго), то ў яго гэта больш камічна і нетыпова выглядае. Алейнік, відаць, найлепшы з кадраў для перамоваў з Захадам, бо астатнія (у тым ліку і прэтэндэнты, штоўзгадваліся як кандыдаты на пасаду міністра), для кантактаў з Зхаадам выглядаюць яшчэ горш. Таму Лукашэнка і прызначыў Алейніка, але сур’ёзнага даверу да яго, мабыць, і няма. Гэта не той чалавек, якому сёння Лукашэнка схільны давяраць, — у ім занадта многа “заходняга”. А ў часы вайны, калі паўсюль дамінуе канспіралогія, такі чалавек патэнцыйна небяспечны. Таму, напэўна, дадатковыя вушы на гэтай сустрэчы і былі непатрэбныя.
Публічны сігнал да Кіева
— Лукашэнку прыемна здзівіла, што Украіна “на правакацыі супраць Беларусі не ідзе”. Калі накласці лукашэнкава здзіўленне на неўключэнне Беларусі ў новы санкцыйны спіс Еўрасаюза, то можна дапусціць, што паміж Мінскам і Кіевам ідуць таемныя перамовы. Ці магчыма гэта?
— Такія высновы можна зрабіць.
Але я б звярнуў увагу, што Лукашэнка сказаў гэта на высокіх перамовах. За тыдзень у яго былі такія вялікія магчымасці выказацца, але зрабіў гэта толькі зараз. Зрабіў на камеру, дакладна ведаючы, што гэта пабачаць і пачуюць. Гэта мэсэдж да Кіева, зроблены публічна і менавіта падчас сустрэчы з Лаўровым, якому намёкі яўна не спадабаліся: напярэдадні ён заявіў, што ніякіх перамоў з Зяленскім не будзе.
Я б не разглядаў ягоныя словы як пасланне Захаду, хіба што вельмі-вельмі ўскоснае; яны сведчаць пра тое, што прамой камунікацыі паміж Мінскам і Кіевам хутчэй няма. Таму Лукашэнка вымушаны абменьвацца публічнымі мэсэджамі, і, напэўна, спадзяецца, што ў Кіеве яго разумеюць. А пасланне такое: Лоукашэнка не хоча ўступаць у вайну, таму Кіеву не трэба чапаць яго і не трэба рабіць рэзкіх рухаў. Бо калі зачэпяць, напрыклад, нанясуць удар па беларускай тэрыторыі ці нешта іншае, — тады пачнуцца непрыемнасці.
Адначасова афіцыйная прапаганда штодзень раскручвае тэму “ўкраінскіх правакацый”. Ужо на гэтым тыдні беларускае тэлебачанне правяло кампанію супраць украінскага пасла Ігара Кізіма, абвінаваціўшы яго ў вярбоўцы “наёмнікаў” на вайну. А гісторыю з падзеннем нібыта ўкраінскай ракеты на беларускай тэрыторыі ўвогуле больш не згадваюць, дый сам Лукашэнка, калі я нічога не прапусціў, увогуле пра яе ні слова не сказаў.
Пры сённяшняй камунікацыі і ролі СМІ, калі заўсёды на паверхню выплываюць інсайды, шмат чаго захаваць фактычна немагчыма. Калі б сапраўды вяліся таемныя перамовы на ўзроўні Лукашэнкі і Зяленскага, альбо Хрэніна і Рэзнікава, то пра іх мы абавязкова даведаліся б з украінскай прэсы. Ёсць рэчы больш цікавыя і праблемныя для Украіны, пра якія мы ўжо чыталі. А ўкіды расійскіх тэлеграм-каналаў пра рэгулярныя размовы Лукашэнкі з Парашэнкам выглядаюць несур’ёзнымі: няма ніякіх пацверджанняў, што ідзе якая-ніякая прамая камунікацыя паміж Мінскам і Кіевам. Хутчэй за ўсё, уся камунікацыя зводзіцца да публічнага абмену сігналамі.