«Нават для такога майстра, як Лукашэнка, час скончыўся»

Міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс лічыць, што Украіна ўвойдзе ў Еўрапейскі саюз і NATO, украінская армія будзе адной з наймацнейшых армій у Еўропе, а Беларусь цяпер не з’яўляецца аўтаномнай краінай.

Міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс

Міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс


Латышскі міністр у інтэрв’ю тэлеканалу «Настоящее время» зрабіў некалькі заяў, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі.

— Вы сказалі, што сапраўды ведаеце, хто ваш супернік і хто вораг, згадваючы пры гэтым Расію. А Беларусь вы адносіце да такіх краін?

— Вельмі складанае пытанне, таму што паводле мілітарысцкіх прынцыпаў, ваенных прынцыпаў, мы не бачым сёння Беларусь як аўтаномную дзяржаву. Яна па ваенных прынцыпах кантралюецца Расіяй.

Вядома, пытанне Беларусі ў будучыні будзе адкрытае. Бо будучыня Беларусі залежыць ад таго, як Расія скончыць гэтую вайну. І я думаю, што ёсць вельмі вялікая магчымасць, што Беларусь зноў стане незалежнай і нават дэмакратычнай дзяржавай. Таму што грамадства Беларусі ў параўнанні з расійскім грамадствам не так празамбіравана: людзі не хочуць гэтай вайны, яны не ўхваляюць гэтую вайну супраць Украіны.

Я думаю, сам Лукашэнка ў сваім розуме і сэрцы таксама ў гэтым сумняваецца, але ён хоча выжыць неяк. І ў канкрэтнай сітуацыі ён знаходзіцца ў вельмі вузкім тунэлі, дзе, з аднаго боку, ён залежыць ад Пуціна вельмі моцна, а з другога боку, разумее, што ён павінен неяк усё ж такі ад яго адрознівацца. Гэта значыць, я не кінуў зусім яшчэ ўсе надзеі на светлую будучыню для Беларусі. Але гэта здарыцца не раней як пасля заканчэння гэтай вайны.


— Але вы дапускаеце, што гэтая светлая будучыня будзе пры Лукашэнку?

— Я думаю, што пасля вайны хтосьці іншы будзе ў Беларусі, не Лукашэнка. Пытанне: ці будзе той хтосьці нейкім феадалам, якога Масква там паставіць? Ці ён прыйдзе, скажам так, ад беларускага народа. Але час Лукашэнкі заканчваецца.

— Колькі ў яго засталося часу?

— Цяжка сказаць, таму што такія дыктатары ўсё ж вельмі жывучыя. І я мушу сказаць, што Лукашэнка быў добрым майстрам. Ён, у прынцыпе, пражыў вельмі доўга ў сваёй пазіцыі. І было вельмі цікава глядзець, як ён манеўраваў паміж Захадам, Усходам і ўсімі астатнімі сіламі. Але нават для такога майстра, як Лукашэнка, час скончыўся.