«Супярэчлівае пытанне». Ці трэба высылаць паслоў РФ з ЕС?

Палітолаг Андрэй Казакевіч — пра тое, які сэнс і якая шкода ад высылкі расійскіх паслоў з Еўрасаюза. Ці закране працэс беларускія амбасады?

_ekanomika___horad___lancuh____zamok__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg

Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў краіны Еўрасаюза выслаць паслоў Расіі.

«Няма сэнсу захоўваць прысутнасць пасла, расейскага пасла, у якой-небудзь еўрапейскай сталіцы, — прыводзіць Delfi словы Габрыэлюса Ландсбергіса, — у большасці выпадкаў гэта ўжо не дыпламатыя, а інстытут прапаганды, які пакрывае ваенныя злачынствы і ў цэлым прасоўвае генацыдную павестку».

Днямі расійскага пасла выслала Эстонія (у адказ на высылку Крамлём эстонскага амбасадара), і, на знак салідарнасці з ёй, Латвія.


Чаго чакаць, калі эстафету падхопяць іншыя краіну Еўрасаюза — які плён гэта дасць, а якія працэсы, наадварот, ускладніць? І ці можа падобны трэнд на паніжэнне дыпламатычнага ўзроўню закрануць таксама беларускіх дыпламатаў?

Адказы на гэтыя пытанні «Филин» шукаў разам з доктарам палітычных навук, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

— Паніжэнне дыпламатычнага ўзроўню — гэта супярэчлівае пытанне, — зазначае эксперт. — Перш за ўсё, чаму высылаюць расійскіх дыпламатаў балтыйскія краіны — таму што яны бачаць рэальную пагрозу з боку Расеі, маючы на ўвазе ўплыў на рускамоўную меншасць — Russianspeaken minority (у тым ліку і сувязь з палітычнымі партыямі, рускамоўнымі медыя ў гэтых краінах).

Акрамя таго, гэтыя краіны маюць вялікі трафік тых людзей, якія з Расіі перасякаюць мяжу ў тым ці іншым кірунку. І існуе вялікая занепакоенасць, што расійская амбасада можа, па-першае, нейкім чынам маніпуляваць гэтымі працэсамі, па-другое, ажыццяўляць шпіёнскія і іншыя разведвальніцкія функцыі, і ў цэлым што шырокія стасункі з Расіяй пагражаюць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.

Таму крокі па высылцы дыпламатаў звязаныя менавіта з гэтым, а таксама з лініяй, скіраванай на тое, каб знізіць увогуле ўплыў і ўзровень стасункаў паміж дзвюма краінамі.

З другога пункту гледжання, заўважае эксперт, зніжэнне дыпламатычнага прадстаўніцтва будзе мець адмоўныя наступствы, звязаныя як з эканамічным супрацоўніцтвам (прынамсі ў тых кірунках і галінах, якія не патрапілі пад санкцыі), так і з магчымасцю дапамагаць грамадзянам абедзвюх дзяржаў, якія знаходзяцца па-за межамі роднай краіны.

— Да таго ж знікае магчымасць атрымліваць інфармацыю з першых рук, разумець пазіцыю супрацьлеглага боку і, адпаведна, выкарыстоўваць дыпламатычныя каналы для перадачы інфармацыі, — дадае Андрэй Казакевіч. — Таму, як мне падаецца, малаверагодна, што гэтаму ўзору паследуе вялікая колькасць краін Еўрапейскага саюза.

Магчыма, будзе працягвацца ўзаемнае скарачэнне штатаў амбасадаў — як мы помнім, гэта ўжо адбывалася з пачатку вайны ў розных краінах.

Але, на мой погляд, разрыў дыпламатычных стасункаў будзе ўсё ж такі контрпрадуктыўным для таго, каб мець наўпроставую сувязь з Расіяй як краінай, якая да гэтага часу адыгрывае важную ролю для многіх краін рэгіёну.

Для тых краін, для каго РФ не ўяўляе рэальнай пагрозы, напэўна, падобныя рашэнні прымацца не будуць.


Ці закране гэты працэс беларускія амбасады? Палітолаг лічыць, што не — і вось чаму.

— Усё, што тычыцца дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў ЕС, будзе мець асобны трэк, непасрэдна звязаны з паводзінамі беларускіх уладаў. Канешне, калі адбудзецца эскалацыя (калі, напрыклад, Беларусь далучыцца адкрыта да вайны, накіруе свае войскі на Данбас і тым больш ажыццявіць нейкае ўварванне ва Украіну), можна чакаць падобных крокаў, прынамсі, ад некаторых краін.

Але пры гэтым я зноў жа не лічу, што зараз думка ЕС разгортваецца ў тым накірунку, што згортванне дыпламатычных кантактаў нейкім чынам будзе спрыяць магчымасці ЕС уплываць на сітуацыю, звязаную з агрэсіўнай расейскай знешняй палітыкай.

Ва ўсякім разе, па тых дыскусіях, якія зараз вядуцца ў розных еўрапейскіх краінах, мне падаецца, што радыкальных крокаў усё ж чакаць не варта. Калі, паўторымся, не адбудзецца новай сур’ёзнай эскалацыі.


Паводле gazetaby.com